Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі: Нікуды Лукашэнка не ўцякае

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Лукашэнка адпраўляецца ў доўгатэрміновую камандзіроўку за мяжу. Наколькі і куды — невядома. Вядомы палітычны аглядальнік ацаніў, што адбываецца.

Палітычны аглядальнік агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі падзяліўся са Свабодай сваім меркаваньнем, што адбываецца з Аляксандрам Лукашэнкам і ці сапраўды ён так моцна напалоханы ўльтыматумам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, што сабраўся пакінуць краіну.

— Пакуль выглядае, што калі ў суботу завершыцца ўльтыматум Зяленскага, Лукашэнкі ня будзе ў краіне. У сацыяльных сетках распаўсюджваецца эўфарыя і кансьпіралёгія, што Лукашэнка ледзь не ўцякае ў краіны, бо спалохаўся.

— Сапраўды, такая эўфарыя ў часткі праціўнікаў рэжыму зьявілася ў сувязі з ад’ездам Лукашэнкі. І пасьля ўльтыматуму Зяленскага, што нібыта ўсё, правадыр рэжыму спалохаўся, уцякае, і там ледзь ня «Менск за тры дні» будзе, і гэтак далей. Я б параіў устрымацца ад гэтай эўфарыі.

Што тычыцца сустрэчы з Пуціным, дык Лукашэнка і раней некалькі разоў яе анансаваў. Тут цяжка ўявіць такую сытуацыю, што вось Зяленскі прыгразіў, і Лукашэнка пачаў прасіць Пуціна: «Прымі мяне, хоць дзесьці схавай на сваёй тэрыторыі».

Тое, што працяглая камандзіроўка, я дапускаю, што гэта не ў Маскве. Дарэчы, Пяскоў, прэс-сакратар Пуціна, пра гэта ўжо сказаў. Можа, зноў дзе-небудзь на Валааме будуць адмольваць грахі некалькі дзён. Натуральна, яны будуць весьці гаворку пра гэты ўльтыматум Зяленскага. Але тут ня трэба думаць, што ўзьняў рукі ўгору Лукашэнка.

Хаця, калі казаць па сутнасьці гэтага пытаньня, дык думаю, ён дасьць задні ход. Нешта зробіць з гэтымі рэтрансьлятарамі. А што тычыцца ягонага адлёту, то тут я б сказаў, як у той казцы пра Карлсана: «Ён паляцеў, але абяцаў вярнуцца». На жаль, для многіх.

— Атрымліваецца цікавая сытуацыя. Камандзір войска вылятае, пакідае краіну, калі дзяржава, якая ваюе, ставіць ёй ультыматум. Як гэта паўплывае на людзей, на баявы дух, сілы ў нейкай ступені? Як гэта могуць успрыняць?

— Ды людзі, праўду кажучы, забудуць празь дзень. Я думаю, што гэты адлёт сам па сабе не дадасьць сьмеласьці генэралам. Пагатоў, Лукашэнка ўжо ня так даўно на нейкай нарадзе сказаў, што калі вайна, мы ўсе сьмяротнікі. І, увага, зь ягоных вуснаў прагучала вось у тым самым інтэрвію Al Arabiya, што «Беларусь як на далоні».

Мы ня зможам, калі што, утрымаць фронт. То бок да яго дайшла праўда рэаліяў цяперашняга стану гэтай вайны. Гэта той рэдкі выпадак, калі Лукашэнка шчыра прызнае ўразьлівасьць Беларусі.

Я яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што Лукашэнка будзе вырашаць. І ён, перадусім, будзе з Пуціным дамаўляцца, што «лепей, Уладзімер Уладзімеравіч, нам трошкі адкруціць назад. Бо калі разаб’юць мае НПЗ без бэнзіну застанецца тваё войска».

Я думаю, што будзе зроблены нейкі кампрамісны ход, каб гэтая пагроза не ператварылася ў сапраўдную вайну.

Што адбылося?

23 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што найбліжэйшым часам адправіцца ў працяглую замежную паездку. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным, а той неўзабаве стаў даводзіць дзяржаўным каналам, што краіна кіруецца якасна, таму доўгі ад’езд Лукашэнкі за мяжу не паўплывае на стан спраў.

Лукашэнка таксама анансаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, на якой плянуецца абмеркаваць нявырашаныя пытаньні беларуска-расейскіх дачыненьняў. Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць пералік магчымых праблемных тэмаў.

Пра доўгую камандзіроўку за мяжу Лукашэнка сказаў за некалькі дзён да заканчэння тыднёвага ўльтыматуму, які выставіў Менску Кіеў. Украінскі прэзыдэнт Зяленскі патрабуе дэмантаваць рэтрансьлятары ў Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях, якія, паводле Кіева, выкарыстоўваюцца для падвышэньня дакладнасьці ўдараў расейскіх дронаў па Ўкраіне.

Сам Лукашэнка непасрэдна на ўльтыматум ніяк не адказаў, замест яго да насельніцтва зьвяртаўся кіраўнік Гомельскай вобласьці Іван Крупко. Сам Лукашэнка толькі паспрабаваў запэўніць людзей, што краіна мае «ўсё неабходнае», каб абараніцца «ад любога агрэсара», але ўголас пра ўльтыматум не сказаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG