У Расеі назвалі, каго лічаць вінаватымі ў інцыдэнце з аўтобусам, у якім ехалі дзеці зь Беларусі

Эвакуацыя дзяцей з Бранскай вобласьці, 18 чэрвеня 2026 году

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Расеі Сьвятлана Пятрэнка паведаміла, што сьледзтва высьветліла «датычных да тэрарыстычнай атакі на пасажырскі аўтобус у Бранскай вобласьці».

«Сьледзтва вызначыла датычнасьць да ўчыненьня гэтага злачынства камандуючага Сіламі бесьпілётных сыстэмаў Узброеных сілаў Украіны Робэрта Броўдзі і начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Алега Івашчанкі, якія забясьпечылі цэленавядзеньне і аддалі незаконны загад аб атацы цывільных транспартных сродкаў на расейскай тэрыторыі», — заявіла Сьвятлана Пятрэнка.

Паводле яе, беспасярэднімі выканаўцамі сталі вайсковец падразьдзелу бесьпілётных сыстэмаў «Хімэра» 105-га памежнага аддзелу Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Дзьмітро Ткачэнка, вайсковец памежнай камэндатуры хуткага рэагаваньня «Шквал» 7-га памежнага аддзелу Ігар Жукаў і вайсковец 73-га морскага цэнтра спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Украіны Ўладзіслаў Навум.

Расея абвясьціла іх міжнародны вышук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стан параненых пры атацы на аўтобус у Бранскай вобласьці палепшыўся

Што папярэднічала

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусаў у расейскі Геленджык цяпер будуць вазіць іншым маршрутам