Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан параненых пры атацы на аўтобус у Бранскай вобласьці палепшыўся

У шпіталі, ілюстрацыйнае фота
У шпіталі, ілюстрацыйнае фота

За станам пацыентаў працягваюць сачыць.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі паінфармавала пра стан пацярпелых у Бранскай вобласьці.

На 20 чэрвеня вядома:

  • дзеці ў РНПЦ дзіцячай хірургіі — стабільныя, са станоўчай дынамікай;
  • дзіця, праапэраванае 19 чэрвеня, — у рэанімацыі, стан задавальняючы;
  • дарослы пацыент пераведзены з рэанімацыі ў аддзяленьне, стан стабільны.

Усім пацярпелым аказваюць высокатэхналягічную мэдыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме, запэўнівае міністэрства. Сытуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя. Там таксама абяцаюць апублікаваць дадатковую інфармацыю пра стан пацярпелых.

Што адбылося?

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

Пазьней Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра тое, што пацярпелых перавязуць з Расеі на радзіму, пецярых дзяцей накіруюць у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар дзіцячай хірургіі, а дарослага — у Галоўны вайсковы мэдычны клінічны цэнтар № 432 Узброеных сіл Беларусі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG