Напрыклад, аўтобусы з Гомля цяпер будуць ехаць праз Магілёў, Смаленскую і Тульскую вобласьці Расеі, а затым працягваць шлях да месца прызначэння.
Як адзначае Наша Ніва, з прычыны зьмены маршруту дарога павялічыцца прыкладна на 100–150 кілямэтраў у адзін бок, або да 300 кілямэтраў у абодва бакі. Перавозчыкі адзначаюць, што такое рашэньне прынята дзеля павышэньня бясьпекі пасажыраў.
Чаму беларусы едуць адпачываць у Расею
Беларускі аўтобус, які трапіў пад удар, рухаўся блізка да мяжы з Украінай. Адлегласьць ад гэтай дарогі да мяжы складае ад 30 да 90 кілямэтраў на розных участках. Бранская вобласьць Расеі, а таксама Краснадарскі край, дзе знаходзіцца курортная зона, пэрыядычна трапляюць пад абстрэлы украінскіх БПЛА. Тым ня менш, існуе шмат прапаноў адпачыць у гэтым рэгіёне з выездам з Беларусі.
Па пошуку «адпачынак на моры ў Расеі, выезд з Беларусі» выдае больш за сотню варыянтаў з розным коштавым дыяпазонам. У асноўным, гэта аўтобусныя туры з выездам з Менску ці іншых буйных гарадоў у расейскія курортныя гарады Геленджык, Сочы, Анапа, Туапсэ. Усё гэта Краснадарскі край, які лічыцца галоўнай курортнай зонай Расеі. Марское ўзьбярэжжа тут цягнецца на 700 кілямэтраў уздоўж дзьвюх марэй: Чорнага і Азоўскага.
Для беларусаў гэта адносна бюджэтны варыянт адпачынку. 15 сутак у гатэлі без харчаваньня на другой лініі будзе каштаваць 1016 рублёў на аднаго ў двухмесным нумары. Кошт указаны ўключна з турыстычнай паслугай. Сюды ўжо уключаны праезд аўтобусам.
Лукашэнка: Ня едзьце ў Расею
Пасьля трагічнага здарэньня ў Бранскай вобласьці Лукашэнка даручыў забараніць паездкі за мяжу дзіцячых групаў безь дзяржаўнага нагляду і дазволу. Пра гэта ён заявіў, камэнтуючы праз содні трагічнае здарэньне з аўтобусам, у якім ехалі беларускія юныя футбалісты з Рэчыцы.
У здарэньні, імаверна, пры ўдары бесьпілётніка загінула жанчына з суправаджэньня групы, якая была жонкай трэнэра рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартовай школы. Яшчэ 8 чалавек былі параненыя, адзін зь юнакоў паранены цяжка.
«Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу зь дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі безь дзяржаўнага на тое нагляду і дазволу», — прыводзіць словы Лукашэнкі БелТА.
У чым небясьпека дарогі і адпачынку ў Краснадарскім краі
Самы кароткі шлях у расейскія курортныя гарады з Менску ляжыць праз Украіну, але гэтая дарога недасяжная з пачаткам вайны. Яшчэ адзін адносна кароткі шлях ідзе праз Гомель, Бранск, Варонеж, Растоў-на-Доне, Краснадар. Гэтая траса якраз знаходзіцца ў непасрэднай блізасьці да мяжы з Украінай, тут рэгулярна фіксуюцца прылёты дронаў і трапленьні БПЛА у аб’екты інфраструктуры і нават аўтамабілі. Напрыклад, 31 траўня гэтага году адміністрацыя Бранскай вобласьці паведамілі пра трапленьне БПЛА у машыну ў Суземскім раёне, у яе выніку, па словах расейскіх чыноўнікаў былі параненыя двое мужчын. Гэты раён знаходзіцца ля самай мяжы з Украінай.
18 красавіка гэтага году расейскія чыноўнікі паведамілі пра гібель жанчыны ў Бранскай вобласьці ў выніку атакі БПЛА на аўтобус. Яшчэ адну пацярпелую даставілі ў лякарню. Гэта адбылося ў Клімаўскім раёне, які знаходзіцца непадалёк ад трасы на Бранск, калі ехаць з Беларусі.
З пачатку году расейскі бок рэгулярна паведамляў аб масіраваных украінскіх атаках на Бранскую вобласьць, Краснадарскі край, Крым і акваторыю Чорнага мора. Апошні раз такое паведамленьне было 17 чэрвеня.
Паведамлялася таксама і пра атакі на курортныя раёны Краснадарскага краю. Напрыклад, 6 красавіка паведамлялася, што ў выніку атакі былі пашкоджаныя дамы ў курортным Геленджыку.
Форум