Аляксандар Лукашэнка даручыў забараніць паездкі за мяжу дзіцячых групаў безь дзяржаўнага нагляду і дазволу. Пра гэта ён заявіў, камэнтуючы праз содні трагічнае здарэньне з аўтобусам, у якім ехалі беларускія юныя футбалісты з Рэчыцы.
У здарэньні, імаверна, пры ўдары бесьпілётніка загінула жанчына з суправаджэньня групы, якая была жонкай трэнэра рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартовай школы. Яшчэ 8 чалавек былі параненыя, адзін зь юнакоў паранены цяжка.
«Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу зь дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі безь дзяржаўнага на тое нагляду і дазволу», — прыводзіць словы Лукашэнкі БелТА.
У сувязі з тым, што адбылося, Лукашэнка зьвярнуў увагу на шэраг аспэктаў, згадаўшы аб мэце паездкі ў Геленджык групы беларускіх дзяцей.
«Хачу зьвярнуць увагу на сам факт: бацькі, а яны гэтага не адмаўляюць, якія арганізавалі гэтую паездку ці то на адпачынак, ці то для таго, каб трэнаваць людзей гуляць у футбол у Геленджыку. Слухайце, у нас што, не хапае зямлі для таго, каб у футбол гуляць?»
Як было дасюль?
Раней улады ня ўводзілі ніякіх забаронаў на паездкі дзяцей у суседнюю Расею, якая штодня зазнае ўкраінскіх удараў у адказ. Расейцы атакуюць ракетамі стратэгічныя аб’екты і жылыя дамы ва Ўкраіне, украінцы адказваюць ударамі па портах і нафтаперапрацоўчых заводах Расеі, падрываючы атакоўныя магчымасьці расейцаў.
Беларускія спартоўцы пасьля ўвядзеньня міжнародных санкцый за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне засталіся ў ізаляцыі. Апошнім часам абмежаваньні здымаюць, але спартовыя калектывы, у тым ліку юнацкія і дзявочыя, рэгулярна езьдзяць у Расею на трэнаваньні і спаборніцтвы. Да трагедыі на Браншчыне ўлады Беларусі не зьвярталі на гэта ніякай увагі і падобныя паездкі не кантралявалі.
Форум