440 вызваленых, 205 вывезеных. Што вядома праз год ад пачатку вызваленьняў і выправаджэньняў палітвязьняў

Палітвязьні пасьля вызваленьня на тэрыторыі амбасады ЗША ў Вільні. 11 верасьня 2025

Некаторыя з высланых за межы Беларусі былых палітвязьняў расказалі праваабарончаму цэнтру «Вясна», як прайшоў для іх год на волі, але ў выгнаньні.

Споўніўся год з пачатку масавых вызваленьняў беларускіх палітвязьняў у межах перамоваў паміж уладамі Беларусі і ЗША. 21 чэрвеня 2025 году зь беларускіх вязьніц былы вызваленыя і вывезеныя з Беларусі 14 чалавек, зь іх 6 беларусаў, у тым ліку лідэр ініцыятывы «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі, а таксама 8 іншаземцаў — двое грамадзян Японіі, трое — Польшчы, двое — Латвіі, а таксама грамадзяне Эстоніі, Швэцыі і ЗША.

З таго часу, паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», былі вызваленыя 440 палітвязьняў, паводле зьвестак Радыё Свабода — сама меней 447 грамадзян Беларусі і 31 грамадзянін Украіны. Для многіх беларускіх палітвязьняў вызваленьне стала не вяртаньнем дадому, а пачаткам жыцьця ў вымушанай эміграцыі і сутыкненьнем з новымі выклікамі. Паводле «Вясны», тых, каго прымусова выправадзілі зь Беларусі, ужо 205 чалавек.

Зь некаторымі зь іх праваабаронцы пагаварылі пра абставіны і перажытае пры дэпатрыяцыі, а таксама як ідзе фізычнае і маральнае аздараўленьне пасьля няволі ды працэс інтэграцыі.

«Мая „доўгая дарога дадому“ ня скончаная», — Марфа Рабкова

19 сакавіка валянтэрку «Вясны» Марфу Рабкову пасьля пяці з паловай гадоў зьняволеньня вызвалілі і вывезьлі ў Літву. Яна апынулася сярод 15 палітвязьняў, якіх пасьля памілаваньня вывезьлі за межы Беларусі. Агулам у той дзень былі памілаваныя 250 чалавек.

Марфа Рабкова прызнаецца, што навіна аб вывазе зь Беларусі стала для яе цяжкім выпрабаваньнем. За пяць з паловай гадоў зьняволеньня было ня так шмат момантаў, калі яна магла дазволіць сабе даць волю эмоцыям, кажа Марфа:

«У момант усьведамленьня таго, што мяне выправадзяць за межы Беларусі, я была вельмі злая і не спрабавала гэтага схаваць. Я рэдка магла паплакаць наўзрыд, але пасьля паведамленьня аб выправаджэньні эмоцыі ўзялі верх над розумам. Стаяла, глядзела ў вакно камэры, а сьлёзы буйнымі кроплямі падалі на падлогу. Я як быццам хавала блізкага чалавека», — згадала Марфа Рабкова.

Цяпер Марфа чакае дазволу на жыхарства ў Літве і праходзіць далейшыя працэдуры легалізацыі. Паводле яе, хоць літоўскія ўлады аказваюць падтрымку былым палітвязьням, яна, як і многія эмігранты, сутыкаецца з тыповымі цяжкасьцямі адаптацыі і легалізацыі.

З словаў Марфы, пасьля першых тыдняў эмацыйнага ўздыму яе псыхалягічны стан паступова стабілізаваўся. Яна адзначае, што даволі хутка вярнулася да звыклага рытму жыцьця і працы, а дапамога іншым людзям і праваабарончая дзейнасьць сталі для яе важнай часткай аднаўленьня.

«Гэта маё лекаваньне — разумець, што я на сваім месцы і па-ранейшаму магу дапамагаць людзям», — кажа пра дзейнасьць ў «Вясьне» Марфа Рабкова.

Сур’ёзных праблемаў са здароўем пасьля вызваленьня ў яе няма, хоць некаторыя пытаньні патрабуюць назіраньня лекараў. Падтрымліваць фізычную форму ёй дапамагаюць спорт і рэгулярная фізычная актыўнасьць.

Найбольшай цяжкасьцю пасьля вызваленьня Марфа называе моўны бар’ер, які дагэтуль стварае складанасьці ў штодзённым жыцьці і разьвязаньні бытавых пытаньняў.

Радасьць Марфе прыносяць зносіны з блізкімі і сябрамі, добрыя навіны, гісторыі з шчасьлівым канцом, як і магчымасьць праводзіць час на прыродзе.

Праваабаронца кажа, што не пакідае надзеі вярнуцца ў Беларусь, а расстаньне з радзімай не зацягнецца на доўгія гады.

«Мая „доўгая дарога дадому“ яшчэ ня скончана, і фінал адбудзецца толькі тады, калі пад маімі нагамі будзе беларуская зямля», — кажа Марфа Рыбкова калегам зь «Вясны».

Эміграцыя — дадатковы стрэс, — Акіхіра Гаеўскі-Ханада

Актывіст анархісцкага руху мянчук Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якому 26 гадоў, быў у групе палітвязьняў, якіх пры спрыяньні ўладаў ЗША год таму вызвалілі, але прымусова выправадзілі зь Беларусі. Мадады чалавек расказаў, што за гэты год на волі атрымаў легалізацыю ў Літве і ўладкаваўся на працу. Пошук працы заняў крыху больш часу, чым ён чакаў. Таксама былы палітвязень аднавіўся на вучобе ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (ЭГУ), што дазволіла яму адчуць большую стабільнасьць і больш упэўнена плянаваць будучыню.

Асобна Акіхіра падкрэсьліў, што эміграцыя — дадатковы моцны стрэс для былога палітвязьня.

«Гэта зусім іншая рэч. Нават для людзей, якія знаходзяцца ў эміграцыі ўжо тры-чатыры гады, гэта цяжкі досьвед. А тут чалавек з турмы — гэта падвойная цяжкасьць адаптацыі».

Паводле назіраньняў Акіхіра, некаторыя былыя палітвязьні губляюцца ў ініцыятывах і арганізацыях, якія аказваюць дапамогу.

«Чалавеку насамрэч цяжка разабрацца ўва ўсёй інфармацыі. Акрамя таго, многім нават цяжка прасіць дапамогі, і некаторыя ад яе адмаўляюцца. Таксама ведаю, што не зьбіраюцца мужчынскія групы псыхалягічнай дапамогі. Я разумею, што гэта пра стэрэатыпы», — кажа Акіхіра.

Былы палітвязень правёў за кратамі амаль пяць гадоў. Ён заўважае, што доўгае зьняволеньне ўплывае на давер да людзей, бо чалавек знаходзіўся ў небясьпечным асяродзьдзі.

«Таму гэта павялічвае дыстанцыю зь іншымі людзьмі. Пагатоў мужчыны знаходзіліся ў выключна мужчынскім асяродзьдзі, тады як у жанчын у калёніі былі і супрацоўнікі супрацьлеглага полу. Гэта таксама можа ўплываць на дыстанцыю», — падзяліўся назіраньнямі з праваабаронцамі «Вясны» Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

«У Беларусі засталося ўсё», — Натальля Малец

65-гадовая пэнсіянэрка зь Берасьця Натальля Малец выйшла з калёніі 13 сьнежня 2025 году — агулам тады былі памілаваныя 123 чалавекі. Але Натальля Малец і яшчэ 113 чалавек у той дзень не вярнуліся дадому, а былі выправаджаныя ва Ўкраіну. Празь некалькі дзён былых палітвязьняў вывезьлі з Украіны ў дзяржавы Эўразьвязу.

«У мяне дагэтуль няма адчуваньня, што мяне вызвалілі. Пашпарт прызнаны несапраўдным, пэнсію выплачваць спынілі. Таму гаворка не пра вызваленьне, а пра дэпартацыю», — сказала Натальля Малец вясноўцам.

З словаў Натальлі, першыя дні на волі яна была ў эўфарыі ад падтрымкі знаёмых і незнаёмых людзей. Ва Ўкраіне палітвязьняў адразу разьмясьцілі ў лякарні, дзе яны змаглі адпачыць пасьля дарогі і прайсьці мэдычнае абсьледаваньне.

«Лекары і мэдсёстры да нас паставіліся зь вялікай увагай. Забясьпечвалі нас чым толькі можна. Далі нам першую сувязь, каб мы з роднымі пагутарылі. Далі адразу пакеты зь неабходнымі рэчамі, тэлефоны. У адну з начэй мы тройчы былі ў бамбасховішчы праз сыгналы паветранай трывогі», — згадала былая палітзьняволеная дні, праведзеныя ва Ўкраіне адразу па вызваленьні.

Паводле Натальлі, па прыедзе ў Польшчу былых палітвязьняў таксама атачылі ўвагай і дапамогай.

«Нас так цудоўна сустрэлі, было столькі людзей і ўвагі! Нам далі вопратку і нават нейкія кішэнныя грошы. У Польшчы трэба было б ужо неяк выдыхнуць. Але зрабіць гэта мне дагэтуль не ўдаецца».

За паўгоду, што прамінулі ад вызваленьня, Натальля ўжо атрымала статус уцекача ў Польшчы. Жанчына падкрэсьлівае, што падтрымка былых палітвязьняў не абмежавалася першымі тыднямі пасьля вызваленьня. Розныя беларускія і міжнародныя фонды працягваюць дапамагаць ім дагэтуль, у тым ліку аказваць мэдычную і псыхалагічную дапамогу.

Але для Натальлі вельмі важна пабачыцца з роднымі і блізкімі, якія засталіся ў Беларусі, што, аднак, пакуль немагчыма.

«У Беларусі засталося ўсё маё звыклае жыцьцё: мае сябры, любімыя рэчы, адзеньне, фатаграфіі, посуд, біжутэрыя. Я ўжо ў тым узросьце, калі цяжка мяняць звычкі, шчыра кажучы. Тут я забясьпечыла сябе ўсімі бытавымі рэчамі, якія ў мяне былі дома. То бок я спрабую тут стварыць падобную хатнюю атмасфэру. Але з разуменьнем таго, што гэта, вядома, ня дом. Да звычайнага жыцьця я так і не вярнулася. Бо такое жыцьцё ў мяне засталося там», — кажа Натальля Малец.

Натальля не зьмірылася з тым, што ня можа вярнуцца дадому. Пры гэтым разуменьне таго, што ў Беларусі яе можа чакаць турма, дазваляе ёй у новым месцы ўладкоўваць побыт, выбудоўваць новае асяроддзе, шукаць магчымасьцяў падпрацоўкі.

Сапелка: «Гэта прымусовая дэпартацыя»

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка назваў практыку прымусовага выправаджэньня былых палітвязьняў з краіны новым злачынствам уладаў Беларусі супраць гэтых людзей.

«Практыка вызваленьня з турмы з адначасовай высылкай за мяжу — гэта ня што іншае, як прымусовая дэпартацыя, якая мае ўсе прыкметы злачынства паводле міжнароднага крымінальнага права. Людзей, часам не пытаючыся, паставілі перад выбарам: або далейшыя катаваньні ў калёніі або турме, або „свабода“ коштам страты сувязі з роднымі, роднай зямлёй, страты маёмасьці і шэрагу правоў. Вызвалены паводле закону Мікола Статкевіч за адмову пакінуць Беларусь быў пазбаўлены волі і ў далейшым вызваліўся, знаходзячыся на мяжы страты здароўя, калі не жыцьця. У цэлым гэта форма палітычнага выдушваньня нязгодных, якая парушае права чалавека на свабоднае жыхарства ў сваёй краіне.

З гледзішча міжнароднай адвакацыі гэта правальны ход улады, які завяршыў стварэньне агульнай карціны з правамі чалавека ў Беларусі, дадаўшы ў яе яскравы візуальны злачынны элемэнт, пахаваўшы ілюзіі лібэралізацыі для асьвечанага вонкавага сьвету. Улада спрабавала „прадаць“ гэтыя вызваленьні як жэст добрай волі, каб зьняць санкцыі ці аслабіць ізаляцыю. Але як праваабаронцы мы кажам выразна: вызваленьне палітвязьня не кампэнсуе факту яго незаконнага зьняволеньня, а прымусовае выгнаньне — гэта працяг ціску. Судзьдзі Міжнароднага крымінальнага суду з часам скажуць пра гэта больш падрабязна», — мяркуе юрыст «Вясны» Павал Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Паміж небам і зямлёй». Як жывуць былыя палітвязьні праз год пасьля першай вялікай хвалі вызваленьня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Коўл пра вызваленьні беларускіх палітвязьняў: «Іх будзе больш!»