Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Першы інфармацыйны» заявіў аб нежаданьні краіны ўмешвацца ў вайну ва Ўкраіне. Міністра цытуе агенцтва Інтэрфакс.
«Трэба глядзець на стратэгію, і стратэгію дакладна вызначыў наш прэзыдэнт: ваеннага сэнсу ўцягвацца нам у канфлікт (ці, як кажуць, хочуць нас уцягнуць) няма ад слова „зусім“. Вядома ж, мы назіраем за тым, што адбываецца», — сказаў Хрэнін.
Пры гэтым ён прызнаў наяўнасьць пэўнай ваеннай напругі і інфармацыйных правакацыяў.
«Напружаньне ёсьць. Ёсьць пэўныя правакацыі. У большай ступені яны, вядома, гучаць у інфармацыйным полі ў выглядзе розных пагрозаў і абяцаньняў нешта зрабіць», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«ПіК Свабоды». Што будзе, калі Лукашэнка ня выканае ўмовы Зяленскага?Паводле Хрэніна, Беларусь трымае пэўныя вайсковыя сілы на мяжы з Украінай, «але ў мінімальным аб’ёме — для таго, каб забясьпечыць прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы ва ўзаемадзеяньні з памежнікамі».
Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў 21 чэрвеня заявіў, што «Беларусь бачыць нарошчваньне антыбеларускай рыторыкі»:
«Мы ж бачым усё часьцейшыя кантакты ўкраінскага менавіта кіраўніцтва, а ня нейкіх грамадзкіх ці палітычных дзеячоў, з нашымі «зьбеглымі». Устанаўленьне зь імі нейкіх інструмэнтальных мэханізмаў супрацоўніцтва і падтрымкі. Мы бачым нарошчваньне антыбеларускай рыторыкі. І зразумела, што ўсё гэта не без спрыяньня ці не без падбухторваньня пэўных заходніх краін, якія нэгатыўна ставяцца да Рэспублікі Беларусь, — сказаў ён. — Можа, вы проста ня ўсё бачыце, але мы рэагуем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кансэнсус Ціханоўскай і Лукашэнкі, выбачэньні Зяленскаму і новая рыторыка Менску. Тыдзень з КарбалевічамУльтыматум Зяленскага Лукашэнку
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 чэрвеня абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне на працягу тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Ад пачатку падтрыманай уладамі Беларусі поўнамаштабнай вайны Расеі Лукашэнка ня раз абразьліва выказваўся на адрас Уладзміра Зяленскага, але сёлета ў траўні ён заявіў аб гатоўнасьці сустрэцца зь Зяленскім і нават дапусьціў свой прыезд ва Ўкраіну. Аднак украінскі бок адразу даў зразумець: ніякага запрашэньня ня будзе. І пасьля гэтага адбыўся візыт у Кіеў Сьвятланы Ціханоўскай.
26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць на прыкмеце паўтысячы беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.
У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёю».
15 чэрвеня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya тон Лукашэнка сказаў, што нібыта абмяркоўваў сытуацыю з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным і яны быццам прыйшлі да высновы, што ўваход Беларусі ў вайну прынясе больш шкоды, чым карысьці.
Лукашэнка таксама выбачыўся перад Зяленскім за ранейшыя рэзкія словы і чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, бо гэта «нікому ня выгадна».
Інцыдэнт зь беларускім аўтобусам на Браншчыне
17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.
Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна, ад аскепкаў снараду.
Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.
У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».
Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.
У справе аб здарэньні зь беларускім аўтобусам у Бранскай вобласьці апытаныя усе сьведкі, заявіў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.
«Усё роўна, чый гэта аўтобус — беларускі, расейскі або нейкай іншай дзяржавы. Гэта аўтобус зь мірнымі жыхарамі. Але той, хто зьдзейсьніў гэты ўдар, спрабаваў стварыць падставу для таго, каб сутыкнуць Беларусь з Украінай, справакаваць нейкую нядобрую сытуацыю», — сказаў Вальфовіч, якога цытуе БелТА.
Ён сказаў, што беларускія спэцслужбы і Сьледчы камітэт праводзяць расьследаваньне далей.
«Усе факты будуць прааналізаваныя. Ужо апытаныя ўсе сьведкі і тыя, хто быў у аўтобусе. Ёсьць ужо пэўныя, скажам так, моманты, аб якіх будзе даложана кіраўніку дзяржавы. Рашэньне будзе прынятае. Але ўцягнуць Беларусь у канфлікт ня ўдасца. Мы за мір, разважлівасьць, за разьвязаньне ўсіх пытаньняў дыпляматычным шляхам», — сказаў Аляксандар Вальфовіч.
Паводле Міністэрства здароўя Беларусі, на 21 чэрвеня чацьвёра пацярпелых на Браншчыне дзяцей, якія знаходзяцца ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, — у здавальняльным стане. Ім правялі неабходныя апэрацыі выдаленьні аскепкаў. Дзеці знаходзяцца ў палатах разам з бацькамі.
Дзіця, дастаўленае ў Беларусь у цяжкім стане на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, прыйшло ў прытомнасьць і дыхае самастойна.