Ціханоўскі паведаміў, што цяпер жыве ў Лос-Анджэлес, дзе вывучае ангельскую мову, рыхтуецца да паступленьня ва ўнівэрсытэт, працуе над кнігай і займаецца творчасьцю.
У сваім звароце былы палітвязень падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго пасьля вызваленьня, адзначыўшы, што адаптацыя да жыцьця на волі пасьля зьняволеньня застаецца няпростым выпрабаваньнем.
«Кожны новы дзень нагадвае мне, наколькі каштоўныя сям’я, свабода і магчымасьць гаварыць праўду», — адзначыў ён.
Асобна Ціханоўскі выказаў удзячнасьць амэрыканскім чыноўнікам і дыпляматам, якія ўдзельнічалі ў працэсе вызваленьня беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Джону Коўлу, Крыстафэру Сміту і Кіту Келагу.
Таксама ён зьвярнуўся да сваёй жонкі, Сьвятланы Ціханоўскай, падкрэсьліўшы яе ролю ў барацьбе за яго вызваленьне і за дэмакратычныя перамены ў Беларусі.
«Сьвятлана, я люблю цябе і ганаруся табой», — сказаў Ціханоўскі.
Напрыканцы ён пракамэнтааў палітычную сытуацыю:
«Палітыка дыктатара прывяла да таго, што Беларусь у гэтыя дні зноў балянсуе на мяжы вайны. Я малюся за тое, каб гэтага не адбылося».
Жыве Беларусь! Жыве вольна! — так Ціханоўскі завершыў свой відэазварот.
Хто такі Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцьця», былы палітвязень, муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая брала ўдзел у выбарах 2020 году.
Улады Беларусі пачалі яго перасьледаваць, калі ён у 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі супраць Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК Беларусі адмовіў Ціханоўскаму ў рэгістрацыі, а беларускія сілавікі неўзабаве затрымалі яго нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (беспарадкамі прызналі збор подпісаў у падтрымку Ціханоўскага).
У сьнежні 2021 году, пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў, Ціханоўскага пакаралі на 18 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «перашкодзе працы ЦВК», а таксама «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У турме ў Беларусі яго трымалі ў цяжкіх умовах бяз сувязі з сваякамі. Ягоную жонку, Сьвятлану Ціханоўскую, пасьля выбараў прымусілі зьехаць з краіны.
21 чэрвеня 2025 году Ціханоўскі быў вызвалены разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам. Яго, як і астатніх вызваленых палітвязьняў, выслалі зь Беларусі.