За тыдзень улады ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» больш за 40 рэсурсаў. Сярод іх — старонкі апазыцыйных палітыкаў, непраўладных пісьменьнікаў, незалежных журналістаў і СМІ, што для рэжыму ў Беларусі ўжо стала нормай.
Нечаканым навічком сьпісу стала старонка афіцыйнага Беларускага саюзу дызайнэраў ў Інстаграме. Экстрэмісцкай яе 18 чэрвеня абвясьціў суд Савецкага раёну Менску. Не адкрываецца і сайт саюзу, зарэгістраваны ў Беларусі.
Што папярэднічала
Напачатку году сілавікі ў Беларусі заняліся культурнай тэматыкай.
У лютым па Менску пракаціліся масавыя затрыманьні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг.
З часам затрыманых адпусьцілі, акрамя перакладчыка і кнігавыдаўца Зьмітра Коласа, якога абвінавацілі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, паведаміла «Наша Ніва».
3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі «кааліцыю друкарскіх выдавецтваў „Фонд Kamunikat.оrg“, „Lohvinau Publishing House“, „Andrei Yanushkevich Publishing“».
У красавіку «Тэхналёгіі» забаранілі распаўсюд кніг.
9 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс кампаніі ZROBIM architects і затрымалі ўсіх супрацоўнікаў, якія там былі, — каля паўсотні чалавек. Пазьней большасьць зь іх адпусьцілі, але 10 красавіка прыйшлі зноў затрымаць іншых. Заснавальнік кампаніі Андрэй Макоўскі, мяркуючы па актыўнасьці ў сацсетках, выйшаў на волю толькі нядаўна.