Як вынікае з афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на 10 тысяч чалавек прыпадае 56 лекараў-практыкаў (у 2024 годзе было 45,5) і 136,8 — сярэдніх мэдычных працаўнікоў (122,3 у 2024-м).
Паводле Белстату, у Беларусі лекараў-практыкаў больш, чым у Нямеччыне, Баўгарыі, Літве і Швайцарыі, дзе на 10 тысяч жыхароў ад 45 да 46 лекараў-практыкаў, а сярэдняга мэдычнага пэрсаналу — больш, чым у Нямеччыне, Швайцарыі, Нідэрляндах і Ісьляндыі (там ад 112 да 125).
Згодна з статыстыкай, у 2025 годзе ў Беларусі працавалі 548 лякарняў (553 было ў 2024-м) і 2657 амбуляторна-паліклінічных установаў (у 2024-м у Беларусі дзейнічалі 1394 такія установы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Астраўная мэдыцына», высокая сьмяротнасьць, недаступныя лекі, няроўны доступ. Галоўныя высновы незалежнага аналізу беларускай мэдыцыныУ Беларусі вялікі дэфіцыт мэдычных кадраў
З агульнадзяржаўнай базы вакансіяў, апублікаванай на афіцыйным сайце службы занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, вынікае, што ў лякарнях, санаторыях і іншых мэдычных установах краіны не хапае 3644 лекараў, 1878 мэдычных сясьцёр і 1872 санітараў.
Найбольш лекараў — 616 — бракуе мэдычным установам Берасьцейскай вобласьці.
На другім месцы лякарні Горадзенскай вобласьці (599 вакансіяў лекараў), на трэцім — Менск (584). Далей ідуць Менская вобласьць (515), Магілёўская (486), Гомельская (457) і Віцебская (388).
У мэдычных установах Беларусі бракуе сярэдняга і малодшага мэдычнага пэрсаналу.
У вакансіях мэдычных сясьцёр наперадзе Менск (665), Берасьцейская вобласьць (311) і Горадзенская (220). За імі ідуць Менская вобласьць (200 вакансіяў), Магілёўская (188), Віцебская (150) і Гомельская (144). Усяго ў краіне 1878 вакансіяў мэдычнай сястры.
Найбольш санітараў (660) бракуе мэдычным установам Менску, Берасьцейскай (320) і Менскай (271) вобласьцяў. У Горадзенскай вобласьці шукаюць кандыдатаў на 209 вакансіяў санітараў, у Магілёўскай — на 147, у Віцебскай — на 133, у Гомельскай — на 132 вакансіі.
Такім чынам, найбольшы дэфіцыт мэдычных кадраў назіраецца ў Менску, Менскай, Горадзенскай і Берасьцейскай вобласьцях.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
5 чэрвеня на адкрыцьці шпіталю ў Горадні Аляксандар Лукашэнка назваў «чужымі» лекараў, што выехалі зь Беларусі за мяжу, і заклікаў іх вярнуцца, каб «посуд мыць» і выносіць сьмецьце.
Пасьля 2020 году ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, якія закранулі і лекараў. Многія зь іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах супраць гвалту і катаваньняў. Кіраўніцтва шпіталёў звальняла неляяльных мэдыкаў, хоць сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спэцыялізацыяў.
У агучанай Лукашэнкам 5 чэрвеня інтэрпрэтацыі тых падзеяў мэдыкі нібыта выступалі ня супраць гвалту, а за страхавую мэдыцыну.