Беларусь і Расея рыхтуюць супольную заяўку на ўключэньне Берасьцейскай крэпасьці і Мамаевага кургана ў Валгаградзе ў сьпіс UNESCO

Берасьцейская крэпасьць. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрствы культуры Беларусі і Расеі падпісалі мэмарандум аб супрацы ў асобных пытаньнях фармаваньня сьпісу ўсясьветнай спадчыны UNESCO.

«Ужо даўно праводзіцца супольная праца ў вылучэньні нашых нацыянальных каштоўнасьцяў, у тым ліку і ў сьпіс усясьветнай спадчыны. [...] Мы падпісалі мэмарандум аб падачы супольнай заяўкі на мэмарыяльныя комплексы, якія маюць беспасярэдняе дачыненьне да Вялікай Айчыннай вайны, — Мамаеў курган і Берасьцейская крэпасьць», — сказаў міністар культуры Беларусі Марат Маркаў.

Паводле яго, беларускі і расейскі бок плянуюць, каб уключэньне гэтых аб’ектаў у сьпіс UNESCO адбылося ў 2030 годзе. «Для нашых краін гэта найважнейшая падзея, бо гэтыя помнікі маюць беспасярэдняе дачыненьне да каштоўнасьцяў і беларускага, і расейскага народаў», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Неглюбскую тэкстыльную традыцыю ўключылі ў сьіпс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Расказваем, хто мае неглюбскія кашулі

Што такое сьпіс UNESCO

У Сьпіс усясьветнай спадчыны UNESCO (агенцтва ААН у пытаньнях адукацыі, навукі й культуры) уключаюць прыродныя або створаныя чалавекам аб’екты, якія, паводле экспэртаў, маюць культурную, гістарычную ці экалягічную значнасьць.

Цяпер у гэты сьпіс уваходзяць больш за 1200 аб’ектаў у 168 краінах, найбольш — у Італіі, Кітаі, Гішпаніі, Францыі й Нямеччыне.

У сьпіс UNESCO ўваходзяць Белавеская пушча (1979, 1992, 2014 гады), Мірскі замак (2000), комплекс роду Радзівілаў у Нясьвіжы (2005) і геадэзічная дуга Струвэ (2005, праходзіць па 10 эўрапейскіх краінах, у тым ліку і Беларусі).

У Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO ўключылі сьвяточны абрад «Калядныя цары» у мястэчку Семежаве (Капыльскі раён), 2009 год; ушанаваньне абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у мястэчку Будславе (Мядзельскі раён), 2018 год; «Юр’еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну, 2019 год; Культура бортніцтва, 2020 год; «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні», 2022 год; «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы ў Беларусі», 2024 год; неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёну, 2025 год.

Згодна з працэдурай, заяўкі на ўключэньне ў сьпіс UNESCO падаюць штогод да 1 лютага. На ўхваленьне рашэньня патрэбна ад 1,5 да 2,5 гадоў. Дзяржавы сапраўды могуць падаваць супольныя заяўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Менскі праспэкт Незалежнасьці вернуць у беларускі Сьпіс ЮНЭСКА

Чаму гэта важна

Расея, якая афіцыйна прызнае важнасьць усясьветнай спадчыны UNESCO, цяпер мэтанакіравана атакуе ва Ўкраіне культурныя і гістарычныя аб’екты. Сярод найбольш пацярпелых у выніку расейскіх абстрэлаў:

  • Кіева-Пячорская лаўра,
  • Гістарычны цэнтар Львова,
  • Сафійскі сабор у Кіеве,
  • Харкаўскі мастацкі музэй,
  • Гістарычны цэнтар Адэсы,
  • Кінастудыя імя Даўжэнкі ў Кіеве,
  • Будынак арганнай і камэрнай музыкі ў Дніпры.

UNESCO пацьвердзіла шкоду, нанесеную ў выніку расейскай агрэсіі амаль паўтысячы ўкраінскіх аб’ектаў, што знаходзяцца пад абаронай гэтай арганізацыі.

Міністэрства культуры Беларусі ніводнага разу не адрэагавала на расейскія абстрэлы гістарычных і культурных помнікаў ва Ўкраіне.

У выніку будаўніцтва Расейскай імпэрыяй Берасьцейскай крэпасьці быў цалкам разбураны гістарычны цэнтар старога Берасьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Начны ўдар Расеі па Ўкраіне: пацярпелі кінастудыя, Кіева-Пячорская лаўра і музэй. Дзясяткі ахвяраў