Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі праспэкт Незалежнасьці вернуць у беларускі Сьпіс ЮНЭСКА


3-кілямэтровы адрэзак праспэкту Незалежнасьці ў Менску ўсё ж вернуць у беларускі папярэдні сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Чакаецца, што адпаведная пастанова Савету міністраў будзе падпісаная ў верасьні 2018 году. Калі гэта адбудзецца, у 2019 годзе ў Беларусі можа зьявіцца новы аб’ект сусьветнай спадчыны.

Рабочая група з чыноўнікаў і экспэртаў прыняла дарожную карту, паводле якой праспэкт Незалежнасьці будзе ўносіцца ў беларускі папярэдні сьпіс сусьветнай спадчыны. Праект пастановы да 1 жніўня 2018 году мусіць падрыхтаваць Менгарвыканкам. А ў верасьні яго ўжо маюць падпісаць у Савеце міністраў. Пра гэта Свабодзе сказала Ала Сташкевіч, сябра Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА і старшыня фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць».

Будынак Міністэрства ўнутраных спраў на праспэкце Незалежнасьці
Будынак Міністэрства ўнутраных спраў на праспэкце Незалежнасьці

Паводле правілаў ЮНЭСКА, перад тым як унесьці аб’ект у Сьпіс сусьветнай спадчыны, ён павінен прынамсі адзін год быць уключаным у нацыянальны папярэдні сьпіс.

Цяпер ідзе гаворка пра сэрыйную транснацыянальную намінацыю «Паваенная сацыялістычная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы». Да намінацыі таксама могуць быць далучаныя Карл-Маркс-алея ў Бэрліне, Маршалкоўская вуліца ў Варшаве, а таксама некаторыя гарады Расеі, Украіны, балканскіх краінаў.

Праспэкт Незалежнасьці каля скрыжаваньня з Камсамольскай вуліцай
Праспэкт Незалежнасьці каля скрыжаваньня з Камсамольскай вуліцай

Найбольш маштабна і цэласна пасьляваенная забудова прадстаўленая ў Менску. І таму мяркуецца, што Беларусь павінна быць ініцыятарам намінацыі ў Сьпіс сусьветнай спадчыны.

«Мы выказалі жаданьне быць лякаматывам гэтай намінацыі, — сказала Свабодзе Ала Сташкевіч. — Міжнародныя экспэрты лічаць, што ў нас шмат шанцаў».

Менскі паштамт
Менскі паштамт

Праспэкт ужо быў у сьпісе, але яго выключылі

Як пісала Свабода, Праспэкт Незалежнасьці быў у беларускім сьпісе з 2004 году. Невядома зь якой прычыны цэнтральную вуліцу Менску выключылі з гэтага сьпісу ў 2015-м. Тры гады Нацыянальная камісія ЮНЭСКА чакала, каб Менгарвыканкам як уласьнік аб’екта падаў заяўку на ўключэньне ў беларускі папярэдні сьпіс наноў.

«Я пазытыўна настроеная, — сказала Ала Сташкевіч. — На сёньня ўнясеньне ў папярэдні сьпіс будзе вялікім крокам наперад па ахове спадчыны праспэкту».

Даўгабуд на месцы першай менскай электрастанцыі
Даўгабуд на месцы першай менскай электрастанцыі

Адно з вострых пытаньняў у сувязі са Сьпісам сусьветнай спадчыны — гэта забудова праспэкту. У 2014 годзе на месцы першай менскай электрастанцыі каля плошчы Перамогі пабудавалі гатэль. Сёньня вядзецца будаўніцтва яшчэ аднаго шматпавярховага гатэля на месцы былога музэю Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Ці не перашкодзяць гэтыя будынкі ўключэньню праспэкта ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, пакуль невядома.

Праект будаўніцтва на Кастрычніцкай плошчы
Праект будаўніцтва на Кастрычніцкай плошчы

«Гэтым разам пытаньне не ўздымалася, — сказала Ала Сташкевіч. — Але ў астатніх краінах (якія вылучаюцца ў гэтай жа намінацыі. — РС) ня менш праблемаў».

У кожным разе, уключэньне праспэкту ў Сьпіс сусьветнай спадчыны павінна абараніць яго ад будучай забудовы.

«Калі праспэкт будзе ў папярэднім сьпісе, гэта дазволіць аберагчы яго ад іншых інтэрвэнцый», — сказала Ала Сташкевіч.

У Менску захавалася найбольш цэласная ў сьвеце пасьляваенная нэаклясычная забудова савецкай традыцыі. Для ўключэньня ў Сьпіс сусьветнай спадчыны прапануецца частка праспэкту ад скрыжаваньня з вуліцай Бабруйскай да вуліцы Казлова.

Гэты горад не для жыхароў, а для бізнэсу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG