Найбольш пацярпелі Кіеў, Дніпро і Харкаў
У Кіеве ад ракетнага абстрэлу пацярпелі вядомая яшчэ з савецкіх часоў кінастудыя імя Даўжэнкі і галоўная хрысьціянская сьвятыня — Кіева-Пячорская лаўра. Пажарнікі змагаліся з агнём, які ахапіў некалькі сотняў квадратных мэтраў на даху Ўсьпенскага сабору. Галоўны храм манастыра заснаваны ў 1073 годзе пры ўдзеле князя Сьвятаслава Яраславіча. Сабор перажыў мангольскае нашэсьце, радыкальную рэканструкцыю ў стылі ўкраінскага барока і поўнае разбурэньне ў 1941 годзе; яго цалкам аднавілі і адкрылі ў 2000 годзе.
У выніку абстрэлу пачаўся пажар і ў Мастацкім арсэнале побач з Лаўрай, дзе штогод адбываюцца кніжныя кірмашы, выставы й іншыя культурныя падзеі.
Ратаўнікі ліквідуюць наступствы ўдараў у 50 месцах сталіцы. Пацярпелі ўсе раёны Кіева — пашкоджаныя жылыя дамы, інфраструктура. Праз пашкоджаньне лініяў электраперадач грамадзкі транспарт выйшаў на маршруты абмежавана. Паводле гарадзкіх уладаў, сама меней пяць чалавек загінулі і 25 атрымалі раненьні, у тым ліку цяжарная жанчына і двое дзяцей.
У Харкаве расейскія войскі пацэлілі ў Мастацкі музэй. Пажарнікі змаглі лякалізаваць агонь, які ахапіў 1200 квадратных мэтраў.
Пры ліквідацыі наступстваў расейскіх удараў па горадзе загінулі пяць ратаўнікоў, якія трапілі пад паўторны абстрэл. Яшчэ 6 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку немаўля.
У Дніпры расейскія войскі пацэлілі ў Дом арганнай і камэрнай музыкі і ў каледж. Два чалавекі атрымалі раненьні.
Апэратыўнае камандаваньне Паветраных сілаў Украіны паведаміла, што расейскія войскі выкарысталі супраць мірных грамадзян 70 ракет і 611 дронаў розных тыпаў. Украінская супрацьпаветраная абарона зьняшкодзіла 50 ракет і 582 бесьпілётнікі.
У Расеі заявілі, што цэльлю атакі былі вайсковыя аб’екты
У Міністэрстве абароны Расеі ўжо традыцыйна пасьля інтэнсіўных абстрэлаў цывільнай і сацыяльнай інфраструктуры ва Ўкраіне заявілі, што нанесьлі ўдар «высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці [...] і бесьпілётнікамі па аб’ектах абаронна-прамысловага комплексу ў гарадах Кіеў, Харкаў і Днепрапятроўск (савецкая назва ўкраінскага гораду Дніпра. — РС), а таксама вайсковым аэрадромам і тэрытарыяльным цэнтрам камплектаваньня».
Ва Ўкраіне заклікалі сьвет адрэагаваць на зьнішчэньне спадчыны UNESCO
Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга паведаміў аб пачатку тэрміновых працэдураў у рамках арганізацыі UNESCO і запуску іншых міжнародных мэханізмаў для патрабаваньня тэрміновага адказу на «дзяржаўнае барбарства».
«Нанясеньнем удару па Кіева-Пячорскай лаўры, адной з найбольшых сьвятыняў хрысьціянства, Пуцін назаўсёды ўпісаў сваё імя ў сьпіс найгоршых барбараў у гісторыі. Ён павінен быць пракляты навекі. І ён прайграе гэтую вайну», — заявіў міністар.
Андрэй Сыбіга дадаў, што Ўкраіна чакае рашучай рэакцыі міжнародных інстытуцыяў і сталіц. «Ніякіх расплывістых словаў, маўчаньня ці слабых крокаў. Патрэбныя дзеяньні, каб спыніць расейскае барбарства», — дадаў ён.
Кіраўніца ўкраінскага ўраду Юлія Сьвірыдзенка назвала ўдар расейскіх войскаў па Кіева-Пячорскай лаўры «сапраўдным тварам хрысьціянскіх каштоўнасьцяў Расеі».
Украіна атакавала Расею ў адказ
Тым часам Кіеў працягвае атакаваць аб’екты расейскай прамысловай і энэргетычнай інфраструктуры, спрабуючы спыніць матэрыяльнае забесьпячэньне расейскай вайны супраць Украіны.
Губэрнатар Тульскай вобласьці Дзьмітрый Міляеў паведаміў у Telegram, што тры чалавекі загінулі і яшчэ тры атрымалі раненьні ў выніку ўкраінскай атакі на абласны цэнтар за 200 кілямэтраў на поўдзень ад Масквы.
Пакуль незразумела, якія абʼекты пашкоджаныя, але ў Тульскай вобласьці месьцяцца некалькі вялікіх прамысловых абʼектаў, і яна часта становіцца цэльлю для ўкраінскіх нападаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Таксама раніцай 15 чэрвеня прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі, прызначаныя Крамлём у захопленай Херсонскай вобласьці, заявілі, што ўкраінскія сілы пашкодзілі два масты, рух спыніўся.
Абстрэл адбыўся адразу пасьля асобных размоваў Трампа з Пуціным і Зяленскім
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ў размове 14 чэрвеня, што спыненьне канфлікту ва Ўкраіне жыцьцёва важнае і што ён гатовы дапамагчы ў дасягненьні міру, паведаміў дарадца Крамля ў замежнай палітыцы Юрый Ушакоў.
Адбылася таксама размова Дональда Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, які паведаміў, што яны абмеркавалі намаганьні дзеля спыненьня вайны напярэдадні саміту G7 у Францыі. Гэтая сустрэча пачынаецца 15 чэрвеня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум