Лукашэнка расцаніў інцыдэнт у Бранскай вобласьці як спробу ўцягнуць Беларусь у вайну. У СБУ знайшлі расейскі доказ

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што чакае ад украінскага боку шчырага адказу наконт інцыдэнту з аўтобусам, у якім ехалі беларускія дзеці праз Бранскую вобласьць.

«Калі нас нехта правакуе і спрабуе ўцягнуць у вайну, мяркую, што гэта дрэнна абыдзецца тым, хто спрабуе гэта зрабіць», — працытавала Лукашэнку яго прэсавая служба.

«Мы сябе паводзім спакойна. Камусьці не падабаецца, што Беларусь спакойная дзяржава, таму гэта ўсё адбываецца. Мы чуем заявы, апраўданьні, вэрсіі розныя. Але нам патрэбная ісьціна», — заявіў Лукашэнка.

«І мы чакаем гэтай ісьціны або рэальнага, справядлівага, шчырага адказу ад украінскіх дзяржаўных служачых і вайсковых, і людзей. Мы ўсё роўна высьветлім праўду, гэта ня будзе вялікай праблемай», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што беларускі бок не сьпяшаецца рабіць высновы. «Але мы дакладна канстатуем факт, што гэта бесьпілётнік украінскага паходжаньня», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка раскрытыкаваў бацькоў, якія арганізавалі гэтую паездку дзяцей у Геленджык. «Яны гэта і не адмаўляюць, што арганізавалі гэтую паездку ці тое на адпачынак, ці то для таго, каб трэніраваць людзей у футбол у Геленджыку ці дзе там?», — сказаў ён.

«Слухайце, у нас што, не хапае зямлі, каб у футбол гуляць? У нас палёў не хапае, каб па чалавечы нармальна і дзецям і дарослым камандам займацца футболам? Хапае», — сказаў Лукашэнка і заклікаў бацькоў і дзяцей «пасядзець дома нейкі час».

«Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут, больш камфортна, у ціхай і спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі безь дзяржаўнага нагляду і дазволу. Бацькі вырашылі, да прыватнай кампаніі зьвярнуліся. Не хачу тут асуджаць гэтую прыватную кампанію — яны працавалі законна. [...] Замовілі аўтобус, паехалі, а цяпер некаторыя прэтэнзіі выстаўляюць. Ня трэба нам выстаўляць прэтэнзіі. Трэба дарослым людзям, нам, найперш, бацькам, акуратней да гэтага ставіцца. А гэты выпадак павінен быць расьсьледаваны, разам з расейцамі. Яны гатовыя нам дапамагаць», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Параненых у Бранскай вобласьці дзяцей перевозяць у Менск. Кіеў хоча далучыцца да высьвятленьня абставінаў інцыдэнту

СБУ апублікавала даведку, якая зьняпраўджвае датычнасьць Украіны да інцыдэнту

У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што перехапілі расейскі дакумэнт, які зьняпраўджвае датычнасьць Украіны да інцыдэнту ў Бранскай вобласьці.

«Мова ідзе аб інфармацыйнай даведцы ад маніторынгвага цэнтру «Дзяржаўная казённая ўстанова Бранскай вобласьці „Бясьпечны рэгіён“. Адпаведны дакумэнт здабылі падчас контрвыведных захадаў СБУ. У зьвядзеньні адзначаецца, што на момант інцыдэнту з аўтобусам у паветранай прасторы раёну не было ўкраінскіх БПЛА», — адзначылі ў Службе бясьпекі Ўкраіны.

У даведцы, апублікаванай СБУ, паведамляецца, што Рэгіянальны сэгмэнт апэратыўнага штабу Адзінага нацыянальнага цэнтру не фіксаваў БПЛА ў раёне інцыдэнту.

Апроч таго, наяўнасьць дрону ў раёне інцыдэнту не пацьвердзіў таксама дзяжурны па радыёлякацыйным батальёне ў расейскім населеным пункце Супонева, а дзяжурны 32-й дывізіі не пацьвердзіў палёты бесьпілётных апаратаў у адпаведны час.

«Такім чынам, у СБУ ёсьць падставы меркаваць, што ўдар па аўтобусе з грамадзянамі Беларусі ў Бранскай вобласьці РФ зьяўляецца спэцыяльнай апэрацыяй расейскіх спэцслужбаў. Зьвяртаем увагу, што раней краіна-агрэсарка неаднаразова абвінавачвала Ўкраіну ў злачынствах, учыненых прадстаўнікамі РФ. Падобныя выпадкі расейская ўлады выкарыстоўвае для правядзеньня ўласных інфармацыйна-прапагандысцкіх апэрацый і ціску на Ўкраіну на міжнароднай арэне», — заявілі ў СБУ.

У паведамленьні ўкраінскай спэцслужбы асобна падкрэсьлілі, што Ўкраіна і яе сілы бясьпекі і абароны «строга выконваюць законы і звычаі вайны і працуюць выключна па законных вайсковых цэлях».

Пацьвердзіць сапраўднасьць гэтага дакумэнту ў незалежных крыніцах немагчыма.

Беларусь уручыла ўкраінскаму дыплямату ноту пратэсту

У Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Украіны Івана Навіцкага і ўручылі яму ноту пратэсту ў сувязі «з атакай, зьдзейсьненай украінскім бесьпілётным апаратам 17 чэрвеня 2026 году ў Бранскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі на цывільны аўтобус, які перавозіў беларускіх грамадзян, у асноўным дзяцей».

У паведамленьні МЗС адзначаецца, што ўкраінскі бок праінфармавалі аб тым, што «ў выніку гэтага жахлівага злачынства загінула грамадзянка Беларусі, яшчэ шэсьць грамадзян, у тым ліку пяцёра дзяцей, атрымалі раненьні, некаторыя зь якіх маюць цяжкі характар».

Беларускі бок патрабаваў ад Украіны вычарпальных тлумачэньняў, правядзеньня тэрміновага і аб’ектыўнага расьсьледаваньня, а таксама наданьня інфармацыі аб прыцягненьні ўсіх вінаватых асобаў да адказнасьці.

«Беларусь працягвае ажыцьцяўляць усе неабходныя захады для абароны жыцьця і бясьпекі сваіх грамадзян і пакідае за сабой права распачаць адпаведныя дзеяньні датычна ўкраінскага боку», – адзначаецца ў паведамленьні МЗС.

Што адбылося напярэдадні

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўтобус зь беларускімі дзецьмі трапіў пад атаку ў Расеі. 1 чалавек загінуў, 8 пацярпелі. Расея вінаваціць Украіну, Украіна — Расею