У Маскве гараць НПЗ і гандлёвы комплекс. Расея ўдарыла па Палтаўшчыне і Кіеўшчыне

Пажар на тэрыторыі Маскоўскага нафтаперапрацоўчага заводу пасьля ўкраінскага ўдару раніцай 18 чэрвеня 2026

Украінскія сілы ў ноч на 18 чэрвеня атакавалі Маскву і Маскоўскую вобласьці дронамі. Другі раз за апошнія некалькі дзён ад удару пацярпеў нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) у Капотні. Расея нанесла ўдар «у адказ».

Як вынікае з фота і відэа, якія апублікавалі маніторынгавыя каналы і мясцовыя жыхары, таксама загарэўся гандлёвы комплекс «Садавод».

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што ўначы зьбілі больш за 100 дронаў, і прызнаў пацэльваньне ў нафтаперапрацоўчы завод і падзеньне аскепкаў на тэрыторыі рынку «Садавод».

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 18 чэрвеня супрацьпаветраная абарона зьняшкодзіла 555 дронаў над 18 рэгіёнамі Расеі і ў акваторыі Азоўскага і Чорнага мораў.

Улады Маскоўскай вобласьці сьцьвярджаюць, што адзін дрон пацэліў у шматпавярховы жылы дом і прыватныя будынкі. Абышлося без пацярпелых.

Усе маскоўскія аэрапорты спынілі працу, вакол Масквы абмежавалі аўтамабільны рух.

Апошні раз Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод пацярпеў у выніку ўкраінскай атакі ў ноч на 16 чэрвеня.



Удар па Маскоўскім НПЗ пацьвердзіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Гэтай ноччу нашыя далёкабойныя санкцыі зноў дайшлі да Маскоўскага рэгіёну: другі раз за тыдзень пацэлілі ў Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод. Таксама былі лучаньні ў Растоўскім рэгіёне і па часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Цалкам справядлівы адказ на расейскія ўдары па нашых гарадах і грамадах і яшчэ адзін важны вынік нашых ваяроў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, на заводзе сама меней чатыры вялікія асяродкі пажару. Папярэдне ўкраінскія дроны пацэлілі па рэзэрвуарным парку, устаноўцы, якая ажыцьцяўляе першасную перапрацоўку нафты, і па ўстаноўцы гідраачышчэньня дызэльнага паліва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія сілы не спыняюць удары па расейскай нафтаперапрацоўцы. Новы ўдар па Маскоўскім НПЗ

Расея атакавала Ўкраіну ракетамі і дронамі

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што ў ноч на 18 чэрвеня расейскія войскі атакавалі мірныя гарады 7 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М»/С-400 і 239 ударнымі дронамі.

Папярэдне ўкраінская супрацьпаветраная абарона зьняшкодзіла 4 ракеты і 212 бесьпілётнікаў на поўначы, поўдні і ўсходзе Ўкраіны. Зафіксавалі пацэльваньне дзьвюх балістычных ракет і 26 дронаў у 9 лякацыях.

У Палтаўскай вобласьці расейскія войскі атакавалі энэргетычны аб’ект, цяпер частка рэгіёну без электраэнэргіі. Ёсьць пашкоджаньні ў жылым сэктары, адзін чалавек атрымаў раненьні.

У Кіеўскай вобласьці пацярпелі Барыспальскі і Вышгарадзкі раёны — паводле мясцовых уладаў, расейскія сілы пацэлілі ў школу, склад, прыватныя будынкі і па тэрыторыі прадпрыемства (яго не называюць). Абышлося без пацярпелых.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што «ўдар у адказ» нанесьлі па аб’ектах паліўна-энэргетычнага комплексу, якія выкарыстоўваюць Узброеныя сілы Ўкраіны. Паводле ведамства, ракетамі і дронамі лучылі ў склад з палівам у Барыспалі пад Кіевам і ў нафтаперапрацоўчы завод «Затурына» ў Палтаўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Начны ўдар Расеі па Ўкраіне: пацярпелі кінастудыя, Кіева-Пячорская лаўра і музэй. Дзясяткі ахвяраў