Наколькі заробкі беларускіх чыноўнікаў адрозьніваюцца ад заробкаў рабочых і інжынэраў

Ілюстрацыйнае фота

Толькі на Менскі трактарны завод патрэбныя 1244 чалавекі. Галоўнаму бухгальтару абяцаюць 8500 рублёў. Паглядзелі, што з дэфіцытам кадраў на буйных прадпрыемствах і якія заробкі абяцаюць каштоўным спэцыялістам. А таксама параўналі гэтыя прапановы з тым, колькі ў Беларусі гатовыя плаціць чыноўнікам.

У Беларусі цяпер трэба 134 819 спэцыялістаў, згодна з агульнарэспубліканскім банкам вакансіяў. На буйныя прадпрыемствы людзей шукаюць тысячамі. Напрыклад, на МАЗ трэба больш за 2000 чалавек, на МТЗ — 1244 чалавекі. Прапанаваныя заробкі рэдка перавышаюць 3000 рублёў. Напрыклад, намесьніку начальніка аднаго з структурных падразьдзелаў МАЗу абяцаюць да 4000 рублёў.

На МТЗ заробкі таксама рэдка перавышаюць 3000 рублёў, але ёсьць выняткі. Напрыклад, галоўнаму бухгальтару гатовыя плаціць 8500 рублёў і столькі ж абяцаюць намесьніку генэральнага дырэктара.

На БелАЗ зараз шукаюць 1011 спэцыялістаў. У шмат якіх вакансіях заробкі сьціплыя. Вядучаму інжынэру тэхнічнага нагляду абяцаюць толькі 1700 рублёў.

Дзень адкрытых дзьвярэй на БелАЗе. Ілюстрацыйнае архіўнае фота

Для параўнаньня: у суседняй Літве старшаму інжынэру на вытворчасьці абяцаюць 4335 эўра (13 915 рублёў) брута, то бок да выплаты падаткаў. Пасьля выплаты гэта прыкладна 2,5 тысячы эўра. Альбо 7500 рублёў.

Інжынэру электрамэханічных праектаў — 3300 эўра (10 593 рублі), таксама да выплаты падаткаў. Пасьля іх застанецца чыстымі 1900 эўра (5700 рублёў).

Вакансіяў з заробкам, вышэйшым за 3000 рублёў, на БелАЗе ўсяго некалькі. Напрыклад, 3200 там гатовыя плаціць начальніку цэнтру кібэрбясьпекі.

На «Беларусьнафту» шукаюць 181 супрацоўніка. Але грошы значна большыя, чым у сярэднім у краіне. Кіроўцу аўтамабіля тут абяцаюць да 4800 рублёў на месяц.

Структурнаму кіраўніку ў сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў — да 8000 рублёў.

Такія розныя кіраўнікі

Згодна Белстату, ёсьць праблема кадраў і ў галіне дзяржаўнага кіраваньня. Зь яе летась звольнілі 8659 чалавек, а прынялі на працу 8563.

Агулам у гэтай галіне працуюць 178,9 тысячы чалавек. Сярэдні заробак чыноўнікаў вышэйшы, чым, напрыклад, сярэдні заробак на заводзе, які рэдка перавышае 3000 рублёў. Чыноўнікі ў сярэднім зарабляюць 3200. А чыноўнікі найвышэйшага зьвяна — яшчэ больш.

Вакансія для чыноўніка

Напрыклад, у галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы і ў справах моладзі Берасьцейскага аблвыканкаму шукаюць намесьніка кіраўніка. Абяцаюць 5650 рублёў на месяц. Патрабуюць мець досьвед на кіроўных пасадах, ведаць заканадаўства і валодаць навыкамі SMM-спэцыяліста, то бок разьбірацца ў сацыяльных сетках.

Фінансавыя чыноўнікі ў Беларусі, калі меркаваць па заробках, — гэта эліта. Напрыклад, зараз Нацыянальны банк шукае на пасады адразу 10 чалавек, і кіраўніку ўпраўленьня прапануюць 8886 рублёў на месяц.

Раённы ўзровень чынавенства сьціплейшы. Але гледзячы з чым параўноўваць. Кіраўніку структурнага падразьдзелу ў Барысаўскім райвыканкаме прапануюць 4500 рублёў.

Кіраўніку юрыдычнага аддзелу Беларускай цэмэнтнай кампаніі — 6073 рублёў.

Для параўнаньня. Таксама кіраўніку аддзелу, але ў дзяржаўнай воранаўскай газэце абяцаюць толькі 1500 рублёў. Кіраўніку гуртка ў бабруйскім Палацы мастацтваў абяцаюць 1300 рублёў на месяц, у чатыры разы менш, чым ідэолягу.

Вакансія ў сацыяльнай сферы

Крыху больш — 1350 рублёўпрапануюць кіраўніку аматарскай студыі ў Веткаўскім цэнтры культуры і народнай творчасьці.

У Беларусі наём на дзяржаўныя пасады ўскладняецца яшчэ і тым, што кандыдатаў правяраюць у сьпісах МУС і часам КДБ, каб не было затрыманьняў за палітыку. І чым вышэйшая пасада, тым больш складная праверка, могуць праверыць таксама і блізкіх сваякоў.

«Заробкі растуць там, дзе галіна пачынае працаваць больш актыўна»

Старшая навуковая супрацоўніца Beroc Анастасія Лузгіна зьвяртае ўвагу, што найбольш вакансіяў у Беларусі сёньня — гэта рабочыя спэцыяльнасьці.

«Большая палова патрэбаў — гэта людзі рабочых спэцыяльнасьцяў. У Менску гэтая доля ніжэйшая, але ў вобласьцях каля 70% усіх адкрытых вакансіяў — гэта вакансіі для рабочых спэцыяльнасьцяў. Гэта і прадаўцы, і кіроўцы, і спэцыялісты ў будаўніцтве», — пералічвае Анастасія Лузгіна.

Высокія ж заробкі абяцаюць у галінах, дзе ўзьнікае вострая патрэба ў кадрах, бо сама галіна пачынае «лепш сябе адчуваць». У прыклад эканамістка прыводзіць нафтаперапрацоўку.

Анастасія Лузгіна

«Тут можа ўзьнікаць патрэба ў залежнасьці ад сытуацыі. Напрыклад, у нафтаперапрацоўцы. Калі паглядзець нават апошнія зьвесткі, за красавік, то ў гэтай галіне назіраецца вельмі высокі рост рэальнай заработнай платы — больш як на 25% у параўнаньні зь мінулым годам. Хутчэй за ўсё, галіна пачуваецца лепш, рэзка ўзьнікла патрэба ў дадатковых працоўных руках. Актыўны рост заробкаў можа сьведчыць, што прадпрыемства атрымала дадатковыя замовы і рэзка ўзьнікла патрэба ў спэцыялістах. У выніку, каб хутка прыцягнуць кадры, заробкі таксама хутка пачалі падымаць», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

У красавіку сярэдні заробак у Беларусі быў 2952,9 рубля. У сакавіку ён быў крыху большы — 2975,8 рубля.