Лідэры краін G7 заявілі аб падтрымцы Ўкраіны і паабяцалі ўзмацніць санкцыі супраць Расеі

Удзельнікі саміту «Групы сямёх» (G7) у францускім горадзе Эвіяне, 16 чэрвеня 2026 году

Лідэры краін «Групы сямёх» (G7) на саміце ў францускім горадзе Эвіяне заявілі аб падтрымцы Ўкраіны і намеры ўзмацніць санкцыі супраць Расеі, у прыватнасьці, яе нафтагазавага сэктару.

«Мы, лідэры G7, адзіныя ў нашай непахіснай падтрымцы Ўкраіны ў абароне яе свабоды, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Мы пацьвярджаем нашу салідарнасьць з украінскім насельніцтвам, якое цярпіць ад атак на яго крытычна важную інфраструктуру і культурную спадчыну. Мы высока ацэньваем стойкасьць Украіны і яе посьпехі на полі бою ў апошнія месяцы і падкрэсьліваем, што на ім цяпер зьявілася новая дынаміка», — адзначаецца ў апублікаванай 17 чэрвеня заяве кіраўнікоў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі і Канады.

У заяве адзначаецца, што краіны G7 дамовіліся павялічыць пастаўку сродкаў супрацьпаветранай абароны, дадатковых сыстэмаў і перахопнікаў, а таксама сродкаў вялікай далёкасьці. «Мы таксама гатовыя разгледзець пытаньне аб наданьні Ўкраіне ліцэнзіяў, якія дазволяць павялічыць яе вайсковую вытворчасьць», — адзначаецца ў дакумэнце.

Лідэры «Групы сямёх» заявілі аб важнасьці энэргетычнай устойлівасьці з гледзішча патрэбаў і прыярытэтаў украінскіх уладаў. Яна паведамілі аб дамоўленасьці забясьпечыць працяг падтрымкі, каб краіна перажыла наступную зіму.

«Мы абавязваемся ўзмацніць ціск на расейскую ваенную эканоміку. У гэтым кантэксьце мы ўзмоцнім нашыя санкцыі, у тым ліку супраць нафтагазавага сэктару. Мы ўважаем, што зараз зручны момант для ўхваленьня дадатковых захадаў на фоне заключанага прэзыдэнтам Трампам пагадненьня аб адкрыцьці Армускай пратокі, якое мы падтрымліваем», — адзначаецца ў заяве.

У заяве Беларусь ня згадваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вельмі цікавыя заявы хаўрусьніка Пуціна». Кіраўнік МЗС Нямеччыны адрэагаваў на заявы Лукашэнкі аб вайне ва Ўкраіне

Што папярэднічала

15 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым у Менску раіўся наконт замежнай палітыкі і ўзгодненага з Расеяй стаўленьня да рашэньняў G7.

Лукашэнка прызнаўся, што чакаў сустрэчы з Лаўровым, каб абмяняцца думкамі «аб усім спэктры міжнароднай абстаноўкі».

«Не таму, што мы глябальная краіна, як Расея ці Кітай, і будзем удзельнічаць у разьвязаньні нейкіх праблемаў, але, тым ня менш, хацелася б ведаць, у якім кірунку дзейнічаць і разгортваць нашу замежную палітыку. І вы, як чалавек дасьведчаны, мне параіць можаце сёе-тое», — сказаў Лукашэнка.

Калі Лаўроў заўважыў, што Лукашэнка яму лісьлівіць, той адказаў: «Не, што вы. У вас, зыходзячы з таго маштабу, які займае Расея ў міжнародным становічшы... Таму я чакаю больш такой канкрэтнай і шырокай інфармацыі, як у нас звычайна бывае, — мы ніколі не прыхоўвалі адзін ад аднаго нічога за доўгія гады нашай супрацы».

Лукашэнка прапанаваў Лаўрову абмеркаваць сытуацыю ў АДКБ, ЭАЭС, СНД і ШАС, а таксама згадаў саміт G7.

«Усе вялікія сабраліся. Таму нам, хочаш ня хочаш, трэба зьвяртаць на гэта ўвагу», — дадаў ён.

«Зараз апавядзем пра тое, якія ў нас ёсьць думкі. І я, вядома ж, буду гатовы выказаць нашыя ацэнкі апошніх падзеяў, у тым ліку ў сувязі з падрыхтоўкай да гэтай „сямёркі“ ў сувязі з ініцыятывай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны — яны там ультыматум выставілі зь пяці пунктаў. Паслы прыходзілі, уручылі нам свае пажаданьні. Агулам ёсьць пра што пагаварыць і што наўпрост датычыць саюзнай дзяржавы», — сказаў расейскі міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка параіўся з Лаўровым наконт зьнешняй палітыкі і ўзгодненай з Расеяй пазыцыі на рашэньні G7

Чаму гэта важна

Пасьля 2020 году і падтрыманьня Беларусьсю расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь усё больш інтэгруецца з Расеяй.

Улады Беларусі і Расеі дамовіліся ўзгадняць замежную палітыку, дзейнасьць сілавых структураў у пытаньнях супольнага крымінальнага вышуку грамадзян, стварылі адзіную абаронную прастору і ўхвалілі супольную вайсковую дактрыну.

Адначасова адбываецца ўніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўства, макраэканамічнай палітыкі. Нядаўна бакі заявілі і аб уніфікацыі правасудзьдзя.

Заходнія краіны ўвялі шэраг санкцыяў супраць Беларусі за падтрымку яе кіраўніцтвам расейскай агрэсіі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызнаў новую рэальнасьць вайны, — Карбалевіч