«Цяпер ёсьць шанец, мяркую, ужо гэтым летам пачаць перамовы», — сказаў Ёган Вадэфуль у інтэрвію мэдыягрупе RTL.
Паводле яго, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа быць больш адкрытым да дыялёгу, чым раней. «Магчыма, ён цяпер знаходзіцца на такім этапе, калі сур’ёзна задумваецца», — ня выключыў нямецкі міністар.
У гэтым кантэксьце Ёган Вадэфуль згадаў заяву Аляксандра Лукашэнкі, якую той зрабіў у інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya English, — «ні Расея, ні Ўкраіна ня могуць перамагчы ў вайне вайсковым шляхам».
«Гэта цікавая заява вельмі блізкага хаўрусьніка Пуціна», — адзначыў ён.
Кіраўнік МЗС Нямеччыны дадаў, што «Ўкраіна ўвесь гэты час была гатовая да перамоў» і што цяпер «Уладзімір Пуцін павінен вырашыць — ён хоча ён весьці перамовы ці надалей ваяваць».
Ёган Вадэфуль нагадаў, што Нямеччына разам з Францыяй і Вялікай Брытаніяй таксама гатовыя ўдзельнічаць у перамовах аб завяршэньні вайны ва Ўкраіне.
ISW: заявы Лукашэнкі — працяг інфармацыйнай кампаніі Крамля
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) таксама зьвярнулі ўвагу на заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт вайны Расеі супраць Украіны, якія яны ацанілі як «памяркоўныя».
«У інтэрвію Al Arabiya English Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разумее недапушчальнасьць уступленьня Беларусі ў вайну, бо беларуская інфраструктура будзе ўразьлівая для ўкраінскіх удараў, і ні Расея, ні Беларусь ня змогуць абараніць новы ўчастак фронту ўздоўж беларускай мяжы. Лукашэнка папярэдзіў, што адкрыцьцё новага фронту ўздоўж беларускай мяжы можа справакаваць беспасярэдні канфлікт з NATO. Лукашэнка прызнаў, што Расея прытрымліваецца максымалісцкіх мэтаў ва Ўкраіне і што некаторыя расейскія палітычныя і вайсковыя дзеячы прасілі Пуціна дамагацца мірнага ўрэгуляваньня ў 2022 годзе», — адзначылі экспэрты ISW у справаздачы.
Паводле экспэртаў, Лукашэнка паўтарыў інфармацыйныя наратывы Крамля аб тым, што расейскія войскі прасоўваюцца на фронце і могуць захапіць усю Ўкраіну, але зьмякчыў гэтую рыторыку і прызнаў, што Ўкраіна можа арганізаваць пасьпяховую абарону на перадавой.
«Лукашэнка прапанаваў пасярэдніцтва у перамовах паміж Расеяй і Ўкраінай аб заканчэньні вайны. ISW надалей робіць ацэнку таго, што Расея дэ-факта анэксавала Беларусь і што Беларусь ёсьць саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны», — адзначылі экспэрты.
Што папярэднічала
Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya English заявіў, што ў бакоў канфліктаў ані ва Ўкраіне, ані на Блізкім Усходзе «няма ваеннага рашэньня». Ён скрытыкаваў Ізраіль за «бамбаваньні Газы», а пра ЗША ў канфлікце з Іранам заявіў, што амэрыканцы ня выканалі ніводнай пастаўленай задачы. Ваенныя атакі Трампа на Іран Лукашэнка назваў «фатальнай памылкай» і заявіў, што «гэтага нельга было рабіць».
Наконт вайны Расеі з Украінай Лукашэнка казаў, што абмяркоўваў гэтую тэму з Уладзімірам Пуціным.
«Мы шмат разоў гаварылі, што абсалютна недапушчальна, каб вайна Ўкраіны з Расеяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі», — заявіў ён.
Лукашэнка працытаваў нібыта заяву Пуціна: «Мы разумеем, што ўступленьне Беларусі ў нейкай якасьці ў вайну, у канфлікт — непрымальна. Гэта больш будзе шкоды, чым карысьці», — працытаваў Лукашэнка нібыта заяву Пуціна.
Пры гэтым ён прызнаў, што Беларусь «вельмі ўразьлівая ў ваенных адносінах, калі Ўкраіна пачне атакаваць Беларусь гэтак жа, як яна атакуе Расею».
Лукашэнка чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, што нікому гэта нявыгадна. Аднак гэта Лукашэнка казаў і раней, а ў выніку ў лютым 2022 году падтрымаў расейскую вайсковую агрэсію, і цяпер над тэрыторыяй Беларусі часта лятаюць расейскія дроны, атакуючы Ўкраіну.
У гэтым жа інтэрвію Лукашэнка выбачыўся перад Зяленскім.
«Можа быць, я недзе і перабраў, але гэта быў адказ на ягоныя недарэчныя заявы: „Ды ў нас 500 цэляў, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, бесьпілётнікамі“. Я маўчаў. Нават усе дзівіліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, недасьведчаны, ён невайсковы чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я мусіў адказаць.
Калі Ўладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу прабачэньня перад ім за гэтыя словы. Можа, і ня трэба было, улічваючы тое, што ён усё ж ваюе. Можа, мне і ня трэба было так рэзка казаць пра гэта».
Форум