Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка параіўся з Лаўровым наконт зьнешняй палітыкі і ўзгодненай з Расеяй пазыцыі на рашэньні G7

Лукашэнка сустракаецца зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. 15 чэрвеня 2026
Лукашэнка сустракаецца зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. 15 чэрвеня 2026

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў прыехаў зь візытам у Менск напярэдадні, 14 чэрвеня, а сёньня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Лукашэнка прызнаўся, што чакаў сустрэчы з Лаўровым, каб абмяняцца думкамі «па ўсім спэктры міжнароднай абстаноўкі».

«Не таму, што мы глябальная краіна, як Расея ці Кітай, і будзем удзельнічаць у разьвязаньні нейкіх праблем, але, тым ня менш, хацелася б ведаць, у якім кірунку дзейнічаць і разгортваць нашу зьнешнюю палітыку. І вы, як чалавек дасьведчаны, мне параіць можаце сёе-тое», — сказаў Лукашэнка.

Калі Лаўроў заўважыў, што Лукашэнка яму лісьлівіць, той адказаў: «Не, што вы. У вас, сыходзячы з таго маштабу, які займае Расея ў міжнародным становічшы... Таму я чакаю больш такой канкрэтнай і шырокай інфармацыі, як у нас звычайна бывае — мы ніколі не прыхоўвалі адзін ад аднаго нічога за доўгія гады нашай супрацы».

Лукашэнка прапанаваў Лаўрову абмеркаваць сытуацыю ў АДКБ, ЭАЭС, СНД і ШАС, а таксама згадаў аб саміце G7, які пачынаецца 15 чэрвеня ў Францыі.

«Усе вялікія сабраліся. Таму нам, хочаш, ня хочаш, трэба зьвяртаць на гэта ўвагу», — дадаў ён.

«Зараз апавядзем пра тое, якія ў нас ёсьць думкі. І я, вядома ж, буду гатовы выказаць нашыя ацэнкі апошніх падзей, у тым ліку, у сувязі з падрыхтоўкай да гэтай „сямёркі“ ў сувязі з ініцыятывай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны — яны там ультыматум выставілі зь пяці пункта. Паслы прыходзілі, уручылі нам свае пажаданьні. Агулам, ёсьць, пра што пагаварыць, і што наўпрост датычыць саюзнай дзяржавы», — сказаў расейскі міністар.

На сустрэчы таксама праанасавалі новую сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным.

«Неўзабаве, мы дамовіліся, што сустрэнемся і абмяркуем тыя праблемныя пытаньні, якія, магчыма, нас датычаць. Дамоўленасьць у нас адна: калі ўпады нешта не вырашаюць, то гэта застаецца на ўвазе двух прэзыдэнта. Мы гэтым шляхам ідзем», — сказаў Лукашэнка.

Чаму гэта важна

Пасьля 2020 году і падтрыманьня Беларусьсю расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Беларусь усё больш інтэгруецца з Расеяй.

Улады Беларусі і Расеі дамовіліся ўзгадняць замежную палітыку, дзейнасьць сілавых структур у пытаньнях супольнага крымінальнага вышуку грамадзян, стварылі адзіную абаронную прастору і ўхвалілі супольную вайсковую дактрыну.

Адначасова адбываецца ўніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўства, макраэканамічнай палітыкі. Нядаўна бакі заявілі і аб уніфікацыі правасудзьдзя.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG