Па інтэрвію да Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуўся тэлеканал Al Arabiya English. На відэа ў Лукашэнкі вельмі заўважна трасецца галава.
Сярод іншага, Лукашэнка адзначыў, што ў бакоў канфліктаў ані ва Ўкраіне, ані на Блізкім Усходзе «няма ваеннага рашэньня». Ён скрытыкаваў Ізраіль за «бамбардаваньні Газы», а пра ЗША ў канфлікце з Іранам заявіў, што амэрыканцы ня выканалі ніводнай пастаўленай задачы. Ваенныя атакі Трампа на Іран Лукашэнка назваў «фатальнай памылкай» і заявіў, што «гэтага нельга было рабіць».
Ён адпрэчыў думкі пра тое, што Ізраіль уцягнуў «такога слана», як ЗША ў вайну і падкрэсьліў, што «амэрыканцы хацелі» гэтай вайны.
Задавалі Лукашэнку і пытаньні пра вайну Расеі з Украінай. Ён расказаў, што абмяркоўваў тэму з Уладзімірам Пуціным.
«Мы шмат разоў гаварылі аб тым, што абсалютна недапушчальна, каб вайна Ўкраіны з Расеяй перакінулася на тэрыторыю Беларусі», — заявіў ён.
Лукашэнка працытаваў нібыта заяву Пуціна: «Мы разумеем, што ўступленьне Беларусі ў нейкай якасьці ў вайну, у канфлікт — непрымальна. Гэта больш будзе шкоды, чым карысьці», — працытаваў Лукашэнка нібыта заяву Пуціна.
Пры гэтым ён прызнаў, што Беларусь «вельмі ўразьлівая ў ваенных адносінах, калі Ўкраіна пачне атакаваць Беларусь гэтак жа, як яна атакуе Расею»:
«Бо Беларусь ва ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні. Мы выдатна разумеем, што нашы асноўныя аб’екты жыцьцезабесьпячэньня — вытворчыя і лягістычныя — апынуцца пад ударам. Як яны заявілі, у іх ужо 500 такіх мэт на тэрыторыі Беларусі намечана», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У нас ёсьць адна цэль — вельмі сур’ёзная», — Лукашэнка адказаў на заявы КіеваЁн чарговы раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі зь Беларусі, што нікому гэта нявыгадна. Аднак пра гэта Лукашэнка казаў і раней, а ў выніку ў лютым 2022 году падтрымаў расейскую вайсковую агрэсію, і цяпер над тэрыторыяй Беларусі часта лятаюць расейскія дроны, атакуючы Ўкраіну.
Украінскія афіцыйныя асобы, уключна з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Андрэем Сыбігам, неаднаразова заклікалі ўкраінцаў і замежных палітыкаў ня слухаць, што гаворыць Лукашэнка, прыводзячы прыклады ягонай хлусьні, калі словы не адпавядалі сапраўдным дзеяньням ягонага рэжыму.
У гэтым інтэрвію Лукашэнка выбачыўся перад Зяленскім.
«Можа быць, я недзе і перабраў, але гэта быў адказ на ягоныя недарэчныя заявы: „Ды ў нас 500 цэляў, ды мы ведаем, дзе Лукашэнка там знаходзіцца. Мы заўтра ўдарым ракетамі, бесьпілётнікамі“. Я маўчаў. Нават усе дзівіліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, недасьведчаны, ён невайсковы чалавек. Можа, нешта ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я мусіў адказаць.
Калі Ўладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу прабачэньня перад ім за гэтыя словы. Можа, і ня трэба было, улічваючы тое, што ён усё ж ваюе. Можа, мне і ня трэба было так рэзка казаць пра гэта».
Наконт ваенных мэтаў Лукашэнка ўзяў больш шырока, сказаўшы, што Расея абавязкова перамагла б Украину, калі б палітыкі не папрасілі Пуціна адвесьці войскі ад Кіева і падпісаць замірэньне. Паводле яго, Пуціна «падманулі»: «Гэта быў Ватыкан. І, што дзіўна, габрэйскае лобі, ізраільцяне».
Ніякіх доказаў ці дадатковых аргумэнтаў сваім словам пра ізральскі ўплыў на Пуціна і ролю ў тым Ватыкану Лукашэнка ня даў. Ні пра якія падобныя перамовы нічога невядома.