У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што экс-дырэктара алімпійскага цэнтру па фрыстайле Вадзіма Крывашэева завочна асудзілі на 12 гадоў гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў (45000 рублёў). Апроч таго, яго пазбавілі на пяць гадоў права займаць пасаду, зьвязаную з арганізацыйна-распараджальнымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі.
- Вадзіма Крывашэева асудзілі паводле адразу чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
ч. 3 арт. 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў), - ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ўлады),
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый або іншых дзеяньняў, шкодных для нацыянальнай бясьпекі),
- ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраваньні).
Справу Крывашэева разглядаў Менскі гарадзкі суд.
Паводле абвінавачваньня, Вадзім Крывашэеў у 2020-2021 гадах увайшоў у склад «экстрэмісцкіх фарміраваньняў» «Беларускі фонд спартовай салідарнасьці» і «Народнае Антыкрызіснае ўпраўленьне».
Апроч таго, абвінавачаньне сьцьвярджала, што ён у пэрыяд працы на пасадзе дырэктара цэнтра «не забясьпечыў захаванасьць, належны стан і працу замацаванай за цэнтрам маёмасьці, у тым ліку сыстэмы бясьпекі на вадзе „Blue Fox“», што прывяло да сьмерці дзяўчыны.
У верасьні 2020-га Вадзіма Крывашэева звольнілі з пасады дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле за «дрэнную ідэалягічную працу ў калектыве». Пасьля гэтага ён зьехаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сьледчы камітэт пачаў спэцыяльнае вядзеньне супраць экс-дырэктара цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайлеБылога міліцыянта з Горадні завочна асудзілі да 15 гадоў калёніі
Горадзенскі абласны суд 12 чэрвеня ў межах спэцыяльнай вытворчасьці агучыў прысуд у справе былога міліцыянта з Горадні Міхаіла Куцко. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу). Суд прызначыў Міхаілу 15 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (22 500 рублёў).
Згодна з паведамленьнем Вярхоўнага суда, Куцко прызналі вінаватым «у выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь і іншым, наданьні дапамогі замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна ўчыненымі грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».
Летам 2020 году Міхаіл запісаў зварот да сваіх былых калегаў, у якім заклікаў іх быць «на баку народа». Пазьней ён вымушана зьехаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 13 чэрвеня: прызналі «экстрэмісцкім» фільм «Дарога на Курапаты» кінастудыі «Беларусьфільм»У справе «Гаюна» асудзілі ня менш як 200 чалавек
Па стане на 15 чэрвеня праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя імёны ня менш як 200 асуджаных па «справе Гаюна».
Агульная лічба фігурантаў гэтай справы значна большая, мяркуюць праваабаронцы і зазначаюць, што затрыманьні адбываюцца да гэтага часу.
З пачатку 2026 году ў «сьпіс экстрэмістаў» МУС дадалі 432 чалавекі, асуджаных за «садзейнічаньне экстрэмізму», а пераважная большасьць з гэтых людзей праходзяць менавіта па «справе Гаюна».
Паводле інфармацыі «Вясны», цяпер у асноўным фігурантам справы прызначаюць «хатнюю хімію», але вядома і пра выпадкі, калі людзей пазбаўляюць волі.
Яшчэ адна з асаблівасьцяў апошняга часу, паводле «Вясны» — прапановы фігурантам «справы Гаюна» «адкупіцца».
«Некаторым затрыманым улады прапануюць спыніць крымінальны перасьлед у абмен на „добраахвотныя“ ахвяраваньні на карысьць дзяржаўных устаноў», — паведамляюць праваабаронцы.
Гэтак, ўлетку мінулага году ад аднаго з былых затрыманых праваабаронцам стала вядома, што яму за адно паведамленьне ў бот «Гаюна» прапанавалі перавесьці некалькі тысяч даляраў у «Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня» «Інакш паедзеш у СІЗА», — пагражалі затрыманаму сілавікі.
У «Вясьне» мяркуюць, што гэтая практыка працягваецца, а юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова назвала падобныя «дабрачынныя» узносы «адной з найбольш распаўсюджаных эканамічных формаў палітычных рэпрэсій у Беларусі».
Чаму праект «Беларускі Гаюн» стаў небясьпечны?
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» перад спыненьнем працы меў амаль 350 тысяч падпісчыкаў.
З пачатку вайны ва Ўкраіне праект зьбіраў інфармацыю ад беларусаў, якія дасылалі ў бот канала ў тэлеграме зьвесткі аб перамяшчэньні войскаў і ваеннай тэхнікі. На «Беларускі Гаюн» спасылаліся СМІ, аналітыкі і вайсковыя выведкі. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.
5 лютага кіраўнік праекту Антон Матолька заявіў, што ў выніку несанкцыянаванага ўваходу быў атрыманы доступ да чату з ботам Гаюна, куды зьбіралася інфармацыя ад людзей.
Інфарматарам Беларускага Гаюна, паведамляюць праўладныя рэсурсы, пагражаюць тэрміны па артыкуле «здрада дзяржаве» – ад 7 да 15 гадоў.
Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.
Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.