«Ваеннае злачынства і барбарства». На расейскі ўдар па Кіева-Пячорскай лаўры адрэагавалі кіраўнікі краін ЭЗ і Ціханоўская

Наступствы расейскага ўдару па Кіева-Пячорскай лаўры 15 чэрвеня 2026 году

Кіраўнікі эўрапейскіх краін і Эўразьвязу пракамэнтавалі начны ўдар расейскіх войскаў па Ўкраіне. Сваю заяву абнародавала і лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб салідарнасьці з Украінай, якая моцна пацярпела ад начной атакі расейскіх войскаў.

«На жаль, для ідэалёгіі „рускага сьвету“ ня маюць значэньня ні жыцьці мірных людзей, ні культурная спадчына, ні гістарычная памяць. Яна імкнецца перапісваць гісторыю на свой лад, не спыняючыся перад зьнішчэньнем таго, што мае каштоўнасьць для мільёнаў. Тыя, хто сьцьвярджае, што падтрымлівае „духоўныя каштоўнасьці“, прыносяць ракеты і падпальваюць сьвятыя месцы. У гэтым і ёсьць сапраўдны твар расейскай імпэрыі. І яе неабходна спыніць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Беларускі праваслаўны сьвятар Канстантынопальскага патрыярхату Георгі Рой назваў «страшным сымбалізмам» факт удару расейскіх войскаў па Лаўры ў дзень сьвяткаваньня Сабору ўсіх рускіх сьвятых.

«„Абаронцы“ хрысьціянскіх каштоўнасьцяў ударылі па Ўсьпенскім саборы Кіева-Пячорскай лаўры. Нічога сьвятога... Слугі антыхрыста. Страшны сымбалізм — Усьпенскі сабор Кіеўскай лаўры гарыць у дзень сьвяткаваньня Сабору ўсіх рускіх сьвятых. Удар у самае сэрца хрысьціянскіх вытокаў Кіеўскай Русі. Якой будзе рэакцыя РПЦ? І ці будзе ўвогуле?», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.

Рэакцыя эўрапейскіх палітыкаў

Міністар замежных справаў Эстоніі Маргус Цахкна назваў расейскі ўдар па Кіева-Пячорскай лаўры дэманстрацыяй «барбарства грэбаваньня» культурнай спадчынай чалавецтва.

«Расея любіць выяўляць сябе як абаронцу хрысьціянскай цывілізацыі. Але ўдарам па Кіева-Пячорскай лаўры яна каторы раз прадэманстравала сваё барбарства і грэбаваньне супольнай спадчынай чалавецтва», — напісаў Цахкна на плятформе Х.

«Атака Расеі на хрысьціянскія культурныя і рэлігійныя скарбы — гэта яе сапраўднае аблічча бязьлітаснага барбарства і адчаю ад бясстрашнай барацьбы Ўкраіны за свабоду і вызваленьне», — заявіла кіраўніца Міністэрства замежных справаў Латвіі Байба Бражэ.

Міністар замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро назваў начны ўдар расейскіх войскаў праявай «жорсткасьці» Пуціна.

«Ва Ўкраіне мінулай ноччу Расея Ўладзіміра Пуціна зноў паказала маштабы сваёй жорсткасьці моцным ударам па сталіцы Кіеве, у выніку якога надзвычай сур’ёзна пашкоджаны Ўсьпенскі сабор Кіева-Пячорскай лаўры, аб’екту ўсясьветнай спадчыны UNESCO. Для нас, французаў, гэта эквівалент бамбаваньня Нотр-Даму або Сэн-Дэні, што, відавочна, непрымальна», — сказаў міністар перад пачаткам Рады замежных справаў Эўразьвязу.

Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас заявіла, што ўдар па аб’екце ўсясьветнай спадчыны ў Кіеве ёсьць ваенным злачынствам Расеі, паведаміла агенцтва Reuters.

Што папярэднічала

У ноч на 15 чэрвеня расейскія войскі атакавалі ракетамі і дронамі Кіеў, Харкаў і Дніпро. Ува ўсіх гарадах пацярпелі аб’екты культуры.

У Кіеве найбольш пашкоджаныя Кіева-Пячорская лаўра і кінастудыя імя Даўжэнкі.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што наносіла ўдары па вайсковых абʼектах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Начны ўдар Расеі па Ўкраіне: пацярпелі кінастудыя, Кіева-Пячорская лаўра і музэй. Дзясяткі ахвяраў