У беларускай адукацыі расьце ідэалягічны кантроль і ўплыў расейцаў, — дасьледаваньне

Заняткі ў так званым «патрыятычным выхаваньні» ў Беларусі

Таксама ў галіне беларускай адукацыі працягваецца тэндэнцыя на абмежаваньне права палітычна неляяльных грамадзянаў на пэдагагічную дзейнасьць.

Міжнародная ініцыятыва iSANS прааналізавала працэсы, характэрныя для галіны адукацыі ў Беларусі. Навіны і падзеі траўня адмыслоўцы падзялілі на некалькі пунктаў.

Адбываецца канчатковае афармленьне мэханізму абмежаваньня доступу палітычна неляяльных грамадзян да выкладніцкай дзейнасьці. Міністэрства адукацыі Беларусі плянуе ўвесьці рэестар для ўліку рэпэтытараў і іншых самазанятых людзей, якія аказваюць паслугі ў навучаньні дзяцей. Згодна з апублікаваным дакумэнтам любы чалавек, які плянуе аказваць рэпэтытарскія ці іншыя паслугі ў навучаньні дзяцей павінен будзе падаваць апавяшчэньне ня толькі ў Падатковую інспэкцыю, але і ў Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі.

Ва ўмовах хуткага ўвядзеньня ліцэнзаваньня для ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама запуску рэестру для рэпэтытараў і самазанятых асобаў усе легальныя віды пэдагагічнай дзейнасьці стануць недасяжнымі «палітычна неляяльным» грамадзянам, робіць выснову дасьледчы цэнтар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Удар па рэпэтытарах. Улады працягваюць наступ на прыватную адукацыю: што прыдумалі на гэты раз

У Беларусі захоўваецца моцны дзяржаўны кантроль за ідэалягічным зьместам падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Улады ўжо прадугледзелі стварэньне дзяржаўнай камісіі кантролю за працэсам падрыхтоўкі падручнікаў і навучальных дапаможнікаў у гуманітарных дысцыплінах.

На працягу апошніх некалькіх гадоў прасочваецца імкненьне дзяржавы да ўзмацненьня жорсткасьці патрабаваньняў да школьнага адзеньня і яго максымальнай стандартызацыі. Сустрэчы ў сярэдзіне траўня паміж кіраўніцтвам Дзяржаўнага камітэту стандартызацыі і канцэрну «Беллегпрам». Імаверна, улада мае намер стварыць абмежаваны пералік вытворцаў, якія будуць атрымліваць дзяржаўныя заказы на пашыў школьнага адзеньня. Празь некалькі гадоў выбар школьнага адзеньня для бацькоў навучэнцаў можа быць істотна абмежаваны, а асартымэнт зьведзены да некалькіх тыпавых мадэляў, што фактычна будзе азначаць пераход да адзінай школьнай формы.

Захавалася тэндэнцыя да зьніжэньня запатрабаванасьці беларускай мовы сярод выпускнікоў на Цэнтралізаваным тэставаньні: у 2026 годзе яе выбралі 10,4 тыс. удзельнікаў ЦЭ (17,7%), што менш у параўнаньні з папярэднім годам (10,8 тыс. і 19%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вынікі ЦТ: выпускнікі сталі ведаць беларускую мову лепш, а расейскую горш

У краіне адбываецца пашырэньне практыкі мэтавага навучаньня. Гэта інструмэнт дзяржавы ў частковым разьвязаньні праблемы кадравага дэфіцыту, бо абавязковая адпрацоўка пасьля яго завяршэньня складае 5 гадоў і дае магчымасьць замацоўваць маладых спэцыялістаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях на працяглы тэрмін.

Заўважылі аўтары дакумэнту і высокую інтэнсіўнасьць ідэалягічных мерапрыемстваў у траўні, што тлумачылася буйнымі ідэалягічнымі сьвятамі, якія адзначаліся ў Беларусі ў гэты пэрыяд. Мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню Перамогі, ахапілі ўсе ўзроўні адукацыйнай сыстэмы — ад дашкольных установаў да ўнівэрсытэтаў.

«Даволі трывожным элемэнтам такіх мерапрыемстваў стала масавае перапрананьне маленькіх дзяцей і школьнікаў у вайсковую форму», — пішуць аўтары маніторынгавага дасьледаваньня.

Прыкметнай падзеяй стала аднаўленьне лекцый прапагандыстаў Рыгора Азаронка і Андрэя Лазуткіна ў ВНУ Беларусі. Гэтым разам прапагандысцкія лекцыі праводзіліся ў ВНУ Гомлю, Магілёва і Віцебску.

Да правядзеньня тэматычных заняткаў, прысьвечаных Дню сям'і, актыўна прыцягваліся прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, у выніку чаго ўдзел РПЦ у адукацыйным працэсе захоўваецца на высокім узроўні ўжо на працягу трох месяцаў запар, гэтая зьява можа ўказваць на фармаваньне ўстойлівай тэндэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьбіралі АК, стралялі, вывучалі ручныя гранаты, мералі парашуты. Як рэжым Лукашэнкі мілітарызуе дзяцей

Дадаць да папярэдніх пунктаў варта тое, што ў Беларусі інтэнсыфікуецца працэс мілітарызацыі адукацыі. Травень адзначыўся пачаткам абавязковых навучальна-палявых збораў для вучняў 10-х клясаў ва ўсіх школах краіны. Упершыню працягласьць збораў павялічылася да 10 дзён, аднак яшчэ больш значнай зьменай стаў новы фармат іх правядзеньня. У шэрагу выпадкаў зборы былі на кругласуткавай аснове, хаця раней такая практыка была ініцыятывай толькі асобных устаноў адукацыі.

За мінулы месяц у дзіцячых садках адкрылі адразу некалькі групаў «вайскова-патрыятычнай» накіраванасьці, а ў школах і каледжах зьявіліся новыя «вайскова-патрыятычныя» клюбы.

Адбылося масавае ўцягваньне прарасейскіх арганізацый у сьвяткаваньне Дня Перамогі. Так званыя «Русские дома» правялі ў розных гарадах Беларусі шэраг сустрэчаў. У іх бралі ўдзел і прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных устаноў — Беларускай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, Нацыянальнай бібліятэкі.

Некаторыя мерапрыемствы, уключна з кінапаказамі, прадэманстравалі, што расейская прапаганда спрабуе паступова спалучыць два наратывы. Памяць аб так званай «Вялікай Айчыннай вайне» і сучаснай расейскай вайне супраць Украіны. Бадай, галоўнай акцыяй расейцаў у Беларусі стала правядзеньне расейскіх афіцыйных асобаў у шэсьці «Бесьсьмяротны полк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Канадзкі гісторык: Беларусь у маскоўскай сетцы, але з уласнай будучыняй

У траўні адбылася першая за некалькі гадоў міжнародная сустрэча прадстаўнікоў беларускай сфэры адукацыі з заходнеэўрапейскімі калегамі. Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі сустрэлася з італьянскай дэлегацыяй, абмяркоўвалася пэрспэктыва аднаўленьня двухбаковай супрацы ў гуманітарнай сфэры.

Пры гэтым на міжнародным кірунку ёсьць і іншыя працэсы. Травень адзначыўся працягам ціску з боку беларускіх дзяржаўных структур на ЭГУ. У пачатку траўня прадстаўнік пракуратуры Беларусі адкрыта заявіў, што навучаньне і праца ва ўнівэрсытэце могуць стаць падставай для крымінальнага перасьледу. Ужо вядома пра тое, што шэраг беларускіх студэнтаў забраў з ЭГУ дакумэнты. У гарадах Беларусі ў чэрвені працягваюцца ператрусы ў людзей, зьвязаных у мінулым ці сучаснасьці з ЭГУ, сілавікі пагражаюць нават іхным сваякам.

Такім чынам, вынікі майскага маніторынгавага дасьледаваньня прадэманстравалі, сярод іншага, разьвіцьцё ранейшых тэндэнцый, характэрных для беларускай адукацыі ў апошнія гады: абмежаваньне права палітычна неляяльных грамадзян на пэдагагічную дзейнасьць і ўзмацненьне ідэалягічнага кантролю з боку дзяржавы над сфэрай адукацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Віцебскай вобласьці на допыты выклікаюць колішніх студэнтаў ЭГУ і іхных бацькоў. Новыя дэталі справы