Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі ЦТ: выпускнікі сталі ведаць беларускую мову лепш, а расейскую горш

Выпускнікі школаў ідуць на цэнтралізаваны экзамэн. Архіўнае фота
Выпускнікі школаў ідуць на цэнтралізаваны экзамэн. Архіўнае фота

У Міністэрстве адукацыі Беларусі паведамілі вынікі цэнтралізаванага экзамэну (ЦЭ) у беларускай і расейскай мовах, які здавалі сёлетнія выпускнікі школ.

Як адзначаецца ў Telegram-канале міністэрства, у іспытах у расейскай мове ўзялі ўдзел 46 тысяч выпускнікоў, а ў беларускай — 10,7 тысячы.

«Максымальна магчымы вынік 100 балаў пашанцавала атрымаць 979 вучням, у тым ліку 715 — у расейскай мове, 254 — у беларускай мове. Адзін выпускнік ня даў рады экзамэнацыйнай працы, атрымаў нуль балаў. Сярэдняя тэставая адзнака ў расейскай мове склала 62,6 бала, у беларускай мове — 65,6 бала (63,3 і 61,7 адпаведна ў 2024 годзе», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Выпускнікі, якія з паважных прычын не змаглі ўдзельнічаць у цэнтралізаваным экзамэне ў асноўныя тэрміны, змогуць здаць яго ў рэзэрвовыя дні — 21 і 23 чэрвеня.

Сёлета ў цэнтралізаваным экзамэне ўдзельнічаюць больш за 56 тысяч выпускнікоў 11-х клясаў. ЦЭ складаецца з двух іспытаў у тэставай форме: з прадмету на выбар, а таксама зь беларускай або расейскай мовы. Апошні ЦЭ ў мовах праходзіў 29 траўня.

Найбольш запатрабаванымі прадметамі сталі расейская мова — яе выбралі больш за 46 тысяч чалавек, матэматыку выбралі амаль 19 тысяч абітурыентаў, на беларускую мову запісаліся больш за 10 тысяч чалавек.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG