Публікуем кароткі канспэкт выступу, які адбываўся на ангельскай мове.
Уражаньні ад візыту ва Ўкраіну
«Беларусы і ўкраінцы сутыкнуліся з адным ворагам — імпэрскімі амбіцыямі Расеі»
Адзін з галоўных акцэнтаў выступу Ціханоўскай для чэскай аўдыторыі — Украіна сёньня змагаецца ня толькі за сябе. Яна назвала ўкраінцаў крыніцай натхненьня для беларусаў і ўсёй Эўропы.
Таксама Ціханоўская падкрэсьліла: «Хоць дыктатар Лукашэнка, насуперак волі беларускага народу, зрабіў Беларусь саюзьніцай Расеі, большасьць беларусаў — на баку ўкраінцаў».
«Візыт у Кіеў стаў гістарычнай падзеяй»
Ціханоўская адзначыла, што запрашэньне ад прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага стала гістарычнай падзеяй для Беларусі.
«Нягледзячы на амаль штодзённыя абстрэлы, украінцы спрабуюць жыць нармальным жыцьцём — насуперак усім спробам зламаць іхны дух», — падзялілася яна ўражаньнямі ад візыту.
«Украінцы ніколі не забудуць ваенных злачынстваў Лукашэнкі і ніколі яму іх не даруюць»
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што «Лукашэнка дае расейскай арміі нашую зямлю і нашую інфраструктуру для магчымай эскаляцыі».
У той час як яна падкрэсьліла, што беларускія добраахвотнікі змагаюцца разам з украінцамі, беларускія валянтэры дапамагаюць аднаўляць будынкі, разбураныя Расеяй ва Ўкраіне, а дэмакратычныя палітыкі выступаюць на міжнароднай арэне за тое, каб Украіне далі ўсё магчымае, што дапаможа ёй перамагчы ў гэтай вайне.
«Беларусы — праўкраінскія, антырасейскія і антываенныя»
Ціханоўская прызнала, што пасьля пачатку вайны беларускім дэмакратычным сілам давялося шмат тлумачыць украінцам: рэжым Лукашэнкі і беларускі народ — «розныя рэчы».
Паводле Ціханоўскай, яе візыт ва Ўкраіну стаў магчымасьцю «адкрыць Беларусь для Ўкраіны» і дапамагчы ўкраінцам лепш зразумець беларускую нацыю.
«Мы, беларуская нацыя, вельмі ганарымся нашымі вайсковымі добраахвотнікамі»
Ціханоўская асобна адзначыла ролю беларускіх добраахвотнікаў, якія з першых дзён вайны далучыліся да абароны Ўкраіны.
Перамога Ўкраіны, на яе думку, стане для беларусаў шанцам пазбавіцца дыктатуры і «гібрыднай акупацыі», у якой цяпер знаходзіцца краіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская ў Кіеве: Украіна пачала новую гульню вакол БеларусіВынікі сустрэчаў з чэскімі палітыкамі
«Чэхія не атаясамлівае беларускі народ з рэжымам Лукашэнкі»
Сьвятлана Ціханоўская згадала сустрэчу з прэзыдэнтам Пэтрам Павэлам, якая адбылася 10 чэрвеня, і падзякавала яму за публічную падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Паводле Ціханоўскай, Чэхія разумее: беларускае пытаньне ня можа зводзіцца да Лукашэнкі і ягонага рэжыму.
У размове з чэскім кіраўніцтвам, адзначае Ціханоўская, ішла гаворка ня толькі пра палітычную падтрымку, але і пра практычныя рэчы: санкцыі, ціск на рэжым і дапамогу беларусам, якія жывуць у Чэхіі.
«Калі вы падтрымліваеце беларусаў або падтрымліваеце ўкраінцаў, думайце пра гэта як пра інвэстыцыю ва ўласную бясьпеку»
Зьвяртаючыся да чэскай публікі, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што беларусы і ўкраінцы знаходзяцца на перадавой барацьбы паміж дыктатурай і палітычнымі амбіцыямі Расіі — і свабодным, дэмакратычным сьветам.
«Чэская Рэспубліка і прэзыдэнт разумеюць: беларускае пытаньне — гэта ня толькі пра гуманітарны крызіс і палітвязьняў. Гэта ўжо пытаньне бясьпекі рэгіёну», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Чэхіі і кіраўніком МЗС. Прага абяцае палегчыць выдачу візаў сваякам беларусаўБеларусь на міжнародным парадку дня
«Для людзей у Беларусі вельмі важна разумець, што ў нас ёсьць саюзьнікі на нашым цяжкім шляху да дэмакратыі»
Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што дэмакратычныя сілы здолелі ўтрымаць Беларусь на міжнародным парадку дня, стварыць інстытуты падтрымкі палітвязьняў і іхных сем’яў. Яна таксама заявіла, што Беларусь застаецца ў полі нацыянальных інтарэсаў многіх краінаў.
«Словаў асуджэньня недастаткова»: патрэбныя санкцыі, візы і стыпэндыі
У той жа час Ціханоўская заклікала заходніх партнэраў пераходзіць ад заяваў да практычных крокаў. Паводле яе, важныя ня толькі словы падтрымкі, але і рэальныя інструмэнты ціску на рэжым і дапамогі беларускаму грамадзтву.
Асобна яна адзначыла патрэбу ў санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі, магчымасьцях атрыманьня візаў для беларусаў, стыпэндыях для беларускіх студэнтаў.
Яна патлумачыла, што візы і стыпэндыі — гэта ня толькі гуманітарная дапамога. Гэта магчымасьць для беларусаў бачыць, як працуе дэмакратычны сьвет, вучыцца ў дэмакратычных унівэрсытэтах і захоўваць сувязь з Эўропай.
Беларусы жывуць пад «рэпрэсіямі сталінскага маштабу», але супраціў працягваецца
«Беларусы цяпер ня могуць быць вельмі актыўнымі праз рэпрэсіі сталінскага маштабу. Але людзі працягваюць дапамагаць дэмакратычнай барацьбе: перадаюць нам інфармацыю, дзеляцца зьвесткамі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, робяць невялікія акты сабатажу на сваіх прадпрыемствах», — заявіла Ціханоўская.
Лідэрка дэмакрытычных сілаў Беларусі ўпэўненая, што супраціў у краіне не зьнік. Паводле яе, калі «надыдзе момант неабходнасьці», беларусы зноў пакажуць сваю сілу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ня так і шмат галасоў кажуць „Чаго яна там езьдзіць?“». Інтэрвію зь Ціханоўскай пра крытыку, «эпоху барацьбы» і дзяцей
Ганна Ермаковіч