Вільня абвясьціла вышук літоўца, які ўцёк у Беларусь і ўдзельнічае ў прапагандысцкіх шоў

Антанас Кандротас

У Літве Апэляцыйны суд пацьвердзіў вырак грамадзяніну Літвы Антанасу Кандротасу (мянушка Цэлафанас) аб пазбаўленьні яго волі на адзін год за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе, але паколькі ён уцёк у Беларусь, улады цяпер мусяць абвясьціць яго вышук.

«Калі паліцыя атрымае пастанову суду аб тым, што ён асуджаны на рэальнае пакараньне зьняволеньнем, тэарэтычна мы вызначаем магчымае месца яго знаходжаньня, напрыклад, што ён за мяжой, і абвяшчаем міжнародны вышук», — працытавала агенцтва BNS прадстаўніка паліцыі Рамунаса Матоніса.

У дзень, калі апэляцыйны суд пацьвердзіў вырак, Антанас Кандротас зьявіўся ў прапагандысцкім праекце БелТА «Честный рассказ», у якім зноў выказаў рэзкую крытыку на адрас літоўскіх уладаў і падтрымку ўладам Беларусі.

У гэтым праекце яго ўжо назвалі «літоўскім актывістам і прадпрымальнікам», хоць раней сьцьвярджалі, што ён вядомы літоўскі палітык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітык, які ня браў удзел у выбарах, шматкроць суджаны. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадачаў Беларускай тэлевізіі

19 сакавіка суд у Вільні пакараў Антанаса Кандротаса адным годам пазбаўленьня волі за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе. Суд прызнаў яго рэцыдывістам, бо ён быў суджаны ўжо пяць разоў, у тым ліку за фінансавыя і падатковыя злачынствы, і раней сядзеў у турме. Апроч таго, Кандротас павінен выплаціць адну тысячу эўра кампэнсацыі маральнай шкоды палітыку, супраць якога выказваўся.

У Літве вырак набывае моц толькі пасьля таго, як яго пацьвердзіць апэляцыйная інстанцыя. Разгляд плянавалі на 19 траўня, але Кандротас не зьявіўся на яго, а неўзабаве пасьля пераносу справы на іншы дзень ён апублікаваў у Facebook сваё фота на шпітальным ложку і паведамленьнем, што перанёс востры інфаркт. У якім горадзе яго шпіталізавалі, не было інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літовец з крымінальным прысудам, які ўцёк у Беларусь і выступаў на БТ, трапіў у рэанімацыю

«Удзельнік скаардынаванай спэцапэрацыі Крамля»

Літоўскае выданьне LRT зьвярнула ўвагу на тое, што Антанас Кандротас апынуўся ў Беларусі адначасова з скандальна вядомым латвійскім палітыкам Аляксеем Росьлікавым.

Як адзначаецца ў журналісцкім расьсьледаваньні, яны пазнаёміліся яшчэ падчас пандэміі COVID-19. Абодва разам з аднадумцамі з Эстоніі стваралі ў сваіх краінах рухі, якія падрывалі давер да дзяржаўных інстытутаў і заклікалі да супраціву.

Адпаведна ў Літве і Латвіі супраць іх завялі крымінальныя справы, паводле якіх абодвум пагражае доўгатэрміновае пазбаўленьне волі.

Заходнія выведныя службы папярэдзілі, што рыторыка Крамля датычна краін Балтыі становіцца ўсё больш агрэсіўнай: выкарыстоўваюцца інцыдэнты зь бесьпілётнікамі і маштабныя дэзынфармацыйныя кампаніі, у якіх паўтараюць абвінавачаньні балтыйскіх краін у спрыяньні ўкраінскім атакам на Расею.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы (ДДБ) ня даў адназначнага адказу на пытаньне аддзелу расьсьледаваньняў LRT, ці Кандротас і Росьлікаў каардынавалі свой адначасовы выезд у Беларусь для ўдзелу ў апэрацыі Крамля.

Ведамства патлумачыла, што публікацыя падобнай інфармацыі можа нанесьці шкоду дзейнасьці выведных службаў. Аднак прызнала, што рэжымы варожых дзяржаваў узмацнілі дзейнасьць супраць краін Балтыі і актыўна выкарыстоўваюць асобаў, якія ўцяклі з краін свайго грамадзянства.

«Такіх дзеячоў нярэдка ўцягваюць у распаўсюд прапаганды і дэзынфармацыі, таксама яны ўдзельнічаюць у інфармацыйных апэрацыях супраць дзяржаваў рэгіёну», — адзначылі ў ДГБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пятля, рэанімацыя і вяртаньне ў ЗША. Як у Беларусі складваюцца лёсы перабежчыкаў з Захаду


Чым вядомы Кандротас?

Антанаса Кандротаса ледзь ня кожны тыдзень запрашалі на перадачы Горадзенскай абласной тэлекампаніі, дзе ён выказваўся супраць палітыкі Літвы стасоўна Беларусі, крытыкаваў стварэньне новага вайсковага палігону ля мяжы зь Беларусьсю ў раёне Сувальскага калідору і рост вайсковых выдаткаў.

Кандротаса шматкроць судзілі — за фінансавыя махлярствы, за беспарадкі каля парлямэнту, ён сядзеў у турме, але быў датэрмінова вызвалены ў 2025 годзе.

У 2021 годзе яго заўважылі за стырном аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпляматычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх мэдыя, аўтамабіль мог належаць амбасадзе Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта зьняпраўджваў, сьцьвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта быў. Мальтыйскі ордэн гэта адрынуў і афіцыйна ад Кандротаса адмежаваўся.

У студзені 2022 году Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам зь іншымі ўдзельнікамі антыэўрапейскай партыі «Зара справядлівасьці» (яе ачольваў Альгірдас Паляцкіс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Расеі) і ўдзельнічаў у сустрэчы зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасьці» і на сустрэчах абураліся палітыкай ураду Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць суседніх краін Эўразьвязу.

У жніўні 2025 году Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літоўца, які ўдзельнічаў у прапагандысцкіх праграмах БТ, на год пазбавілі волі