Аднаму зь іх — Лаўрынасу Рагяльскісу, які спрабаваў зьнішчыць каля амбасады Беларусі ў Літве мэмарыял памяці загінулых пасьля 2020 году беларусаў — суд цалкам забараніў карыстацца ўсімі сацыяльнымі сеткамі цягам аднаго году і дзевяці месяцаў (на столькі яму абмежавалі волю).
Перад гэтым асудзілі ягоную паплечніцу — Эрыку Швянчонене — за адмаўленьне злачынстваў СССР, у тым ліку трагедыю 1991 году ў Медніках, калі на памежным пастарунку загінулі сямёра супрацоўнікаў літоўскіх мытні, паліцыі і памежнай службы.
Расьсьледуюць яшчэ адну справу, дзе яны фігуруюць, — аб дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасьці супраць Літвы, аб публічным ухваленьні міжнародных і савецкіх злачынстваў, іх адмаўленьні і грубым прыніжэньні.
Цяпер у праграмы, прынамсі, Горадзенскай абласной тэлекампаніі найчасьцей запрашаюць яшчэ аднаго літоўца — Антанаса Кандротаса. Яго там называюць «вядомым літоўскім палітыкам». Свабода паглядзела, як і чым ён вядомы.
Палітык, які ніколі ня ўдзельнічаў у выбарах
Антанас Кандротас нарадзіўся ў Коўне 28 сьнежня 1980 году. Вядомы таксама пад мянушкай Цэлафан, у літоўскіх мэдыя фігуруе як Kandrotas-Celofanas.
У 2020 годзе ён зьбіраўся ісьці на выбары ў парлямэнт з партыяй «Саюз змагароў за Літву», але партыя не заплаціла складку, не сабрала подпісы, і таму яе не зарэгістравалі для ўдзелу ў выбарах.
Гэта невялікая ўльтраправая партыя, якую ачольваў скандальны мэр Коўна Вітаўтас Шустаўскас (памёр у 2023 годзе), што заяўляў аб намеры прасіць палітычнага прытулку щ Беларусі — яго некалькі разоў затрымлівалі за зьнявагу паліцыянтаў. Меў прарасейскія погляды, выступаў супраць інтэграцыі Літвы ў Эўразьвяз і NATO, адзін раз абіраўся ў парлямэнт, а вядомасьць яму прынёс так званы «Баль жабракоў», які ён зладзіў у 1999 годзе для народу перад віленскай Ратушай, дзе тады першыя асобы дзяржавы праводзілі дабрачынны «Венскі баль».
У 2024 годзе Антанас Кандротас заяўляў аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах ад ачольванай ім партыі «Мы — Літва» («Mes Lietuva»), але яго не зарэгістравалі, бо ён не падаў усіх патрэбных дакумэнтаў.
Шматкроць асуджаны за фінансавае махлярства і ня толькі
У 2013 годзе Віленскі акруговы суд упершыню асудзіў яго за фінансавае махлярства. Тады яго пакаралі пазбаўленьнем волі на адзін год і 7 месяцаў. У 2007 годзе ён стварыў фіктыўную кампанію, якая набывала актывы ў доўг, а потым зьнік.
Другі раз на такі ж тэрмін яго асудзілі ў 2017 годзе — ён не сплаціў 700 тысяч эўра падаткаў за дзейнасьць фіктыўнай кампаніі, якая займалася набыцьцём і продажам бэнзіну.
У лістападзе 2023 году яго асудзілі на чатыры гады зьняволеньня за фінансавае махлярства, але ў 2025 годзе датэрмінова вызвалілі.
У верасьні 2025 году Антанаса Кандротаса асудзілі на 4 гады пазбаўленьня волі за ўдзел у закалотах каля літоўскага парлямэнту. Вырак пакуль не набыў юрыдычную моц, бо Кандротас яго абскардзіў і працэс пакуль не завершаны.
Сёлета ў лютым суд разглядаў справу супраць яго за абразу колішняга дэпутата і распальваньне нянавісьці на глебе сэксуальнай арыентацыі. Абвінавачаньне прасіла суд пакараць яго адным годам пазбаўленьня волі.
Удзельнік антыглябалісцкіх пратэстаў
Кандротас быў удзельнікам акцыяў пратэсту супраць абмежаваньняў праз пандэмію COVID-19. На іх ён справакаваў сутыкненьні з паліцыяй, суд абмежаваў яго ў магчымасьці ўдзельнічаць у далейшых пратэстах. На судовых пасяджэньнях ён на знак пратэсту супраць нашэньня масак заклейваў рот скотчам.
«Палітычны экспэрт» прапаганды ў Беларусі быў адным з арганізатараў «Вялікага маршу ў абарону сям’і» ў траўні 2021 году супраць прапанаванага ўрадам праекту закону аб грамадзянскім партнэрстве.
Удзельнічаў у антыўкраінскіх акцыях пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Сувязі зь Беларусьсю
У 2021 годзе яго заўважылі за стырном аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпляматычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх мэдыя, аўтамабіль мог належаць амбасадзе Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта зьняпраўджваў і сьцьвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта зьяўляўся. Мальтыйскі ордэн гэта адрынуў і афіцыйна ад Кандротаса дыстанцыяваўся.
У студзені 2022 году Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам зь іншымі ўдзельнікамі антыэўрапейскай партыі «Зара справядлівасьці» (яе ачольваў Альгірдас Паляцкіс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Расеі) і ўдзельнічаў у сустрэчы зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасьці» і на сустрэчах абураліся палітыкай ураду Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць сваіх эўрапейскіх суседзяў.
У жніўні 2025 году Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.
Форум