Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве асудзілі прарасейскую актывістку за адмаўленьне злачынстваў СССР. Яна шмат езьдзіла ў Беларусь

Эрыка Швянчонене ў ліпені 2022 году наведвала Беларускую АЭС у Астраўцы
Эрыка Швянчонене ў ліпені 2022 году наведвала Беларускую АЭС у Астраўцы

Адно з такіх злачынстваў — трагедыя на мяжы зь Беларусьсю, якая адбылася ў Медніках 35 гадоў таму.

Віленскі гарадзкі акруговы суд аштрафаваў грамадзянку Літвы Эрыку Швянчонене, якая назвала трагедыю 1991 году ў Медніках, калі на памежным пастарунку загінулі сямёра супрацоўнікаў літоўскіх мытні, паліцыі і памежнай службы, «вынікам дзейнасьці спэцслужбаў Літвы».

Як паведаміла выданьне LRT, яе абавязалі сплаціць штраф у 3 750 эўра, хоць абвінавачваньне прасіла абмежаваць яе свабоду на год і шэсьць месяцаў з інтэнсіўным наглядам пры дапамозе электронных сродкаў сачэньня.

На абвяшчэньне прысуду ў суд прыйшлі яе аднадумцы — Казімерас Юрайціс, які разам з Швянчонене праходзіць у іншай справе (за дапамогу замежнай дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літвы), а таксама Лаўрынас Рагяльскіс, які чакае выраку ў справе аб падбухторваньні супраць групы людзей і апаганеньні месца грамадзкага шанаваньня.

Справу супраць Эрыкі Швянчонене завялі пасьля таго, як яна апублікавала ў Facebook допіс аб нападзе на памежны пункт у Медніках на мяжы зь Беларусьсю 31 ліпеня 1991 году. Тады загінулі 7 супрацоўнікаў літоўскіх праваахоўных службаў, а адзін атрымаў цяжкае раненьне.

«Трагедыя ў Медніках — гэта цёмнае наступства дзейнасьці спэцслужбаў Літвы. Шмат фактаў сьведчылі аб тым, што забойцы былі з сваіх. Праўда прыхаваная, сьведкі змаўкаюць», — напісала тады яна.

Экспэртка ў лінгвістыцы Гінтарэ Герасіменкене, якая выступала ў судзе, заявіла, што абвінавачаная ў ацэнцы тых падзеяў дзейнічала паводле шаблёнаў варожай прапаганды.

Асуджаная, якая разам з Валерыем Івановым і Казімерасам Юрайцісам зьяўляецца сузаснавальніцай зьліквідаванага «Міжнароднага форуму добрасуседзтва», таксама праходзіць абвінавачанай у яшчэ адной справе — аб дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасьці супраць Літвы, аб публічным ухваленьні міжнародных і савецкіх злачынстваў, іх адмаўленьні і грубым прыніжэньні.

Эрыка Швянчонене, Казімерас Юрайціс і Лаўрынас Рагяльскіс разам зь іншымі антызаходнімі і прарасейскімі літоўскімі блогерамі ў ліпені 2022 году наведвалі Беларускую АЭС у Астраўцы. Пасьля гэтага Эрыка Швянчонене выказвалася за аднаўленьне дачыненьняў паміж Літвой і Беларусьсю і пастаўкі «таннай» беларускай электраэнэргіі ў Літву.

Доўгі час пасьля гэтай паездкі яна і яе паплечнікі часта давалі камэнтары прапагандысцкім СМІ Беларусі аб «няправільнай» палітыцы Літвы ў дачыненьні Беларусі.

Што адбылося 35 гадоў таму на мяжы Літвы і Беларусі

11 сакавіка 1990 году парлямэнт Літвы абвясьціў незалежнасьць краіны ад СССР. Пасьля гэтага літоўскія ўлады пачалі ствараць памежныя і мытныя пасты на межах Літвы. Мытны пост «Меднікі» на мяжы зь Беларусьсю быў невялікі — для працы мытнікаў і памежнікаў паставілі звычайны вагон.

Нагодай для памежных канфліктаў стаў увод урадам Літвы жорсткіх абмежаваньняў на вываз тавараў зь літоўскай тэрыторыі. У першай палавіне траўня 1991 году некалькі памежных пастоў спалілі. Вясной і летам 1991 году сэрыю нападаў на гэтыя пастарункі ўчынілі байцы рыскага і віленскага АМАПу з шаўронамі «Наши». Гэтыя аддзелы падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных справаў СССР.

18 траўня 1991 году нібыта з засады побач з Салечнікамі застрэлілі ўчастковага інспэктара Воранаўскага раённага аддзелу ўнутраных справаў БССР Аляксандра Фіяся. На наступны дзень застрэлілі капітана памежнай службы Літвы Гінтараса Жагуніса. Беларуская міліцыя затрымала падазраваных, сярод якіх быў брат Аляксандра Фіяся.

Раніцай 31 ліпеня 1991 году на мяжы Літвы і Беларусі, на пастарунку ў Медніках, службоўцы рыскага АМАПу напалі на літоўскіх памежнікаў і мытнікаў. Сем супрацоўнікаў мытні, паліцыі і памежнай службы загінулі, адзін атрымаў раненьні і выжыў, але застаўся інвалідам.

У кастрычніку 2016 году Віленскі акруговы суд завочна засудзіў трох колішніх байцоў рыскага АМАПу (цяпер грамадзяне Расеі) на пажыцьцёвае зьняволеньне паводле абвінавачаньня ў забойстве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG