Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковая выведка Літвы выявіла, як замаўляюць надпісы «Вільня наша». Вінавацяць спэцслужбы «варожых краін»

Помнік каралю Міндоўгу ў Вільні з надпісам на пастамэнце, каляж www.15min.lt
Помнік каралю Міндоўгу ў Вільні з надпісам на пастамэнце, каляж www.15min.lt

Да варожых краін у Літве адносяць Расею і Беларусь.

Помнік каралю Міндоўгу ў Вільні стаў мішэньню вандалаў. На яго пастамэнце 17 лютага нанесьлі фарбай надпіс па-беларуску «Вільня наша».

Помнік стаіць ў самым цэнтры Вільні, побач зь Літоўскім нацыянальным музэем. Помнік ачысьцілі, але, паводле інфармацыі гарадзкой мэрыі, няма як высьветліць, хто яго пашкодзіў, піша сайт 15min.lt.

Як паведамляе агенцтва BNS, Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў (вайсковая выведка Літвы) заявіў, што «назірае актыўную дзейнасьць службаў выведкі і бясьпекі варожых дзяржаваў у сацыяльных сетках, падчас якой робяцца спробы вэрбаваць жыхароў краіны».

«На інтэрнэт-плятформах для перапіскі распаўсюджваюцца прапановы выконваць заданьні ў Літве, якія адпавядаюць інтарэсам варожых дзяржаваў — фіксуюцца выпадкі, калі асобы, якія часьцей за ўсё называюць сябе імёнамі і прозьвішчамі замежных грамадзян, за ўзнагароджаньне просяць распаўсюджваць пасты, якія распальваюць этнічную варожасьць», — гаворыцца ў заяве.

У адным з апошніх зафіксаваных выведкай Літвы выпадкаў у сацыяльнай сетцы Telegram асобу, якую вэрбуюць, просяць распаўсюдзіць улёткі з тэкстам «Вільня наша», за выкананую працу прапануецца ўзнагарода. Калі вэрбаваная асоба просіць аплаціць выдаткі на друк, ёй адмаўляюць, прапануючы спачатку наклеіць хаця б частку ўлётак і такім чынам забясьпечыць выкананьне заданьня.

«Гэтыя ўлёткі раздрукуй на каляровым прынтэры ў фармаце А6, выраж і прыклей у людных месцах, лепш за ўсё клеіць бліжэй да цэнтру гораду, сфатаграфуй кожную ўлётку. Дашлі мне ўсе фатаграфіі — мы будзем выбарачна правяраць бачнасьць улёткі, пасьля праверкі атрымаеш 50 эўра за 100 улётак», — гаворыцца ў паведамленьнях, адпраўленых вэрбаванай асобе.

Вэрбуюць рознымі спосабамі — чалавекам могуць маніпуляваць або шантажаваць яго, карыстаючыся такімі ўразлівасьцямі, як дрэннае фінансавае становішча, залежнасьць або ідэалёгія.
Пры вэрбаваньні ў сацыяльных сетках спачатку просяць выканаць нескладаныя заданьні — абліць помнік фарбай, нанесьці надпісы на сьцены або распаўсюдзіць плякаты, улёткі, налепкі палітычнага характару.

Пазьней прапануюць больш складаныя заданьні — завэрбаваных асобаў могуць прасіць шпіёніць: назіраць, фатаграфаваць і адпраўляць службам выведкі і бясьпекі варожых дзяржаваў сабраную інфармацыю аб вайсковых частках Узброеных сілаў Літвы, месцах дысьлякацыі сілаў NATO, аб перамяшчэньнях вайсковага транспарту па дарогах Літвы, аб асабліва важнай інфраструктуры.

Пазьней прапануецца зьдзейсьніць дывэрсійныя акты ў Літве і замежных дзяржавах. Паводле наяўных у літоўскай выведкі доказаў, замоўцамі выступаюць асобы, зьвязаныя з службамі выведкі і бясьпекі варожых дзяржаў, таму жыхароў заклікаюць захоўваць пільнасьць і не прымаць прапановы аб выкананьні заданьняў, якія маюць прыкметы незаконнай дзейнасьці.

Як пісала раней агенцтва BNS, у лютым жыхароў папярэджваў і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, які паведамляў, што КДБ Беларусі распаўсюджвае відэазапіс, у якім, заклікаючы пагаварыць пра незадаволенасьць літоўскімі ўладамі, актыўна прыцягвае патэнцыйных агентаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG