У Беларусі выпусьцілі кітайска-беларускі слоўнік на 30 тысяч словаў

Кітайска-беларускі слоўнік

Гэта ня першы падобны слоўнік, але найбольш ёмісты.

У Беларусі выйшаў грунтоўны «Кітайска-беларускі слоўнік». Ён зьмяшчае больш за 30 тысяч словаў і фразэалягічных выразаў кітайскай мовы зь беларускімі адпаведнікамі, паведаміла «Суполка беларускіх пісьменьнікаў» у Тэлеграме.

Слоўнік выдалі ў супрацы Інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выйшла кніга ў выдавецтве «Колоград». Удзел у працы над слоўнікам узялі мовазнаўцы Мікіта Баравік, Югася Волкава, Ігар Капылоў, Уладзімер Кошчанка і Марына Яромка.

У слоўніку ёсьць агульнаўжывальная, размоўная, састарэлая лексыка, навуковыя, тэхнічныя, мэдычныя і грамадзка-палітычныя тэрміны.

У выданьні ёсьць транскрыпцыйная табліца для перадачы кітайскіх складоў на беларускую мову. Яна распрацаваная на аснове кітайскага фанэтычнага альфабэту (піньінь) і прынцыпаў перадачы кітайскіх складоў з дапамогай Міжнароднага фанэтычнага альфабэту з улікам сыстэмаў транскрыпцыі ў іншых мовах з кірылічным пісьмом.

Актуальнасьць зацьвярджэньня нарматыўнай табліцы вынікае з патрэбы ўніфікаваць перадачу кітайскіх уласных імёнаў па-беларуску ў інфармацыйнай прасторы, у тым ліку ў адукацыйнай, перакладніцкай, мэдыйнай і выдавецкай дзейнасьці. Мэта — узгодненасьць і аднастайнасьць у выкарыстаньні кітайскіх імёнаў, тэрмінаў, іншых лексычных адзінак у афіцыйных дакумэнтах, навуковых працах, мэдыя й іншых галінах.

Беларуска-кітайскія моўныя сувязі

Кітайскую мову ў Беларусі сталі вывучаць з 2006 году. Тады асобны прадмет «кітайская мова» зьявіўся ў некалькіх школах Менску. Цяпер кітайскую вучаць і ў іншых гарадах Беларусі.

Паводле леташніх лічбаў Міністэрства адукацыі Беларусі, у 2025 годзе больш за 5,5 тысячы навучэнцаў і студэнтаў вывучалі кітайскую мову як асобны прадмет. Існуюць беларускія падручнікі гэтай мовы.

Што да слоўнікаў, то выданьне, якое зьявілася цяпер, ня першае. Першым буйным акадэмічным выданьнем стаў двухбаковы «Кітайска-беларускі слоўнік. Беларуска-кітайскі слоўнік», які выйшаў у 2021 годзе пад навуковай рэдакцыяй Ігара Капылова. Кожная з частак зьмяшчала больш за 9 тысяч найбольш ужывальных словаў і выразаў. Кніга стала першай буйной лексыкаграфічнай працай у беларуска-кітайскіх моўных дачыненьнях.

Дарэчы, той самы слоўнік ёсьць ня толькі на паперы, існуе ягоная онлайн-вэрсія.

Як у Беларусі вучаць кітайскую, гэтак і ў Кітаі вучаць беларускую. Нягледзячы на дыскрымінацыю беларускай мовы рэжымам Лукашэнкі, за мяжой Міністэрства адукацыі Беларусі нярэдка ўдзельнічала ў сустрэчах у Пэкіне й іншых гарадах Кітаю, прысьвечаных беларускай мове. Яе ў Кітаі вывучаюць апошнія два дзесяцігодзьдзі. Першай установай, якая ўвяла спэцыяльнасьць «беларусістыка», стаў Пэкінскі ўнівэрсытэт замежных моваў.

Цяпер ужо ёсьць падручнікі беларускай мовы для кітайскай аўдыторыі. Дзякуючы гэтым друкаваным кнігам і сыстэмнай працы ў вывучэньні моваў стала магчыма рыхтаваць перакладнікаў зь беларускай мовы на кітайскую і наадварот.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экзатычная беларуская мова. Гутарка з аўтаркай падручніка беларускай мовы для палякаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

КДБ супраць культуры. Як у Беларусі перасьледуюць за беларускасьць