Апроч гэтага Трамп заявіў, што «ў нейкі момант ня надта далёкай будучыні мы захопім востраў Харк і іншыя аб’екты нафтавай інфраструктуры і ўсталюем поўны кантроль над іхнымі нафтавымі і газавымі рынкамі, як гэта адбываецца з Вэнэсуэлай, што выдатна працуе і для Вэнэсуэлы, і для ЗША».
Востраў Харк, сакавік 2026 году
На востраве Харк у Пэрсыдзкай затоцы месьціцца найбуйнейшы нафтавы тэрмінал, які абслугоўвае больш за 90% экспарту іранскай нафты.
Разам з тым, перамір’е фармальна працягваецца, хоць абодва бакі ня раз вінавацілі адзін аднаго ў ягоным парушэньні.
10 і 11 чэрвеня амэрыканскія вайскоўцы нанесьлі ўдары Іране, а таксама па танкерах у Аманскай затоцы, якія, як сьцьвярджаецца, спрабавалі парушыць марскую блякаду іранскіх партоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп: Іран «занадта доўга цягнуў» зь заключэньнем мірнай дамовай і цяпер «заплаціць за гэта»11 чэрвеня, як паведамілі іранскія СМІ, патанула іранскае судна, якое ішло ў Іран з грузам з Аману. Пяць сябраў экіпажу ўдалося ўратаваць.
Раней ад удару ЗША загінулі трое грамадзян Індыі з экіпажу танкера Settebello. Цэнтральнае камандаваньне ЗША пацьвердзіла атаку, адзначыўшы, што карабель перавозіў іранскую нафту, а экіпаж адмовіўся выконваць загады амэрыканскіх вайскоўцаў. Улады Індыі выказалі пратэст амбасадару ЗША.
Іран, у сваю чаргу, заявіў пра аднаўленьне поўнай блякады Армускай пратокі для ўсіх караблёў.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.