Як гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, гэтыя юрыдычныя і фізычныя асобы імкнуліся знайсьці і набыць зброю, у тым ліку партатыўныя зэнітна-ракетныя комплексы (ПЗРК), ад імя іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР).
У паведамленьні называецца зарэгістраванае ў Беларусі таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Армары Альянс» (Armory Alliance), супраць якога Ўпраўленьне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША 8 траўня ўвяло санкцыі за дапамогу «вайсковым структурам Ірану ў набыцьці зброі, а таксама матэрыялаў, якія прымяняюцца ў бесьпілётніках сэрыі „Шахед“ і праграме балістычных ракет».
Цяпер Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША піша пра гэтую кампанію наступнае:
«Armory Alliance — гэта арганізацыя, разьмешчаная ў Беларусі, якая выступала пасярэднікам паміж кітайскімі кампаніямі і Іранам і садзейнічала набыцьцю сотняў партатыўных зэнітна-ракетных комплексаў (ПЗРК) і іх дастаўцы з Кітая ў Іран, у тым ліку ў спробах накіраваць пастаўкі праз трэція краіны і схаваць іх паходжаньне і сапраўднага канчатковага карыстальніка. Міністэрства фінансаў ЗША раней унесла Armory Alliance у сьпіс у адпаведнасьці з Указам № 13382 ад 8 траўня 2026 году».
Таксама даецца наступнае тлумачэньне наконт аднаго с з супрацоўнікаў Armory Alliance Махамадмахдзі Малекі (Mohammadmahdi Maleki):
«Махамадмахдзі Малекі — гэта грамадзянін Ірану, які пражывае ў Беларусі і, будучы супрацоўнікам ARMORY ALLIANCE, унёс свой уклад у намаганьні Armory Alliance па закупцы зброі на карысьць Ірану. Міністэрства фінансаў ЗША раней унесла Махамадмахдзі Малекі ў сьпіс у адпаведнасьці з Указам № 13382 ад 8 траўня 2026 году».
У паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША ад 8 траўня таксама згадваўся выканаўчы дырэктар Armory Alliance, грамадзянін Беларусі Махамэд Алі Талібаў (Mohammed Ali Tolibov), якога называлі «даўнім пасярэднікам у закупках зброі для Ірана ў Беларусі». У цяперашніх тлумачэньнях Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ягонага імя няма.
Armory Alliance была зарэгістраваная ў Менску ў 2021 годзе. У якасьці асноўнага віду дзейнасьці заяўлены «аптовы гандаль іншымі машынамі ды абсталяваньнем».