Трамп: Іран «занадта доўга цягнуў» зь заключэньнем мірнай дамовай і цяпер «заплаціць за гэта»

Дональд Трамп падчас выступу ў Белым доме, 10 чэрвеня 2026 году
Дональд Трамп падчас выступу ў Белым доме, 10 чэрвеня 2026 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацсетцы Truth Social, што Іран «занадта доўга цягнуў» з заключэньнем мірнай дамовы з Злучанымі Штатамі і цяпер «заплаціць за гэта».

Трамп таксама паўтарыў, што іранскай арміі была нанесеная сур’ёзная шкода падчас удараў ЗША ў лютым—красавіку, і заявіў, што Іран «толькі гаворыць, але нічога ня робіць».

10 чэрвеня ў Белым доме Трамп заявіў, што ЗША «вельмі моцна» ўдараць па Іране, калі мірная дамова ня будзе дасягнутая.

Трамп таксама паведаміў, што Злучаныя Штаты выводзілі нафту з Ірану.

«Я сёньня ўпершыню пра гэта абвяшчаю, але мы выводзілі мільёны барэляў нафты, мільёны барэляў штоночы», — сказаў Трамп, дадаўшы, што Іран «толькі цяпер гэта зразумеў».

Трамп дадаў, што ЗША хочуць з Іранам «дамовы, якая мае сэнс», «якая працуе».

«Мы былі сапраўды блізкія да пагадненьня, але яны працягваюць нас вадзіць за нос, працягваюць рабіць з нас дурняў», — сказаў Трамп.

Паводле яго, Іран ужо пагадзіўся не распрацоўваць ядзерную зброю, але пагадненьне яшчэ трэба падпісаць.

Трамп зрабіў гэтыя заявы неўзабаве пасьля ўдараў ЗША па Іране ў якасьці адплаты за зьбіцьцё амэрыканскага вайсковага верталёта. (Іран заявіў, што ў адказ нанёс удары па базах ЗША ў рэгіёне).

Напярэдадні Трамп казаў, што спадзяецца на заключэньне мірнай дамовы з Іранам найбліжэйшым часам. Мірныя перамовы ідуць з красавіка праз пасярэднікаў. Час ад часу зьяўляюцца паведамленьні, што бакі блізкія да пагадненьня, аднак мяркуючы па заявах з Тэгерану, Іран па-ранейшаму не згаджаецца на ключавыя патрабаваньні ЗША.

Разам з тым, бакі афіцыйна не абвяшчалі пра выхад зь перамір’я, аб’яўленага напачатку красавіка. З таго часу ЗША і Іран абменьваліся ўдарамі ня раз.

​
XS
SM
MD
LG