Пра гэта піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Вашынгтоне Алекс Рафаглу.
Атакі былі накіраваны на некалькі іранскіх сыстэм супрацьпаветранай абароны і радараў. Адзін з амэрыканскіх чыноўнікаў заявіў Радыё Свабода, што апэрацыя «працягваецца» і сканцэнтравана на сыстэмах супрацьпаветранай абароны і радарах. Іранскія дзяржаўныя СМІ паведамілі пра выбухі ў некалькіх месцах па ўсёй правінцыі Хармазган.
Удары адбыліся ў далікатны момант у адносінах паміж ЗША і Іранам, калі адміністрацыя Трампа працягвае перамовы з Тэгеранам, нягледзячы на ўзмацненьне ваеннай напружанасьці ў Пэрсыдзкай затоцы.
Шматлікія амэрыканскія чыноўнікі, якія адказвалі на пытаньні журналістаў, падкрэсьлілі, што, паводле іх, цяперашнія ваенныя дзеяньні ня маюць сарваць бягучыя дыпляматычныя намаганьні.
Адзін высокапастаўлены чыноўнік заявіў, што прэзыдэнт Дональд Трамп усё яшчэ лічыць, што мірнае пагадненьне з Іранам застаецца дасягальным. Адначасова іншы амэрыканскі чыноўнік ахарактарызаваў удары як «папераджальны стрэл», мяркуючы, што Вашынгтон мае намер прадэманстраваць сваю гатоўнасьць да ваенных дзеяньняў, але пры гэтым пазьбягае крокаў, якія могуць справакаваць больш шырокі канфлікт.
Віцэ-адмірал у адстаўцы Роберт Мэрэт, былы дырэктар Нацыянальнага агенцтва геапрасторавай выведкі, сказаў Радыё Свабода, што разглядае цяперашнюю апэрацыю ў першую чаргу як абмежаваны адказ на зьбіцьцё амэрыканскага верталёта Apache, а не як сыгнал больш шырокай эскаляцыі.
Мэрэт таксама адзначыў нявызначанасьць вакол абставінаў страты верталёта. Паводле яго, пакуль незразумела, ці быў верталёт наўмысна зьбіты, ці адбылася аварыя з удзелам іранскага бесьпілётніка.
Падобную ж ацэнку даў і Дэн Арбэл, былы ізраільскі дыплямат, дасьледчык Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне. Паводле яго пасьля інцыдэнту зь верталётам Вашынгтон, верагодна, адчуў сябе абавязаным прадэманстраваць, што напады на амэрыканскія войскі не застануцца без адказу. У той жа час ён ахарактарызаваў апэрацыю як стрыманае «хірургічнае» і «тактычнае» прымяненьне сілы.
На думку Арбэла, пасланьне на адрас Тэгерану падвойнае: Злучаныя Штаты рэагуюць, калі іх вайскоўцы робяцца мішэньню, але ЗША па-ранейшаму адданыя перамовам, накіраваным на зьніжэньне напружанасьці, аднаўленьне марскіх шляхоў і вырашэньне працяглай спрэчкі вакол ядзернай праграмы Ірану.
Калі Іран устрымаецца ад дзеяньняў у адказ, цяперашнія амэрыканскія ўдары могуць стаць кароткім, але важным эпізодам у больш шырокім дыпляматычным працэсе. Аднак, калі Тэгеран адкажа ваеннымі мэтадамі, амэрыканская адміністрацыя можа сутыкнуцца з усё большым ціскам з боку Кангрэсу і рэгіянальных партнэраў у кірунку далейшай эскаляцыі.
Форум