Менскі гарадзкі суд 10 чэрвеня вынес прысуд сям’і з Менску: Тацяне Корсакавай, яе мужу Дзьмітрыю Корсакаву, а таксама іх дачцэ — Пелагеі Корсакавай (яе пакаралі завочна 11 гадамі пазбаўленьня волі).
Як паведаміла выданьне «Салідарнасьць», Дзьмітрыю і Тацяне прысудзілі 14 і 12 гадоў зьняволеньня адпаведна, а таксама штраф у памеры 50 тысяч рублёў.
Дзьмітрыя і Тацяну Карсаковых абвінавацілі паводле ч. 1 артыкулу 356 (здрада дзяржаве), ч. 4 артыкулу 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 3 артыкулу 333-1 Крымінальнага кодэксу (незаконнае перамяшчэньне празь мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).
Пелагею прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Як яна паведаміла выданьню, аб перасьледзе ёй летась паведаміў бацька.
«Мне патэлефанаваў тата і вымавіў страшны тэкст: „Мяне затрымалі, мама трапіла з інсультам у лякарню, прыяжджай, усё вельмі дрэнна“. Пасьля слухаўку ўзяў нехта, хто не прадставіўся, і працягнуў: „Вашыя бацькі затрыманыя, калі вы хочаце, каб мы іх адпусьцілі, вы павінны прыехаць“. То бок іх канкрэтна ўзялі ў закладнікі і нават не прыхоўвалі гэтага. Пасьля я даведалася, што мама насамрэч не трапляла ў бальніцу, гэта была жахлівая маніпуляцыя», — расказала Пелагея.
Паводле яе, бацькоў проста выкралі з дому, калі маці вярнулася з працы. «Правялі ператрус, усё перавярнулі, канфіскавалі тэхніку, забралі флэшкі з камэры, усталяванай у кватэры», — адзначыла дзяўчына. Яна выехала зь Беларусі ў 2021 годзе і цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
BelPol: З 2020 года ў Беларусі рэпрэсавалі паўмільёна чалавек, улады ўжываюць незаконныя мэтадыШто трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі
- Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
- Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
- 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
- У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
- Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
- Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
- 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.