11 чэрвеня пачынаецца адно з самых масавых спартовых відовішчаў на плянэце — чэмпіянат сьвету ў футболе. Першы матч паміж зборнымі Мэксыкі і Паўднёвай Афрыкі ўжо ўвечары. Беларусы яшчэ ніколі ня ўдзельнічалі ў ім як асобная нацыянальная каманда, ня будзе зборнай на чэмпіянаце і сёлета. Тым ня менш пэўныя беларускія сьляды ў гэтым грандыёзным відовішчы можна адшукаць. Расказваем пра гэта і пра сам чэмпіянат падрабязьней.
Круцейшы за Алімпіяду?
Як і Алімпійскія гульні, чэмпіянат сьвету ў футболе праводзяць раз на чатыры гады. Аднак з Алімпіядамі ўсё крыху больш складана — яны дзеляцца на летнія і зімовыя, ёсьць асобныя зімовыя і летнія Паралімпійскія гульні. У выніку розныя алімпійскія спаборніцтвы ідуць мінімум раз на два гады. У дадатак на Алімпіядах прадстаўлена мноства відаў спорту, пра існаваньне некаторых зь якіх гледачы могуць даведацца толькі падчас самой Алімпіяды.
Так выглядае той самы Кубак сьвету
З чэмпіянатам сьвету ў футболе (або Кубкам сьвету, як турнір афіцыйна называюць у FIFA — Усясьветнай футбольнай асацыяцыі. — РС) усё проста. Толькі вядомы ўсім і адносна зразумелы футбол. У дадатак праз асаблівасьці адбору нацыянальных камандаў на футбольны чэмпіянат сьвету могуць трапіць зборныя, узровень якіх у сусьветным рэйтынгу значна ніжэйшы за сярэдні. Рэч у тым, што FIFA дзеліць сьвет на геаграфічныя зоны — эўрапейскую, афрыканскую й іншыя. Адборы праходзяць унутры гэтых зонаў, і ў выніку на спаборніцтвах прадстаўлены літаральна ўвесь сьвет, што толькі дадае цікавасьці спаборніцтвам.
Стадыён Azteca у Мэхіка, на якім згуляюць першы матч чэмпіянату
Усё гэта дае футбольнаму чэмпіянату сьвету найбольшыя ў гісторыі чалавецтва глядацкія рэйтынгі. Мінулы турнір, які праходзіў у Катары, бачылі ў тэлевізары ці інтэрнэце 5 мільярдаў чалавек з васьмі, якія жывуць на плянэце. За Алімпіядай у той ці іншай форме сочаць прыкладна 3 мільярды зямлян. А мінулы фінал чэмпіянату сьвету сабраў аўдыторыю ў 1,5 мільярда чалавек. Гэта абсалютна рэкордныя лічбы ў гісторыі. Сёлета яны могуць быць яшчэ большымі, бо чэмпіянат-2026 стане самым маштабным у гісторыі. Усё праз рост колькасьці ўдзельнікаў і правядзеньне спаборніцтваў адразу ў трох вялікіх краінах.
48 зборных
У 2026 годзе турнір будзе адрозьнівацца ад папярэдніх найперш колькасьцю ўдзельнікаў. Новы рэглямэнт дазволіў павялічыць колькасьць зборных да 48 камандаў, раней было 32. У адборы пры гэтым удзельнічалі амаль усе афіцыйна прызнаныя ААН дзяржавы сьвету.
Пройдзе турнір у ЗША, Канадзе і Мэксыцы, працягнецца да 19 ліпеня. Усе 48 камандаў падзеленыя на 12 групаў, па 4 зборныя ў кожнай. Спачатку яны згуляюць паміж сабой — па тры матчы. Далей у турнір пройдуць па дзьве першыя каманды з кожнай групы плюс восем найлепшых з трэціх месцаў (пры вызначэньні найлепшых будуць улічваць колькасьць забітых галоў і іх розьніцу з прапушчанымі). Усе гэтыя каманды працягнуць спаборніцтвы ў кубкавым фармаце — пройгрыш азначае вылет з турніру.
За каго заўзець беларусам, калі няма сваіх? Пытаньне асабістых прыхільнасьцяў і густаў. Гэтым разам на чэмпіянаце сьвету няма нават суседзяў Беларусі. Расейцаў не пускаюць гуляць у футбол на афіцыйных турнірах пасьля лютага 2022 году, палякі і ўкраінцы не змаглі прайсьці на чэмпіянат, адпаўшы ў фінальных стыкавых матчах (і тых і другіх абгулялі швэды). Літоўцы з латышамі, як і ўласна беларусы, адсеяліся яшчэ на этапе кваліфікацыі.
Вырашальны гол басьнійцаў у браму зборнай Італіі, які даў квіток на чэмпіянат сьвету славянам
З славянскіх краін гуляць у футбол за акіян прыехалі традыцыйна моцныя харваты і чэхі. А таксама сэнсацыйная зборная Босьніі і Герцагавіны, якая ў стыкавых матчах выбіла Італію. Пры гэтым басьнійцы трапілі на чэмпіянат сьвету не ўпершыню, яны ўжо гулялі ў спаборніцтвах у Бразыліі ў 2014-м.
Будуць, вядома, папулярныя ў беларусаў немцы, бразыльцы, французы, аргентынцы і гішпанцы. А таксама ангельцы. А вось каго нечакана ня будзе, то гэта Італіі. Жыхары Апэнінаў прапускаюць турнір трэці раз запар, і гэта пры тым, што яны выгульвалі ў чэмпіянаце сьвету ажно чатыры разы, а футбольны чэмпіянат Італіі — адзін з найлепшых на плянэце.
Беларускія сьляды
Беларусы за часы незалежнасьці пакуль не траплялі ня толькі на футбольны чэмпіянат сьвету, але і на першынство Эўропы. Да гэтага было блізка ў канцы 90-х і пачатку 2000-х, не атрымалася. У апошнія 10-15 гадоў нацыянальная зборная хутчэй прымушае сумаваць, чым радавацца. Але на чэмпіянаце сьвету 2026 году ўсё ж будзе некалькі футбалістаў, якіх аматары беларускага футболу павінны добра памятаць.
Абдукадзір Хусанаў
Найперш гаворка пра цэнтральнага абаронцу Manchester City і зборнай Узбэкістану Абдукадыра Хікматжона Хусанава, які ў дарослы футбол упершыню трапіў дзякуючы беларускаму клюбу «Энэргетык-БДУ». Да Беларусі, дзе Хусанаў выступаў у 2022–23 гадах, ён фактычна не гуляў на высокім узроўні. Менавіта ў Менску маладога ўзбэка заўважылі супрацоўнікі францускага Lens, куды Хусанаў накіраваўся летам 2023 году. Ужо ў 2025-м ён гуляў за Man City, дзе паступова стаў адным з асноўных футбалістаў. Зараз трансфэрны кошт Хусанава складае каля 50 мільёнаў эўра. Да прыкладу, увесь склад цяперашняй нацыянальнай зборнай Беларусі ацэньваюць у 7 мільёнаў. А «Энэргетык-БДУ» неўзабаве пасьля сыходу Хусанава спыніў існаваньне праз скандалы з дамоўленымі гульнямі.
Яшчэ адзін «беларус» на чэмпіянаце сьвету 2026 году — Шэрзод Эсанаў. Ён таксама выступае за нацыянальную каманду Ўзбэкістану. Летась Эсанаў некалькі месяцаў правёў у берасьцейскім «Дынама», пасьля чаго вярнуўся на радзіму, дзе гуляе за адзін зь мясцовых клюбаў.
Трэці былы прадстаўнік беларускага чэмпіянату на чэмпіянаце сьвету — Прынс Квабэна Аду з Ганы. Вясной 2023 году яго падпісала «Іслач». Прынс за 14 праведзеных за беларускі клюб гульняў забіў шэсьць галоў і аддаў тры галявыя перадачы, зрабіўшыся адным з найлепшых гульцоў чэмпіянату. Але хутка зьехаў за мяжу, зараз ён цэнтральны нападнік чэскага клюбу Viktoria Plzeň.
Што яшчэ цікавага
Вядома — скандалы. Найбольшы зьвязаны з вайной ЗША і Ізраілю супраць Ірану. Зборная гэтай краіны пасьпяхова прайшла кваліфікацыю і адабралася на чэмпіянат яшчэ да пачатку ўзброенай фазы канфлікту. Іранцы ўжо прыляцелі ў мэксыканскую Тыхуану, дзе будуць базавацца падчас турніру. Аднак усе свае першыя тры гульні Іран павінен правесьці ў ЗША, куды футбалісты будуць дабірацца самалётам у дзень матчe і адразу ж пасьля яго вяртацца ў Мэксыку. Іранцы згуляюць з Новай Зэляндыяй, Бэльгіяй і Эгіптам. Далей — яшчэ вастрэй. Калі Іран выйдзе ў стыкавыя гульні, то там цалкам імаверна можа сустрэцца са зборнай ЗША. Што будзе адбывацца вакол такой гульні, можна толькі здагадвацца. Ізраіль на турнір ня трапіў, праваліўшы кваліфікацыю, тут нечаканасьцяў быць не павінна.
Заўзятар зборнай Ірану ў Мэксіцы
Другі вялікі скандал зьвязаны з цэнамі на квіткі. Яны традыцыйна прадаюцца на афіцыйным сайце FIFA, нейкая частка трапляе ў нацыянальныя фэдэрацыі і там разьмяркоўваецца паміж заўзятарамі. Сёлета самы танны квіток на гульню першага раўнду каштуе каля 60 даляраў. Найдаражэйшы на фінал — каля 10 тысяч. Але гэта афіцыйна. На практыцы квіткі на самыя важныя і цікавыя гульні даўно раскупленыя і прадаюцца з рук, а цэны вызначае прадавец, кіруючыся толькі сваімі ўласнымі уяўленьнямі. У адрозьненьне ад Эўропы, дзе перапродаж з падвышэньнем цаны нелегальны, такі падыход цалкам законны ў ЗША і Канадзе. Таму зараз цана квітка на фінальны матч, які заўважылі на сэрвісах перапродажу, дасягае нават 2 мільёнаў даляраў.
Пры гэтым не зусім зразумела, ці будуць запоўненыя стадыёны на прамежкавых гульнях. Футбол што ў ЗША, што ў Канадзе ня самы папулярны від спорту. Наадварот — у Мэксыцы, нацыянальная зборная якой на мінулым турніры выступала больш чым яскрава. Там павінны быць аншлягі.
На турнір зьязджаюцца заўзятары з усяго сьвету. Месцы правядзеньня матчаў становяцца сапраўднымі карнаваламі
Трэцяя гісторыя зьвязаная з адным з найлепшых афрыканскіх арбітраў, самалійцам Амарам Артанам. Ліцэнзію FIFA на права судзіць гульні найвышэйшай катэгорыі Артан мае з 2018 году. Ён ня раз працаваў на важных турнірах, павінен быў працаваць і на гульнях чэмпіянату сьвету 2026 году. Аднак ня будзе. Улады ЗША проста не пусьцілі самалійца ў краіну, прызнаўшы яго пагрозай бяспецы. Не дапамагла ні дзейная, адмыслова выдадзеная для працы на чэмпіянаце віза, ні поўны пакет футбольных дакумэнтаў. Артана пратрымалі 11 гадзінаў у аэрапорце Маямі і пасадзілі на самалёт да Стамбулу. FIFA непрыемную сытуацыю вырашыла не камэнтаваць. Самалійцы свайго судзьдзю на радзіме сустрэлі як героя.
Хто выйграе?
Гэта яшчэ адна асаблівасьць футбольнага чэмпіянату сьвету, за якую яго шануе так шмат людзей. Футбол адрозьніваецца ад большасьці іншых камандных відаў спорту сваёй непрадказальнасьцю. Нават сабраная зь сярэдняга ўзроўню футбалістаў каманда пры патрэбным настроі і дасьведчаным трэнэры можа ў адным асобным матчы абгуляць каго заўгодна. А калі ў адным турніры зьбіраюцца найлепшыя футбалісты і трэнэры сьвету — прадказаць увогуле нічога немагчыма. Мяч круглы, поле роўнае, як кажуць футбольныя заўзятары. Адзін выпадковы гол можа як абсалютна ашчасьлівіць мільёны, так і засмуціць ня менш людзей.
Пераможцамі мінулага турніра сталі футбалісты з Аргенціны на чале з Ліянэлем Месі
Сёлета букмэйкеры аддаюць першынство Гішпаніі. Далей ідуць Францыя, Ангельшчына, Партугалія, Бразылія і Аргентына. Ня варта забываць пра Нідэрлянды і Нямеччыну. Але гэта ўсё адносна. Цалкам імаверна, што пераможцам стане нейкая іншая зборная, якая зможа мабілізавацца акурат на гэты чэмпіянат. Ну і як мінімум заўзятараў чакаюць непрадказальныя сюрпрызы ад андэрдогаў ды кранальныя асабістыя гісторыі, якія здараюцца на кожным з усясьветных футбольных турніраў.
Фінал чэмпіянату сьвету ў футболе пройдзе 19 ліпеня ў горадзе Іст-Радэрфорд недалёка ад Нью-Ёрку. Усе матчы турніру сёлета можна будзе пабачыць у Беларусі, іх афіцыйна трансьлюе дзяржаўны спартовы тэлеканал. Праз розьніцу ў часе з ЗША, дзе пройдзе большасьць гульняў, матчыі паводле беларускага часу будуць пачынацца даволі позна, частка зь іх увогуле будзе праходзіць уначы.