«Мяркуючы з пастановы аб завядзеньні крымінальнай справы, да людзей прыйшлі за аплату навучаньня ў ЭГУ пачынаючы з 2016 году», — паведамілі праваабаронцы і працытавалі адпаведны дакумэнт.
У ім, у прыватнасьці, адзначаецца, што «нявысьветленыя асобы не раней за 30.04.2016 ажыцьцявілі наданьне і збор грашовых сродкаў, каштоўных папераў і іншай маёмасьці для сьвядомага забесьпячэньня экстрэмісцкай дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі „Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт“, прызнанай такою рашэньнем Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2026».
Праваабаронцы Віцебскай «Вясны» паведамілі аб некалькіх ператрусах у былых студэнтаў, якія скончылі ЭГУ або не завяршылі вучобу і сышлі. Падчас і пасьля ператрусаў сьледчыя дапытвалі маладых людзей і іхных бацькоў. У прыватнасьці, падрабязна распытвалі, хто плаціў за навучаньне.
Напярэдадні стала вядома аб ператрусах у гэтай справе ў Берасьцейскай вобласьці.
Праваабаронцы просяць неадкладна паведамляць пра вядомыя выпадкі перасьледу ў «справе ЭГУ».
Сілавікі з 2 чэрвеня пачалі маштабны перасьлед грамадзян, зьвязаных з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 9 чэрвеня: суд пакінуў вырак экс-дырэктару Intex-Press, працягваюць ператрусы ў «справе ЭГУ»ЭГУ узмацніў падтрымку студэнтаў, выкладчыкаў і іхных сем’яў
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (Вільня) «актывізаваў дадатковыя захады падтрымкі сяброў сваёй супольнасьці «ў сувязі з прызнаньнем яго беларускімі ўладамі «экстрэмісцкай арганізацыяй», паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на прэсавую службу ўнівэрсытэту.
У прыватнасьці, ЭГУ ўзмацніў ўзаемадзеяньне зь літоўскімі дзяржаўнымі ўстановамі, міжнароднымі партнэрамі, дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці для «забесьпячэньня дабрабыту, бясьпекі і магчымасьцяў для працягу адукацыі і прафэсійнай дзейнасьці для закранутых гэтай сытуацыяй людзей».
У ЭГУ падкрэсьлілі, што ператрусы, допыты і іншыя дзеяньні, што ідуць у Беларусі супраць тых, каго ўлады лічаць датычнымі да ЭГУ, «выклікалі сур’ёзную занепакоенасьць ня толькі сярод студэнтаў і супрацоўнікаў, але і сярод іхных сямейнікаў, некаторыя зь якіх могуць сутыкацца з ростам ціску і няпэўнасьцю ў сувязі зь іхнай прыналежнасьцю да ўнівэрсытэцкай супольнасьці».
За апошнія тыдні ўнівэрсытэт «рэалізаваў шэраг захадаў, накіраваных на падтрымку студэнтаў і выкладчыкаў, якія апынуліся ва ўмовах няпэўнасьці». У прыватнасьці, «спрошчаныя адміністрацыйныя працэдуры, зьвязаныя з арганізацыяй навучаньня, забясьпечаныя магчымасьці разьмяшчэньня для студэнтаў, якім можа спатрэбіцца пераезд, а таксама створаныя дадатковыя мэханізмы кансультаваньня, што дазваляюць апэратыўна надаваць інфармацыю і індывідуальную падтрымку».
Таксама ЭГУ «пашырыў доступ да юрыдычных кансультацыяў з прыцягненьнем незалежных экспэртаў у галіне правоў чалавека, арганізаваў вочныя кансультацыі, узмацніў паслугі псыхалягічнай падтрымкі і стварыў спэцыяльную гарачую лінію».
«Паралельна ўнівэрсытэт узмацніў меры для запэўненьня кібэрбясьпекі і абароны зьвестак і працягвае супрацу з сваімі інстытуцыянальнымі партнэрамі для падтрыманьня найвышэйшых стандартаў інфармацыйнай бясьпекі. Сябрам супольнасьці таксама даюць рэкамэндацыі ў пытаньнях асабістай і лічбавай бясьпекі», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Вясна»: У справе ЭГУ прайшло ўжо больш за 30 ператрусаў па ўсёй краінеШто адбываецца?
14 красавіка 2026 году стала вядома, што 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім».
Пры гэтым Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў у сытуацыі пагрозаў ад уладаў Беларусі.
ЭГУ сёлета запрасіў студэнтаў на новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». На матэрыяле культурнай спадчыны Беларусі, Літвы й іншых краін Эўропы ВНУ рыхтуе мэнэджараў культуры і спэцыялістаў у крэатыўным турызьме, здольных ствараць уласныя аўтарскія прадукты і ўвасабляць іх у жыцьцё.
Свабода правяла вялікае інтэрвію з рэктарам ЭГУ Вілюсам Шадаўскасам, у якім ён расказаў, як унівэрсытэт зьбіраецца дзейнічаць і як адрэагуе на новыя пастановы рэжыму Лукашэнкі.
Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.
У Вільні ЭГУ мае два спэцыялізаваныя падразьдзелы — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць вучыцца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».