Беларусы лічаць мінулае ў ВКЛ важнейшым за Расейскую імпэрыю для сваёй ідэнтычнасьці. Што яшчэ паказала новае апытаньне 

Як у 2026 годзе беларусы бачаць сваё месца ў сьвеце і як пабудаваныя іх камунікацыйныя сеткі? Дасьледнікі падрыхтавалі даклад пра нацыянальную ідэнтычнасьць, апытаўшы онлайн больш за 800 рэспандэнтаў.

Дасьледнікі з Civitta Institute Філіп Біканаў, Лізавета Каўцяк, Канстанцін Несьцяровіч і Ірына Кліменка прэзэнтавалі 9 чэрвеня даклад пра асаблівасьці беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці ў 2026 годзе. Атрыманыя адказы на пытаньні, чаму беларусы лічаць сябе славянамі і эўрапейцамі, якія якасьці лічаць галоўнымі ў нацыянальным характары, як ставяцца да суседзяў, у тым ліку расейцаў і ўкраінцаў.

Апытаньне правялі ў сакавіку–красавіку 2026 году пры падтрымцы Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта (FES). Дасьледнікі ў онлайн-рэжыме апыталі 803 рэспандэнтаў з Беларусі, дадаткова правялі 8 шырэйшых інтэрвію з прадстаўнікамі розных палітычных поглядаў. Узрост апытаных 18–64 гады, яны жывуць у розных беларускіх гарадах з насельніцтвам больш за 20 тысяч чалавек.

Чаму важна ведаць высновы сацыёлягаў з такога апытаньня?

Каардынатар праекту Тарас Міхальнюк перакананы: праведзенае калегамі дасьледаваньне — гэта ня проста лічбы, а партрэт сучаснага беларуса. Дасьледнік расказаў, якім чынам з-за мяжы апытвалі людзей, якія жывуць у Беларусі.

«Шукалі рэспандэнтаў праз інтэрнэт і на онлайн-плятформах апытвалі толькі тых, хто даў згоду на размову, але пры гэтым ня ведаў мэту дасьледаваньня».

Міхальнюк кажа, што выбарка апытаньня адпавядае структуры насельніцтва Беларусі паводле ўзросту, полу, адукацыі, некаторых іншых крытэраў. Пры гэтым дасьледнікі прызнаюць, што ў чыстым выглядзе сацыялягічнае дасьледаваньне правесьці было немагчыма, бо суразмоўцы знаходзяцца ў Беларусі і рызыкуюць свабодай.

«Усё роўна вельмі важна мець больш-менш аб’ектыўнае ўяўленьне пра тое, што думае пра сябе беларуская нацыя, якая жыве ўнутры краіны. Не праз фантазіі і не празь людзей, якія фармулююць нейкі адзін нацыянальны наратыў, а значна шырэй. Нават беларуская дзяржава таксама не да канца ўяўляе, што для беларусаў значыць быць беларусамі», — адказаў на сумневы ў «чысьціні» дасьледаваньня сацыёляг Філіп Біканаў.

На ягоную думку, вынікі дасьледваньня будуць цікавыя і карысныя грамадзтву, палітычным сілам, якія выступаюць за дэмакратызацыю Беларусі, эўрапейскім структурам, нацэленым на супрацу зь беларусамі па розныя бакі мяжы, але таксама і прадстаўнікам беларускай дзяржавы.

«Сьвядомыя», «русыфікаваныя» і пасярод яшчэ тры групы

У дасьледаваньні беларусаў паводле стаўленьня да ідэнтычнасьці падзялілі на 5 групаў. На краях гэтай ліноўкі апынуліся «сьвядомыя» (11%) і «русыфікаваныя» (5%), а ў цэнтры — тры вялікія групы: бліжэй да першай групы тыя, што яшчэ фармуюць свае погляды, іх 13%; далей «абыякавыя», іх 32%; да «русыфікаваных» набліжаецца група «савецкіх» — тых беларусаў, якія ўхваляюць мадэль Беларусі часоў БССР.

«Ці ўпэўненыя мы, што „сьвядомых“ толькі 11%? Не. Але мы перакананыя, што па-ранейшаму, як і 6 гадоў таму, калі мы рабілі першыя падобныя дасьледаваньні, самай вялікай і вызначальнай застаецца група „абыякавых“», — пракамэнтаваў гэткі падзел рэспандэнтаў сацыёляг Філіп Біканаў.

Ягоны калега дасьледнік Канстанцін Несьцяровіч расказаў, дзе на мапе сьвету беларусы бачаць сваё месца. Такое ўяўленьне, паводле навукоўца, сьведчыць пра каштоўнасьці і тэндэнцыі.

«Адназначна беларусы бачаць сябе часткай усходнеславянскага клястэру эўрапейскай культуры», — заявіў дасьледнік.

Паводле Несьцяровіча, схематычна гэтае месца беларусаў у навакольным сьвеце выглядае так: беларусы з расейцамі і ўкраінцамі ў адной групе, якая фармуецца ў зоне Ўсходняй Эўропы. Найбліжэйшаю да гэтае групы выявілася кампанія зь літоўцаў, палякаў і чэхаў, крыху далей знаходзяцца немцы, а яшчэ далей – Заходняя Эўропа, ангельцы і амэрыканцы.

Але на ўсход ад Беларусі разьмясьціліся народы, якія таксама ўжо не выглядаюць далёкімі і варожымі. Як найбліжэйшыя ўсходнія суседзі ўспрымаюцца казахі, татары, грузіны і нават туркі (паводле дасьледнікаў, наведваць гэтую краіну беларусы апошнімі гадамі сталі значна часьцей). У наступным шэрагу знаёмых народаў – кітайцы, народы Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу. Калі ж рухацца на поўдзень, дык беларусы бачаць побач з сабой арабаў, індыйцаў і нават нігерыйцаў, што таксама сьведчыць пра істотныя зьмены ўяўленьня пра навакольны сьвет, якія адбыліся ў Беларусі апошнімі гадамі.

Колькі людзей памятаюць пра Расейскую імпэрыю, а колькі пра ВКЛ?

На пытаньне пра нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў даюць адказы прыкметы, якія ўдзельнікі апытаньня назвалі галоўнымі. На першым месцы апынулася датычнасьць да групы славянскіх народаў. Славянамі лічаць сябе 87% апытаных. На другім месцы прыкмета паводле рэлігіі — 67% апытаных мяркуюць, што іх аб’ядноўвае прыналежнасьць да хрысьціянства. На трэцім месцы стаіць геаграфічны чыньнік — паводле яго прыналежнасьць Беларусі да Эўропы вызначаюць 49% апытаных. Яшчэ ніжэй знаходзім палітычны чыньнік: 41% мяркуюць, што савецкае мінулае — гэта тое, што яшчэ важна і аб'ядноўвае беларусаў у нацыю.

Пры гэтым 45% апытаных зазначаюць, што Беларусь ёсьць часткаю агульнай з Расеяй палітычнай прасторы, а 23% памятаюць і тое, што беларусы былі часткаю Расейскай імпэрыі. Але большая за гэтую доля апытаных — 32% — называюць элемэнтам нацыянальнай ідэнтычнасьці тое, што Беларусь была часткаю ВКЛ.

Паводле паказьніку «славянства», які беларусы назвалі асноўным, дасьледнікі зрабілі наступную выснову: для апытаных ён складаецца з блізкасьці моваў, культураў, гісторыі і нават рысаў характару. «Славянства сшывае беларусаў з рознымі поглядамі, у тым ліку палітычнымі», – мяркуе дасьледніца Лізавета Каўцяк.

Сацыёляг зрабіла яшчэ адну істотную выснову пра беларусаў: яны па-ранейшаму, як і шмат дзесяцігодзьдзяў таму, уяўляюць сваё месца на мяжы заходняй і ўсходняй культураў, але пры гэтым аддаюць перавагу эўрапейскай, а не імпэрскай традыцыі.

«67% беларусаў адносяць сябе да эўрапейцаў. Зразумела, што геаграфічны чыньнік старанна падкрэсьлівае афіцыйная прапаганда, даказваючы, што «мы — цэнтар Эўропы», і людзям гэта прыемна. Але дзейнічае і культурны архетып. Нашы замкі, касьцёлы, помнікі гісторыі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, прыналежнасьць да хрысьціянскага сьвету і, у прыватнасьці, да каталіцкага сьвету — гэта ўсё таксама дзейнічае і паказвае сувязь Беларусі з Эўропай», – падкрэсьліла на прэзэнтацыі дасьледніца.

Яе выснова падмацаваная лічбай — тыя ж 67% адносяць сябе да эўрапейцаў і паводле паказьніку культурнай ідэнтычнасьці. Таксама ўяўленьню пра сябе як пра эўрапейцаў дапамагаюць рысы нацыянальнага характару: стрыманасьць, акуратнасьць, міралюбнасьць, талерантнасьць да меншасьцяў (яе адзначаюць 41% апытаных).

А чаму ж астатнія беларусы, паводле дасьледаваньня, упарта не адносяць сябе да эўрапейцаў? Лізавета Каўцяк мяркуе, што частка адчувае сябе пакрыўджанымі.

«Для іншых Эўропа — гэта тое, што «па другі бок плоту». Неабходнасьць візы, ізаляцыя, якая ўзмацнілася праз санкцыі, павялічваюць адчуваньне адасобленасьці ад Эўропы. Да таго ж вырасла цэлае пакаленьне беларусаў, якія ніколі не былі ў Эўропе і знаходзяцца пад трывалым уплывам усходняй краіны-суседкі», — зазначыла Лізавета Каўцяк.

У той частцы дасьледаваньня, якое яна прэзэнтавала, асабліва цікавым было стаўленьне беларусаў да пытаньня, ці зьяўляюцца эўрапейцамі расейцы і ўкраінцы.

«”Расея занадта вялікая і разнастайная, каб лічыцца эўрапейскай»: некаторыя бачаць у расейцах пыху, нахабства ды «імпэрскасьць», што не ўспрымаецца беларусамі як прымальнае для эўрапейскасьці»; «нястрыманасьць і неахайнасьць у побыце і паводзінах” не адпавядаюць уяўленьню беларусаў пра эўрапейцаў» — такімі думкамі апытаных падзялілася дасьледніца.

А што думаюць беларусы пра сваіх паўднёвых суседзяў украінцаў ці адпавядаюць яны эўрапейскім якасьцям?

Выявілася, што 79% «сьвядомых» беларусаў лічаць украінцаў паводле іх мэнталітэту эўрапейскім народам, але амаль палова групы «абыякавых» мяркуюць інакш: 43% такіх беларусаў не ўважаюць украінцаў за эўрапейцаў.

Лічбы дасьледнікаў на гэты конт паказваюць, што рэспандэнты ў асноўным лічаць беларусаў большымі эўрапейцамі, чым ўкраінцаў, але ёсьць нюансы. «Украінцаў лічаць эўрапейцамі тыя беларусы, для якіх важныя такія каштоўнасьці, як самавызначэньне нацыі або талерантнасьць да мяншыняў. Але часьцей украінцаў успрымаюць як больш агрэсіўны і менш талерантны народ, а гэтыя якасьці ўспрымаюцца як неэўрапейскія», — зазначыла дасьледніца і падзялілася назіраньнем пра тое, як праходзіла апытаньне на «ўкраінскую тэму».

«Шмат хто з рэспандэнтаў на пытаньні пра Ўкраіну рэагаваў з падвышанай асьцярожнасьцю. Відаць, зазначыўся ўплыў палітычнай сытуацыі вакол вайны», — заўважыла Лізавета Каўцяк.

У якой групы беларусаў найбольшы сацыяльны капітал

Частка дасьледаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці прысьвячалася сувязям паміж рознымі групамі беларусаў. Гэтую тэму сацыёлягі з Civitta Institute вывучылі ўпершыню пасьля шасьці ранейшых апытаньняў. Паводле дасьледніцы Ірыны Кліменкі, выявіліся цікавыя рэчы. Прыкладам, прадстаўнікі дзяржаўнага апарату і грамадзянскай супольнасьці маладасяжныя для прадстаўнікоў іншых групаў: рабочых, бюджэтнікаў, прадпрымальнікаў. Яшчэ адна цікавая выснова: у параўнальна невялікай групе «сьвядомых» беларусаў, якая, паводле дасьледнікаў, налічвае ўсяго 11%, найбольшы сацыяльны капітал — сувязі, веды, міжнародныя кантакты, што тлумачыць значнасьць іхнае ролі ў беларускім грамадзтве.

Важная выснова для разуменьня таго, як працуе беларускі дзяржаўны апарат: выявілася, што ляяльнасьць да рэжыму не дае асаблівых перавагаў прадстаўнікам той часткі грамадзтва, якую дасьледнікі назвалі «савецкай». «У «сьвядомых», значна меншай групы, доступ да ўлады нават большы», — зазначыла дасьледніца Ірына Кліменка.

Увогуле, паводле сацыёлягаў, дасьледаваньне паказала, што ў Беларусі працягваюць існаваць і з розным посьпехам змагацца паміж сабой за дамінаваньне дзьве формы нацыянальнай ідэнтычнасьці: умоўна „бел-чырвона-белая“ і „чырвона-зялёная“. Але пры гэтым нікуды не падзелася і застаецца ў гульні трэцяя ідэнтычнасьць — імпэрская — мэта якой «праглынуць абедзьве беларускія ідэнтычнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзьве апазыцыйныя Беларусі: чым адрозьніваюцца аўдыторыі беларускіх і расейскіх незалежных СМІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бяляцкі лічыць тупіковай палітыку «дыпляматыі закладнікаў», якую вядзе Захад у дачыненьні Беларусі