«Дождь» супраць «Люстэрка»: чым адрозьніваюцца аўдыторыі гэтых мэдыя?
— Канстанцін, вы нядаўна апублікавалі на сайце Цэнтру новых ідэй тэкст , у якім распавялі пра аўдыторыі розных тыпаў мэдыя ў Беларусі. Гэтая публікацыя грунтуецца на вашым з Філіпам Біканавым дасьледаваньні «Беларуская нацыянальная ідэнтычнасьць» , выкананым на аснове апытаньняў у 2023-2024 гадах. У публікацыі на сайце ЦНІ вы адзначаеце, што беларуская аўдыторыя расейскіх незалежных СМІ больш схільная падзяляць расейскія культурныя наратывы, чым аўдыторыя беларускіх незалежных СМІ.
Але давайце спачатку аб сацыяльна-дэмаграфічных адрозьненьнях гэтых аўдыторыяў. З многіх дасьледаваньняў вядома, як адрозьніваюцца аўдыторыі беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Сярод тых, хто глядзіць БТ, менш моладзі, менш адукаваных, менш менчукоў і жыхароў вялікіх гарадоў. А якія асаблівасьці беларускай аўдыторыі, умоўна кажучы, «Медузы», «Дождя», каналаў Дудзя і Каца?
— Ёсьць дзьве характарыстыкі, якія вылучаюць беларускую аўдыторыю расейскіх незалежных СМІ сярод астатніх. Першая — яна маладзейшая. У аўдыторыі беларускіх незалежных мэдыя пераважаюць узроставыя групы, пачынаючы ад 25, гэта значыць узросту 25-44. У аўдыторыі беларускіх незалежных СМІ таксама вялікі сэгмэнт людзей старэйшага ўзросту. А ў расейскіх незалежных мэдыя вельмі вялікі адсотак аўдыторыі ва ўзросьце 18-24 — іх там 30%. Для параўнаньня — сярод аўдыторыі беларускіх незалежных мэдыя іх 14%. А ў аўдыторыях усіх тыпаў мэдыя гэтай моладзі 10-11%, у аўдыторыях дзяржаўных беларускіх і расейскіх СМІ яе вобмаль. Аўдыторыя расейскіх незалежных СМІ ў Беларусі — самая маладая.
І яшчэ адна асаблівасьць. У аўдыторыі беларускіх незалежных СМІ пераважаюць жыхары Менску. А ў беларускай аўдыторыі расейскіх незалежных СМІ доля Менску меншая, але самая вялікая доля — гэта жыхары буйных гарадоў, абласных цэнтраў, Баранавічаў, Воршы і іншых гарадоў з насельніцтвам больш за 100.000 чалавек. Сярод гэтай аўдыторыі жыхароў буйных гарадоў (але не сталіцы) — 68%. Для параўнаньня — сярод аўдыторыі беларускіх незалежных СМІ іх усяго 38%.
Стаўленьне «ядраў» аўдыторыяў розных тыпаў мэдыя да выказваньня «Наагул ня бачу розьніцы паміж расейцамі і беларусамі»
— Наколькі я разумею, вы ў вашым дасьледаваньні аналізуеце не цалкам аўдыторыі, скажам, дзяржСМІ і незалежных СМІ, а іх «ядры». Вы вывучаеце групы, для якіх той ці іншы від мэдыя — самы ўжываны. Беларус можа адначасна глядзець і БТ, і Белсат, чытаць і «Нашу ніву», і «Медузу», і Lenta.ru, і Онлайнер. Падзяляючы аўдыторыі па крытэры самых ужываных мэдыя, вы вылучаеце «ядры», якія не перасякаюцца. Так?
— Так, мы задавалі пытаньне пра кожны тып мэдыя і пыталіся, як часта рэспандэнты яго выкарыстоўваюць. І там можна было выбіраць — раз на тыдзень ці часьцей, раз на месяц, радзей, чым раз на месяц, ці ўвогуле ніколі. І потым мы глядзелі, які тып мэдыя для рэспандэнта найбольш спажываны і, адпаведна, адносілі яго да аўдыторыі гэтага тыпу мэдыя. Гэта значыць так, гэта «ядзерная» аўдыторыя.
Каго чыталі, глядзелі і слухалі ўдзельнікі пратэстаў 2020 года?
— Наступнае пытаньне — аб мінулым. Некалькі гадоў таму вядучая расейскага «Дождя» Ганна Мангайт распавядала ў інтэрвію Свабодзе, што па дадзеных «Дождя» на піку пратэстаў 2020 года ў Беларусі гэты тэлеканал у Беларусі глядзела траціна насельніцтва. Які інфармацыйны кантэнт спажываў галоўным чынам беларускі пратэст у 2020 годзе?
— Я б сказаў, што ўсё ж дамінавалі беларускія мэдыя. Гэта сьцьвярджэньне пра «Дождь» я не магу ні пацьвердзіць, ні абвергнуць. Магчыма, сапраўды, у нейкі пэрыяд падчас пратэстаў 2020 года яны зафіксавалі такую колькасьць унікальных карыстальнікаў. Але калі казаць у цэлым аб мэдыяспажываньні ў 2020 годзе, то трэба казаць аб розных плятформах. Напрыклад, у Тэлеграме ў 2020 годзе асноўным каналам быў NEXTA. Ёсьць дадзеныя за кастрычнік 2020 года ад ініцыятывы, якая называлася «Народнае апытаньне», яны рабілі апытаньне менавіта пратэстнай аўдыторыі. І яно паказала, што 85% гэтай пратэстнай аўдыторыі выкарыстоўвалі канал NEXTA. І ён там лідзіраваў зь вялікім адрывам у параўнаньні з усімі астатнімі.
Пазьней, у канцы 2021 году, па дадзеных таго ж «Народнага апытаньня» першае месца заняў ТГ-канал «Люстэрка», на другое месца выйшаў канал Антона Матолькі і толькі на трэцім апынуўся NEXTA. У топ-5 каналаў у Тэлеграме ў сьнежні 2021 ніводнае расейскае мэдыя не патрапіла. Калі казаць пра сайты, то там адназначна быў лідэрам Tut.by. І гэта ня толькі для пратэстнай часткі грамадзтва, а для ўсяго. Па дадзеных Chatham House у першай палове 2021 года для 48% беларусаў Tut.by была адной з галоўных крыніц інфармацыі.
Калі казаць пра YouTube, то там зьяўляюцца расейскія мэдыя. Па тых жа дадзеных «Народнага апытаньня» у сьнежні 2021 года топ-3 YouTube — Белсат, «Чалы Лайф» і «Реальная Беларусь». Але на пятым месцы ўжо зьяўляецца той самы «Дождь». З вялікім адрывам ад топ-3, але ў топ-5 трапляе.
Стаўленьне «ядраў» аўдыторыяў розных тыпаў мэдыя да выказваньня «У Беларусі няма ніякага зацісканьня беларускай мовы»
Курыца і яйка ў сацыялёгіі мэдыя: мэдыя фарміруюць погляды аўдыторыі ці аўдыторыя выбірае мэдыя пад свае погляды
— Вечнае пытаньне сацыялёгіі мэдыя — мэдыя фармуюць погляды сваёй аўдыторыі, навязваюць ёй свае наратывы, ці наадварот, аўдыторыя, людзі, выбіраюць тыя мэдыя, якія адпавядаюць іх поглядам? Ці можна адказаць на гэтае пытаньне ў дачыненьні да беларускіх аўдыторый розных тыпаў мэдыя?
— Калі казаць у цэлым, то працуюць абодва мэханізмы. Але ў кожным канкрэтным выпадку можа ў большай ступені працаваць адна ці іншая лёгіка. Напрыклад, у адказах на палітычныя пытаньні, скажам, аб геапалітычных перавагах, аб выбары паміж уступленьнем Беларусі ў ЭЗ і саюзам з РФ, розьніца вызначаецца хутчэй узроўнем адукацыі, узростам і падобнымі сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі, але ня выбарам мэдыя.
Таксама і ў выбары паміж беларускімі і расейскімі незалежнымі мэдыя. Ёсьць людзі, якія першапачаткова крыху менш праэўрапейскія, крыху больш прарасейскія, і яны хутчэй абяруць расейскія незалежныя СМІ. І калі б гэтыя расейскія незалежныя СМІ раптоўна зьніклі, гэта не значыць, што іх беларуская аўдыторыя пераключылася б на беларускія незалежныя СМІ. Частцы беларускай аўдыторыі ўмоўна «Медузы» проста не блізкія беларускія незалежныя СМІ.
Калі казаць пра адрозьненьні ў адносінах да палітычных пытаньняў, то аўдыторыя расейскіх незалежных СМІ ў параўнаньні з аўдыторыяй беларускіх незалежных СМІ часьцей проста ня мае свайго меркаваньня. Расейскія мэдыя ўсё ж больш асьвятляюць сусьветны і расейскі парадак дня і ў меншай ступені беларускі. А вось па пытаньнях ідэнтычнасьці, культуры, меркаваньні ёсьць, але яны істотна адрозьніваюцца. Сярод аўдыторыі расейскіх незалежных мэдыя прыкметна часьцей сустракаецца пазыцыя, што беларусы і расейцы нічым не адрозьніваюцца і што ў Беларусі ўсё добра з беларускай мовай.
Стаўленьне «ядраў» аўдыторыяў розных тыпаў мэдыя да ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне
Хто ў Беларусі верыць БТ і Салаўёву?
— Вы фіксуеце адрозьненьні ў поглядах «ядзерных» аўдыторыяў незалежных мэдыя — беларускіх і расейскіх. Але і адных і другіх аддзяляе прорва ад аўдыторыяў дзяржаўных мэдыя — беларускіх і расейскіх. У дасьледаваньнях пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць вы з Філіпам Біканавым пісалі пра два беларускія нацыянальныя праекты, пра два тыпы беларускасьці. Адзін — гэта нацыянальна-дэмакратычны, які, скажам, сьвяткуе Дзень волі 25 сакавіка, і другі — савецкага тыпу. Аўдыторыя БТ і Салаўёва — гэта проста ахвяры прапаганды ці прадстаўнікі другога беларускага нацыянальнага праекту?
— Так, тут гіпотэза цалкам пацьвярджаецца. Сапраўды, сярод аўдыторыяў беларускіх і расейскіх дзяржаўных мэдыя пераважае менавіта гэты сэгмэнт Савецкіх — іх там каля 40%. Праўда, у аўдыторыі дзяржСМІ (і беларускіх, і расейскіх) таксама вялікая доля прадстаўнікоў сэгмэнту, які мы называем Абыякавыя. Гэтым людзям нацыянальныя адрозьненьні здаюцца ў прынцыпе няважнымі. Яны кажуць — я беларус, таму што ў мяне пашпарт беларускі, бо я жыву ў Беларусі. Але дамінуюць у аўдыторыі дзяржСМІ ўсё ж Савецкія — тыя, хто лічыць беларусаў часткай трыадзінага народа, але ўсё ж адрознай у нечым ад расейцаў.
— Вы ў дасьледаваньні вылучаеце і сэгмэнт, які называеце Русыфікаванымі. Гэтыя людзі, у адрозьненьне ад Савецкіх, увогуле не фіксуюць адрозьненьняў, для іх беларусы — гэта проста расейцы. Якія ў гэтай групы мэдыя-перавагі?
— Гэта вельмі маленькі сэгмэнт, іх 4-5%. І на пытаньне аб тым, кім вы сябе лічыце, яны адказваюць — расейцамі. Прычым, толькі расейцамі. Большая частка Савецкіх адказвае — беларусамі, некаторыя — і беларусамі, і расейцамі адначасова Русыфікаваныя ідэнтыфікуюць сябе толькі як расейцаў. Русыфікаваныя не належаць ні да якога беларускага нацыянальнага праекту. А ў інфармацыйным пляне яны спажываюць амаль выключна кантэнт расейскіх дзяржаўных мэдыя. Для параўнаньня: сярод аўдыторыі беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня Русыфікаваныя складаюць 2%, а сярод спажыўцоў расейскага дзяржаўнага ТБ іх 10%.
Стаўленьне «ядраў» аўдыторыяў розных тыпаў мэдыя да геапалітычнага выбару
Хто такія беларускія нэўтралы?
— І яшчэ адна катэгорыя мэдыя, аўдыторыю якіх вы дасьледуеце — вы іх называеце беларускімі нэўтральнымі. Гэта даволі розныя выданьні — пачынаючы з Анлайнэра, які існуе ўжо шмат гадоў, да новых мэдыя, якія зьявіліся адносна нядаўна, накшталт Точка.бай і Смартпрэс. Якія асаблівасьці іх аўдыторыі? Гэта ўжо нейкая трэцяя ці чацьвёртая Беларусь?
— Так, аўдыторыя гэтых нэўтральных беларускіх мэдыя, як мы іх называем, адрозьніваецца ад усіх астатніх і па сацыяльна-дэмаграфічным складзе, і па поглядах. Яна знаходзіцца з пункту гледжаньня ўсіх гэтых характарыстык недзе паміж беларускімі недзяржаўнымі і дзяржаўнымі мэдыя. Яна вельмі блізкая па поглядах да апазыцыйнай аўдыторыі, але не настолькі радыкальная ў гэтых поглядах. У гэтым сэнсе яна падобная да аўдыторыі расейскіх недзяржаўных мэдыя, але вялікае адрозьненьне ў тым, што аўдыторыя беларускіх нэўтральных мэдыя — гэта ў асноўным менчукі, у асноўным менчукі чытаюць Онлайнер і Смартпресс. І ёсьць істотныя адрозьненьні з пункту гледжаньня нацыянальных арыентацыяў. Аўдыторыя беларускіх нэўтральных мэдыя — гэта адзіная аўдыторыя, дзе пераважае сэгмэнт, які мы называем Тыя, якія фармуюцца. Гэта людзі, якім цікавыя адначасова абодва нашыя нацыянальныя праекты — і беларуска-савецкі і нацыянальна-рамантычны, адраджэнскі праект.
Форум