У красавіку 2026 году самая нізкая сярэдняя зарплата адзначана ў Краснапольскім раёне, што ў Магілёўскай вобласьці — 1972,8 рубля. Гэта яшчэ лічбы да спагнаньня падаткаў.
Наступным у «беднасьці» ідзе Шаркоўшчынскі раён Віцебскай вобласьці, дзе сярэдні заробак быў 2019,7 рубля, піша Myfin.
Акрамя таго, у топ-5 раёнаў Беларусі з самым нізкім заробкам патрапілі тры раёны ў Гомельскай вобласьці:
- Лельчыцкі — 2032,2 рубля;
- Кармянскі — 2053,6 рубля;
- Кастрычніцкі — 2057,5 рубля.
Для параўнаньня: сярэдні заробак па Беларусі ў красавіку 2026 году склаў 2952,9 рубля. Адпаведна, у названых раёнах сярэдні заробак значна ніжэйшы за абвешчаны сярэдні па краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Белстат заявіў аб росьце грашовых даходаў насельніцтва. Што гэта значыцьПрацягваецца эканамічны рэгрэс
У Беларусі намінальны налічаны сярэдні заробак у красавіку 2026 году склаў 2 952,9 рубля — на 22,9 меней (-0,8%), чым у сакавіку, калі гэтая лічба складала 2 975,8 рубля.
Зьніжэньне намінальнага заробку зьяўляецца наўпроставым сыгналам пагаршэньня фінансавых умоў. У макраэканоміцы гэта сьведчыць аб праблемах у бізнэсе (крызіс або зьніжэньне прыбытку) або адміністрацыйных зьменах. Для працаўнікоў гэта азначае падзеньне ўзроўню жыцьця і ў выніку — пакупніцкай здольнасьці.
Усходнія вобласьці ў сэнсе сярэдніх заробкаў традыцыйна адстаюць ад заходніх і Менскай вобласьці. Акрамя таго, у Беларусі істотна расьце розьніца паміж заробкамі чыноўнікаў і народу. У найбяднейшай вобласьці краіны, Магілёўскай, гэта разрыў амаль у 1,5 раза, найвышэйшы ў краіне. У Віцебскай вобласьці, якая ненашмат багацейшая, разрыў таксама велізарны і складае 1,48 раза.