У Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі, што Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак колішняму дырэктару Intex-Press Уладзімеру Янукевічу і зьмяніў тэрмін намесьніку Андрэю Пакаленку.
Суд 8 чэрвеня разгледзеў апэляцыйныя скаргі абвінавачаных у «здрадзе дзяржаве» былых кіраўнікоў баранавіцкай незалежнай газэты Intex-Press Уладзімера Янукевіча і Андрэя Пакаленкі.
У выніку двухдзённага слуханьня судовая калегія Вярхоўнага суду пакінула ў сіле вырак Янукевічу — 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём у калёніі. Андрэю Пакаленку тэрмін зьняволеньня зьменшылі на адзін год — да 11 гадоў.
Прысуд Уладзімеру Янукевічу і Андрэю Пакаленку агучылі 26 лютага ў Берасьцейскім абласным судзе. Абодвух мэдыямэнэджараў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу. Судовы працэс пачаўся 3 лютага і праходзіў у закрытым рэжыме. Справу вёў судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Дзьмітры Куроўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Камітэт абароны журналістаў патрабуе неадкладна вызваліць экс-кіраўнікоў Intex-Press Янукевіча і ПакаленкуПератрусы ў «справе ЭГУ» пачалі на Берасьцейшчыне
У цэнтры «Вясна. Берасьце» паведамілі, што сілавікі пачалі праводзіць ператрусы ў межах так званай «справы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту».
Сілавікі з 2 чэрвеня пачалі перасьледаваць прадстаўнікоў супольнасьці гэтай навучальнай установы. Ператрусы праводзяць як у дзейных, так і былых студэнтаў унівэрсытэту, а таксама ў іхных сваякоў.
Раней праваабаронцы паведамлялі, што ў «справе ЭГУ» прайшло ўжо больш за 30 ператрусаў па ўсёй Беларусі. 14 красавіка 2026 году ўлады прызналі ўнівэрсытэт «экстрэмісцкім». Пасьля гэтага 100 студэнтаў пакінулі ЭГУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У ЭГУ адрэагавалі на масавыя ператрусы ў зьвязаных з унівэрсытэтам людзей у БеларусіЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».