«Зьнішчальнікі хаўрусьнікаў пасьпяхова зьбілі дрон, які ўляцеў у паветраную прастору Латвіі!» — адзначаецца ў паведамленьні.
Бесьпілётнік зьбілі на ўсходзе Латвіі. Паводле мясцовых мэдыя, ён заляцеў у краіну ў выніку выкарыстаньня Расеяй сродкаў радыёэлектроннай барацьбы — гэта азначае, што, імаверна, ішлося пра ўкраінскі бесьпілётнік. Апошнім часам усё часьцей дроны, якімі Ўкраіна атакуе аб’екты на тэрыторыі Расеі, залятаюць у краіны Балтыі. Інцыдэнт у чэрвені, калі латвійскія войскі ня зьбілі дрон, справакаваў урадавы крызіс, у выніку якога зьмяніўся склад ураду і яго кіраўніцтва.
Жыхары двух памежных раёнаў Латвіі раніцай 8 чэрвеня атрымалі папярэджаньне аб паветранай пагрозе. Пазьней паветраную трывогу скасавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новы прэм’ер Латвіі заклікаў спыніць увесь гандаль зь БеларусьсюЧаму гэта важна
З пачатку актыўнага выкарыстаньня дронаў абодвума бакамі вайны пабольшала інцыдэнтаў, зьвязаных з прылётам бесьпілётнікаў — расейскіх і ўкраінскіх — у суседнія эўрапейскія краіны.
За апошнія два гады такія выпадкі фіксавалі ў Польшчы, Літве, Эстоніі, Фінляндыі, Румыніі й Малдове.
Пэрыядычна зьяўляюцца зьвесткі аб парушэньні дронамі паветранай прасторы Беларусі, але ўлады прыхоўваюць інфармацыю аб такіх інцыдэнтах. За ўвесь час вайны прадстаўнікі сілавых органаў усяго некалькі разоў паведамлялі аб агульнай колькасьці бесьпілётнікаў, якія трапілі на беларускую тэрыторыю. Аляксандар Лукашэнка ў пачатку 2026 году прызнаў, што сыстэма абароны Беларусі прапускае чужыя бесьпілётнікі, і выказаў сумнеў, ці здольныя такія сыстэмы зьліквідаваць пагрозу ў 100% выпадкаў. Тады ж стала вядома, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод атачылі сыстэмамі проціпаветранай абароны.
Сёлета ў красавіку начальнік управы камунікацыяў камандаваньня Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат заявіў, што расейскія войскі для забесьпячэньня пралёту сваіх ударных бесьпілётнікаў выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі, а таксама тэрыторыю Малдовы, непрызнанага Прыднястроўя і Румыніі.
2 траўня адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў паведамляў аб запуску зь Беларусі дронаў. Тады ж у Беларусі нібыта паднялі ў паветра некалькі верталётаў, якія пэўны час ляталі прыблізна за 5 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
Трэцяга траўня расейскі дрон пасьля ўзьдзеяньня сродкаў супрацьпаветранай абароны Ўкраіны заляцеў у Беларусь з боку Чарнігаўскай вобласьці.
Згодна з інфармацыяй яшчэ аднаго ўкраінскага каналу, 2 траўня з тэрыторыі Беларусі запусьцілі паветраны балён у кірунку Жытомірскай вобласьці, а ў чарнобыльскую зону з тэрыторыі Беларусі заляцеў адзін расейскі дрон.
Некалькі такіх інцыдэнтаў адбылося і ў красавіку.
Раней стала вядома, што Расея ў другой палове 2025 году разьмясьціла на тэрыторыі Беларусі сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі бесьпілётнікамі, якімі расейскія войскі атакуюць Украіну.