Пецярбург і Ленінградзкая вобласьць
У Ленінградзкай вобласьці, як паведамляюць украінскія маніторынгавыя каналы, тэлеграм-канал ASTRA і мясцовыя паблікі, пачаўся пажар у раёне Вялікай Іжоры. Там разьмешчаны 15-ы арсэнал Вайскова-марскога флёту. Удары наносіліся таксама па Кранштаце. Гэта другі ўдар па Пецярбургу за апошні тыдзень — першы быў нанесены ў дзень адкрыцьця Пецярбурскага эканамічнага форуму, 3 чэрвеня. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін браў удзел у ягонай працы напярэдадні.
Кіраўнік гораду Аляксандар Бяглоў паведаміў пра атаку БПЛА і заклікаў жыхароў не выходзіць на вуліцы са сваіх дамоў.
ASTRA піша, што ў Ламаносаўскім раёне Пецярбургу быў атакаваны НДІ Марской цеплатэхнікі — ключавое прадпрыемства ў стварэньні падводнай зброі, а ў Пецяргофе бесьпілётнікі спрабавалі паразіць нафтабазу. У Кранштаце быў атакаваны марскі кадэцкі корпус.
Пазьней улады паведамілі пра забарону на ўезд і выезд у горад Кранштат і пра «частковую эвакуацыю» ў Ламаносаўскім раёне, дзе пачаўся пажар на вайсковым аб’екце. Забарону на ўезд у Кранштат неўзабаве зьнялі. Паведамляецца, што ў горадзе скасавалі музычны фэстываль «Ветразі Кранштату».
Аляксандар Бяглоў пазьней паведаміў, што ў Пецярбургу ў выніку атакі пацярпелі тры чалавекі, іх ужо выпісалі. Паводле кіраўніка Пецярбургу, «расейскай СПА ўдалося не дапусьціць прычыненьня шкоды».
Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка заявіў, што над рэгіёнам быў зьбіты 141 бесьпілётнік. Колькі не было зьбіта — ён не ўдакладніў. Усяго Мінабароны Расеі заявіла пра больш як 200 зьбітых за ноч БПЛА.
Іншыя рэгіёны
У Вусьць-Лабінску Краснадарскага краю ў выніку атакі бесьпілётнікаў загарэлася нафтабаза.
Пра выбухі і пажар паведамлялася таксама ў горадзе Вузлавая Тульскай вобласьці.
Паведамлялася і пра пажар на Анціпінскім НПЗ у Цюмені. Улады, аднак, заявілі, што ён усчаўся праз парашэньне тэхналягічнага працэсу, а не атакі бесьпілётнікаў. Ад Украіны да Цюмені больш за 2 тысячы кілямэтраў.
У падкантрольнай Расеі Данецкай вобласьці ўдары былі нанесеныя па порце Марыюпалю. У горадзе Зугрэсе загарэлася нафтабаза.
Пра аднаго загінулага паведаміў губэрнатар Цьвярской вобласьці Віталь Каралёў. Паводле яго, «у выніку падзеньня абломкаў БПЛА на аўтамабіль у Ржэўскай акрузе загінуў кіроўца».
Зяленскі: «Расеі трэба завяршаць сваю вайну»
«Мінулай ноччу нашы дроны пераадолелі адлегласьць каля 1000 км да рэгіёну Пецярбургу — да арсэналаў ВМФ ворага і базы ў Кранштаце. А таксама нашы дальнабойныя санкцыі пераадолелі каля 500 кілямэтраў у Краснадарскі рэгіён і ўдарылі па нафтабазе. Расеі трэба завяршаць сваю вайну і спыняць удары па жыцьці. Усякія праявы несправядлівасьці супраць Украіны будуць мець справядлівы адказ. Дзякуй нашым ваярам за трапнасьць», — напісаў прэзыдэнт Украіны.
На акупаванай РФ частцы Луганскай вобласьці абмежавалі перавозку пасажыраў у Крым
Расейскія ўлады так званай «ЛНР», то бок падкантрольнай Расеі Луганскай вобласьці Ўкраіны, афіцыйна ўвялі абмежаваньні на пасажырскія перавозкі па ключавых дарогах у бок анэксаванага Крыму. Адпаведны ўказ падпісаў прызначаны Расеяй кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік, піша «Крым.Реалии».
Таксама забаронена перавозіць групы дзяцей і не рэкамэндуецца ехаць па згаданых ва ўказе дарогах на прыватных машынах.
Ва ўказе гаворыцца, што захады прынятыя ў сувязі зь дзеяньнямі Ўзброеных сілаў Украіны.
У апошнія тыдні рэгулярна паведамляецца пра ўдары ўкраінскіх дронаў па вайсковых аўтамабілях, якія рухаюцца па так званай трасе «Наваросія», што зьвязвае Расею і анэксаваны Крым. Расейскія ўлады заявілі таксама пра гібель васьмі пасажыраў рэйсавага аўтобуса з Масквы ў Сімфэропаль, па якім ударыў бесьпілётнік у Данецкай вобласьці.
Указ Пасечніка стаў яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што расейскія ўлады на фоне атак украінскіх дронаў перасталі лічыць трасу ў Крым бясьпечнай. Гэта ўжо адбілася на забесьпячэньні Крыму палівам і прадуктамі. На паўвостраве цяпер няма бэнзіну ў свабодным продажы.
Сухапутны калідор працягласьцю больш за 630 км зьвязвае Растоў-на-Доне з анэксаваным Сімфэропалем цераз акупаваныя Марыюпаль і Мелітопаль.
Расея ўначы атакавала Ўкраіну 272 дронамі
Зафіксавана пацэльваньне 19 дронаў на 11 лякацыях, а таксама падзеньне абломкаў на 13 лякацыях. На момант публікацыі атакі дронаў працягваюцца.
У пяці абласьцях Украіны — Данецкай, Херсонскай, Запароскай, Харкаўскай і Сумскай — 17 чалавек загінулі і больш за 70 былі параненыя ў выніку расейскіх атак за пятніцу і раніцу суботы.
Памежная служба Ўкраіны заявіла пра рост колькасьці расейскіх дронаў, якія залятаюць празь Беларусь
«Рэжым Лукашэнкі нядаўна абвінавачваў Украіну, што яны штодня бачаць, як баявыя дроны залятаюць з Украіны ў Беларусь, зьнішчаюць памежную інфраструктуру. Гэта такі абсурд зь іх боку, бо фактычна наадварот усё адбываецца і чамусьці іх СПА, як яны пра гэта заяўлялі, якая „бачыць“ дроны з Украіны, не „заўважае“ дроны, якія ляцяць менавіта з Расеі», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Паводле яго, большасьць дронаў, якія запускае Расея па тэрыторыі Ўкраіны для таго, каб ажыцьцяўляць масіраваныя атакі («шахеды», «герберы»), заходзяць празь мяжу Беларусі з Украінай, затым ідуць уздоўж мяжы, «частка потым ідзе менавіта па тэрыторыі Ўкраіны, а частка можа якраз залятаць на тэрыторыю Беларусі, каб ісьці далей і заляцець праз Кіеўшчыну, праз Жытоміршчыну».
«І Беларусь ніякім чынам — я ні разу ня чуў — не асудзіла такія дзеяньні Расеі, якая выкарыстоўвае фактычна паветраную прастору Беларусі для нападаў па Ўкраіне», — заявіў Дземчанка.
Пра актыўную разьведку беларускай тэрыторыі з задзейнічаньнем радыёэлектронных комплексаў, якая вядзецца ўкраінскім бокам, заявіў 26 траўня дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч, піша «Позірк».
«На памежных украінскіх палігонах адпрацоўваюцца пытаньні прымяненьня ўдарных БПЛА, а таксама штурму і захопу будынкаў. На гэтым фоне штодня нашымі сродкамі СПА фіксуецца рэгулярнае перасячэньне мяжы Беларусі ўкраінскімі баявымі БПЛА і іх падзеньне на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта ня выпадковыя атакі, а спробы ўразіць элемэнты памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі», — сказаў Вальфовіч.
Паводле яго, толькі за апошні тыдзень іх было 116, «дзяжурныя сілы па іх ужываліся 59 разоў».