Расейская турыстка наракае ў TikTok’у, што ёй з мужам бадай давядзецца застацца ў Ялце на няпэўны час, бо бэнзіну засталося толькі на 50 кілямэтраў, а гэтага ня хопіць нават да найбліжэйшай запраўкі, дзе, магчыма (але ня факт), яшчэ можа быць паліва.
На іншым відэа ў Instagram’е ў кадры мільгаюць шыльды пры АЗС, дзе «ўсё па нулях». Над пасінелым ад вусьцішы смайлікам напісана: «У Крыме няма бэнзіну».
А вось акторка зь Севастопалю расказвае ў Telegram’е, што «прастаяла тры гадзіны, каб у выніку пачуць, што на гэты дзень бэнзіну ў продажы ўжо не засталося».
Расея захапіла Крым 12 гадоў таму, і з таго часу з забесьпячэньнем тутэйшых 2 мільёнаў жыхароў узьнікаюць то адныя, то іншыя цяжкасьці.
Штогод паўтараюцца праблемы з прэснай вадой. А для дастаўкі прадуктаў, тавараў, тэхнікі і будаўнічых матэрыялаў існуе ўсяго два шляхі: пастаянны аб’ект атак Крымскі мост і 700-кілямэтровая траса па акупаванай тэрыторыі ўздоўж Азоўскага мора, над якой палююць украінскія дроны.
Пасьля шэрагу трапных удараў дронаў па бэнзавозах, грузавікоў на сухапутным маршруце істотна паменела. А па Крымскім мосьце цыстэрны з палівам і іншыя небясьпечныя грузы везьці забаронена з кастрычніка 2022 году, калі там узарваўся грузавік з выбухоўкай. Сёлета на мост перасталі пускаць нават малыя грузавікі вагой больш за паўтары тоны.
Сытуацыя на прыморскай дарозе праз акупаваную тэрыторыю для Расеі «катастрафічная»: рух там «сутыкаецца з значнымі затрымкамі і збоямі праз удары ўкраінскіх сілаў абароны», сказаў украінскі вайсковы аналітык Уладзіслаў Селязьнёў праекту Радыё Свабода «Донбас.Рэаліі» 3 чэрвеня.
«Перавозьнікі, як паведамляецца, ня хочуць адпраўляць аўтацыстэрны з палівам на паўвостраў нават за значна вышэйшую аплату».
Ён таксама адзначыў, што «прапускная здольнасьць Керчанскага мосту істотна абмежаваная», а чыгуначная паромная пераправа праз пратоку «не працуе».
Крым ня едзе. Як жыве акупаваны Расеяй паўвостраў ва ўмовах нястачы паліва
Расейскія чыноўнікі і турыстычныя апэратары спрабуюць прыхарошваць рэчаіснасьць.
«Крым гатовы, і турысты таксама», — гаворыцца ў адным з рэклямных ролікаў на дзяржаўным тэлебачаньні.
«Сытуацыя цяпер крыху пагаршаецца. Гэта зьвязана з вонкавымі чыньнікамі. Усе ўсё разумеюць, усе дарослыя людзі, ніхто ня рве на сабе валасы», — кажа турыстычны экспэрт у рэпартажы дзяржаўнага агенцтва РІА «Новости» і дадае, што сёлетні сэзон будзе ня горшы за леташні.
Але такога дэфіцыту бэнзіну летась не было.
На яго зрэагавалі як украінскія, так і прамаскоўскія блогеры.
- «Трэба ўжо цяпер пачынаць умацоўваць сухапутны калідор у Крым праз Марыюпаль сеткамі або іншымі падобнымі інжынэрнымі рашэньнямі», — піша праваенны расейскі канал «Записки Ветерана».
- «2022: Зусім не хачу зьяжджаць з Крыму. 2026: Зусім не магу зьехаць з Крыму», — іранізуе праўкраінскі канал «Крымский ветер».
- «Мне даводзіцца стаяць у чарзе па бэнзін ад пятай раніцы, — напісала на гэтым тыдні ў сацсетках жыхарка Севастопаля Ксенія. — Мы зь нецярплівасьцю чакаем, калі ўлады вырашаць праблему дэфіцыту бэнзіну, бо нам не падабаецца прачынацца а 4 ці 5-й раніцы, каб ехаць на запраўку».
- Іншы мясцовы жыхар, Андрэй, запосьціў відэа з стрэлкай, якая паказвае поўны бак. «Цяпер гэта раскоша. Запраўкі ўсе сухія. Як жыць? Як дабірацца на працу? Незразумела».