Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмежаваньні на продаж паліва дайшлі да Масквы і Санкт-Пецярбургу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Маскве, Падмаскоўі і Пецярбургу пачалі ўводзіць абмежаваньні на продаж паліва.

У Маскве і Маскоўскай вобласьці абмежаваньні на продаж паліва былі ўведзеныя на запраўках ОРТК, «Лукойла» і «Газпрома», піша MSK1.ru.

  • На АЗС сеткі ОРТК з 30 траўня прадаюць ня больш за 60 літраў бэнзіну або 100 літраў дызэлю аднаму пакупніку.
  • На запраўках «Лукойла» — да 100 літраў бэнзіну.
  • У «Газпрома» абмежаваньні складаюць «100–150 літраў» на бэнзін і дызэль.

2 чэрвеня «Фонтанка» паведаміла пра «часовыя цяжкасьці» з пастаўкамі паліва ў Санкт-Пецярбург. Праз гэта некаторыя запраўкі ў горадзе ўвялі ліміт на продаж бэнзіну — ад 50 да 95 літраў.

Абмежаваньні на продаж паліва таксама ўведзеныя ў Белгародзкай і Курскай вобласьцях, так званай «ЛНР» і анэксаваным Крыме.

Паводле зьвестак крыніцы «Коммерсанта» на паліўным рынку, «калі сытуацыя ня выправіцца», то да пачатку жніўня падобныя праблемы «пашырацца на большую колькасьць рэгіёнаў».

Чаму гэта важна

Хоць закупкамі зь Беларусі немагчыма закрыць дэфіцыт паліва, які ўтварыўся ў Расеі пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ, пра што сьведчаць і расейскія аналітыкі, але беларускія пастаўкі могуць зьмякчыць дэфіцыт, даўшы расейскім заводам час на рамонт. У цяперашняй сытуацыі пры дэфіцыце бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.

Сумарны аб’ём продажаў бэнзіну зь беларускіх НПЗ на расейскай Пецярбурскай біржы вырас у 26 разоў у параўнаньні зь леташнім траўнем.

Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надаючы расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG