На гэтым тыдні ў Баранавічах праводзілі вучэньні міліцыі ў спыненьні масавых беспарадкаў з выкарыстаньнем зброі. Такія вучэньні апошнім часам праходзяць па ўсёй Беларусі. Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што «Трэба ўжываць усе сродкі, у тым ліку агнястрэльную зброю. Мы да гэтага павінны быць гатовыя. Як сказаў прэзыдэнт, паўтарэньня падзеяў 2020 году ў краіне ня будзе». Пра сапраўдныя мэты вучэньняў мы пагаварылі ў «Піку Свабоды» з прадстаўніком ініцыятывы BelPol Уладзімерам Жыгарам.
— Раней падобныя вучэньні ўлады праводзілі пераважна перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у іншыя пэрыяды іх не было. Ці назвалі б вы гэтыя вучэньні незвычайнымі?
— Гэта даволі незвычайная зьява для Беларусі. Прычым увагу прыцягваюць ня столькі самыя вучэньні, колькі спосаб іх правядзеньня. Калі раней такія захады адбываліся на палігонах або на тэрыторыі аэрапортаў, дзе зьбіралі супрацоўнікаў і практыкаваліся ў патрэбных дзеяньнях, то цяпер усё адбываецца наўпрост у гарадах. Залучаецца гарадзкая інфраструктура, перакрываюцца дарогі. Асабліва паказальна тое, што практыкуюцца ў здушэньні менавіта мірных, бяззбройных акцыяў пратэсту на ўзор 2020 году. Гэта відаць на апублікаваных кадрах, дзе супрацоўнікі разганяюць жанчын у белым адзеньні з кветкамі. Такія вучэньні служаць і псыхалягічнай падрыхтоўкай супрацоўнікаў. Калі яны будуць дзейнічаць у рэальнай сытуацыі, перад імі ня будуць стаяць людзі са зброяй або кактэйлямі Молатава. Гэта будуць звычайныя беларусы. Магчыма, нехта зь іх будзе асабіста знаёмы супрацоўнікам — сусед, сябра ці былы аднаклясьнік. І гэтых людзей ім давядзецца затрымліваць — жорстка і брутальна. Рэжым не адмовіўся ад сваёй ранейшай стратэгіі і не зьбіраецца яе зьмяняць. Усё, што будзе патрэбна для захаваньня ўлады ў руках Лукашэнкі, будзе выкарыстана.
— Ці можна меркаваць, што ўлады валодаюць інфармацыяй пра магчымыя будучыя пратэсты? Можа, яны разумеюць, што нейкія іх дзеяньні могуць справакаваць незадаволенасьць у грамадзтве, і таму праводзяць такія вучэньні. Ці маеце разуменьне, што адбываецца ўнутры сыстэмы і чаму гэта робіцца менавіта цяпер?
— У цэлым рыхтаваньне сілавых структураў — звычайная і рэгулярная практыка. Але калі ідзецца пра супрацьдзеяньне масавым акцыям, то цяперашнія акцыі выглядаюць так, быццам яны сапраўды рыхтуюцца да чагосьці канкрэтнага. На сёньняшні дзень цяжка назваць шмат фактараў, якія маглі б выклікаць масавыя пратэсты. Адным зь іх магло б стаць рэзкае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, калі б людзі сутыкнуліся з сур’ёзнымі матэрыяльнымі праблемамі. Аднак цяпер такі сцэнар выглядае малаімаверным. Іншы магчымы фактар — больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны. На сёньня імавернасьць таго, што менавіта гэта можа справакаваць незадаволенасьць, выглядае вышэйшай.
Іншых прычын, якія маглі б вывесьці на вуліцы вялікую колькасьць рабочых, кіроўцаў, працаўнікоў прадпрыемстваў і іншых звычайных грамадзян, зараз не назіраецца. Пры гэтым важна адзначыць: кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў адкрыта дэманструе, што ня лічыць сябе абмежаваным законам. Людзей, якія могуць апынуцца насупраць супрацоўнікаў спэцыяльных падразьдзелаў, фактычна называюць ворагамі, да іх дапускаецца максымальная жорсткасьць.
Калі гаворка заходзіць пра выкарыстаньне агнястрэльнай зброі, забываецца нават уласнае заканадаўства. Закон аб органах унутраных справаў прадугледжвае забарону ўжываньня зброі пры значным зборы людзей, калі могуць пацярпець выпадковыя асобы. Тым ня менш прадстаўнікі ўлады адкрыта кажуць пра гатоўнасьць выкарыстоўваць такую зброю. Гэта яшчэ раз сьведчыць, што рэжым не зьмяніўся і будзе абараняць сваю ўладу якімі-хаця даступнымі сродкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
225 000 рублёў на самакаты. Стала вядома, што летась сілавікі патрацілі больш грошай, чым плянавалася— Магчыма, існуе і прасьцейшае тлумачэньне. Пасьля публікацыі бюджэтных паказьнікаў стала вядома, што на сілавы блёк выдаткавалі больш сродкаў, чым плянавалася. Ці ня можа гэта быць спробай абгрунтаваць патрэбу яшчэ большага фінансаваньня ў будучыні?
— З таго, што вядома з адкрытых крыніц, бюджэт Міністэрства ўнутраных справаў сапраўды павялічыўся. Але трэба разумець, што гэтая структура сама па сабе не стварае даходаў. Трэба павышаць заробкі супрацоўнікам, бо менавіта сілавыя структуры служаць галоўнай апорай захаваньня ўлады. Акрамя таго, існуюць індэксацыі выплат і іншыя выдаткі. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, значныя сродкі выдаткавалі таксама на закупку розных тэхнічных сродкаў, у тым ліку электрасамакатаў. Менавіта таму агульныя выдаткі перавысілі спачатку заплянаваныя межы. Ці азначае гэта, што налета фінансаваньне будзе яшчэ большым? Гарантыяў няма. Але можна дапусьціць, што пры разьмеркаваньні бюджэтных сродкаў перавага будзе аддавацца менавіта сілавым структурам, а не лякарням, дзіцячым садкам або іншым сацыяльным установам. Прычына простая: менавіта сілавыя структуры забясьпечваюць захаваньне ўлады Лукашэнкі.
— Ці можна сказаць, што адна з мэтаў такіх вучэньняў — падтрымліваць у грамадзтве атмасфэру страху? І наколькі гэта эфэктыўна?
— Безумоўна, такія дзеяньні маюць і прапагандысцкі характар. Пра іх апавядаюць як унутры краіны, так і ў асяродзьдзі беларускай эміграцыі. Ім надаюць вялікую ўвагу, іх шырока абмяркоўваюць. Акрамя таго, ёсьць і практычны бок. Для сыстэмы важна, каб супрацоўнікі былі падрыхтаваныя ня толькі псыхалягічна, але і фізычна. Для звычайнага міліцыянта сытуацыі, калі трэба дзейнічаць у поўнай амуніцыі з шчытамі, бываюць нячаста. Таму такую падрыхтоўку трэба рэгулярна падтрымліваць. Такім чынам, вучэньні адначасова маюць функцыю трэнаваньня і функцыю дэманстрацыі сілы. Улады паказваюць, што гатовыя дзейнічаць жорстка. Аднак застаецца адкрытым пытаньне, чаму такая актыўная падрыхтоўка адбываецца менавіта цяпер.
— У 2020 годзе даволі шмат супрацоўнікаў міліцыі пакінулі службу ў знак нязгоды з тым, што адбывалася. Дакладных лічбаў мы ня ведаем. Як вы лічыце, ці стала сыстэма больш ляяльнай да ўлады за гэтыя гады? Ці была эфэктыўнай праведзеная ёю сэлекцыя кадраў?
— Тут пытаньне ня толькі да самой сыстэмы, але і да беларускай эміграцыі, да людзей, якія выступаюць супраць рэжыму. Часта можна пачуць пазыцыю: калі чалавек служыў у сыстэме, значыць, яму нельга давяраць ні пры якіх абставінах. Аднак рэальнасьць больш складаная. Унутры сыстэмы і сёньня ёсьць людзі, якія не падтрымліваюць тое, што адбываецца. Некаторыя зь іх працягваюць перадаваць інфармацыю. Іх не заўсёды ўдаецца выявіць. Але ці стануць яны адкрыта на бок народу ў момант магчымых будучых падзеяў? Маю вялікія сумневы. Хутчэй за ўсё, многія зь іх проста паспрабуюць ня ўдзельнічаць у супрацьстаяньні, але і ня будуць адкрыта падтрымліваць ніводзін бок.