Пра візыт у Беларусь генэральнага дырэктара Галоўнага ўпраўленьня зьнешняй бясьпекі Францыі Нікаля Лернэра паведаміў у сваім тэлеграм-канале экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2020 году Валеры Цапкала. Ён спаслаўся на «крыніцы, вартыя даверу». Крыніца інфармацыйнага агенцтва «Позірк» пацьвердзіла, што візыт Лернэра ў Менск адбыўся на гэтым тыдні па даручэньні прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона.
Паводле Цапкалы, «асаблівая ўвага» падчас візыту Лернэра была нададзеная «пытаньням рэгіянальнай бясьпекі, захаваньню Беларусьсю бязьядзернага статусу і недапушчэньню яе ўключэньня ў расейска-ўкраінскі канфлікт».
Пры гэтым, як і заяўлялася раней у францускіх СМІ, «беларускаму боку была гранічна ясна даведзеная пазыцыя Парыжу адносна магчымых наступстваў для Беларусі ў выпадку яе непасрэднага ўдзелу ў вайне альбо выкарыстаньня беларускай тэрыторыі для дзеяньняў, зьвязаных зь ядзернай зброяй».
«Лукашэнка быў папярэджаны наконт сурʼёзных палітычных, эканамічных і міжнародна-прававых наступстваў, якія могуць наступіць у выпадку далейшай эскаляцыі», — адзначыў Цапкала.
Паводле яго, Лукашэнка «запэўніў францускі бок у тым, што Беларусь ня мае намеру дапускаць агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны са сваёй тэрыторыі і зацікаўленая ў захаваньні міру і стабільнасьці ў рэгіёне».
Таксама экс-прэтэндэнт у прэзыдэнты паведаміў, што «падчас перамоваў абмяркоўваліся пытаньні вызваленьня палітычных зьняволеных, гуманітарная сытуацыя ў Беларусі і пэрспэктывы далейшага ўзаемадзеяньня паміж Менскам і Эўрапейскім саюзам». Асобная ўвага была нададзеная «санкцыйнай палітыцы ЭЗ».
Пра тое, што Макрон дашле на перамовы ў Менск свайго прадстаўніка, Лукашэнка заявіў 29 траўня ў Астане. Тады ён сьцьвярджаў, што візыт адбудзецца 1 або 2 чэрвеня. Лукашэнка тады прызнаў, што Макрон у тэлефоннай размове зь ім 24 траўня папярэдзіў пра наступствы ўступленьня Беларусі ў вайну.