Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок Макрона — «ядзерны»? Пра што Ціханоўская дамаўляецца ў Кіеве? Камэнтуюць Латушка, Фрыдман, Крыжаноўскі

Каляж: Эманюэль Макрон, Аляксандар Лукашэнка, беларуская дэлегацыя на чале са Сьвятланай Ціханоўскай ва Ўкраіне
Каляж: Эманюэль Макрон, Аляксандар Лукашэнка, беларуская дэлегацыя на чале са Сьвятланай Ціханоўскай ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон засьцерагае Аляксандра Лукашэнку ад далейшага ўцягваньня Беларусі ў вайну. Сьвятлана Ціханоўская сёньня ў Кіеве на запрашэньне прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Што адбываецца і наколькі сур’ёзная ваенная пагроза для беларусаў?

Пра гэта ў ПіКу Свабоды кажуць: з Кіева — Павал Латушка, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, з Бэрліну — Аляксандар Фрыдман, палітоляг і гісторык, і са Страсбуру — Яўген Крыжаноўскі, доктар паліталёгіі, дасьледчык Страсбурскага ўнівэрсытэту.

Фрагмэнты зь перадачы

Павал Латушка:

— Беларусь ніколі не была гатовая да вайны так, як на сёньняшні дзень. Гэта выснова, да якой мы прыйшлі, аналізуючы і дзеяньні з 2022 году, і за апошні год з боку рэжыму Лукашэнкі. У пяць разоў вырас бюджэт на ваенную сфэру ў Беларусі за чатыры гады. І хаця гэтая сума 1 мільярд 300 мільёнаў не такая ўжо вялікая, бо эканоміка Беларусі слабая, але гэта паказальна.

Набываюцца новыя ўзоры ўзбраеньняў. Навучаньні адбываюцца «ўнахлёст» — адны сканчаюцца, другія пачынаюцца і дэкляруюцца наступныя. Толькі што адбыліся навучаньні, трэніроўкі баявога прымяненьня ядзернай зброі, што зьяўляецца пагрозай для эўрапейскіх дзяржаў, але таксама і для нас з вамі, беларусаў. Бо Лукашэнка такім чынам малюе мішэнь на галовах беларусаў у Беларусі...

І ў сувязі з гэтым лягічна было, — я так і прадугледжваў, дарэчы, у адным з інтэрвію ўкраінскім каналу, — што будзе з Парыжу і з Бэрліну моцны сыгнал Лукашэнку аб наступствах. Важна падкрэсьліць, што мы былі паінфармаваныя загадзя пра гэты тэлефонны званок і што ў гэтай камунікацыі не было прызнаньня Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта. Бо Елісейскі палац не апублікаваў афіцыйную інфармацыю, інфармацыя была перададзена нефармальна, з колаў, блізкіх да прэзыдэнта Макрона.

Лукашэнку было дакладна сказана, што ён атрымае наступствы, калі чарговы раз паспрабуе прадаставіць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць Украіны. Таксама было сказана, калі ён хоча мець адносіны з Эўрапейскім зьвязам, ён павінен мяняць унутраную рэпрэсіўную палітыку.

Аляксандар Фрыдман:

— Падабенства зь лютым 2022 году выразнае. Тады на Захадзе, прынамсі ў Эўропе, сыходзілі з таго, што Беларусь можа яшчэ больш актыўна быць выкарыстана ў гэтай вайне. Ня толькі тэрыторыі, ня толькі лягістыка, але і баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі, выкарыстаньне беларускага войска — гэта ўсё сцэнарыі, якія на Захадзе разглядаліся.

І вось гэтае распаўсюджваньне вайны, гэты катастрафічны сцэнарый у Эўропе жадалі перадухіліць. Менавіта таму і былі гэтыя спробы з боку Францыі ўзяць на сябе адказнасьць, як ядзернай дзяржавы, адказнасьць за Эўропу і паспрабаваць высьветліць, што там насамрэч адбываецца. Ну і, напэўна, адпаведныя Лукашэнку было патлумачана, якія могуць быць рызыкі, што яго можа чакаць у такім выпадку.

Цяперашні званок адбываецца на фоне заяваў украінскага боку пра тое, што пагроза вайны існуе, прычым гэтыя заявы ідуць амаль кожны дзень і на самым сур’ёзным узроўні...

І першая тэма, якая зьяўляецца ў францускіх паведамленьнях, што гаворка менавіта ідзе пра пагрозу ўцягваньня Беларусі ў вайну. І, дарэчы, Макрон выкарыстоўвае прыкладна тыя ж самыя фармулёўкі, якія выкарыстоўвае Зяленскі. Гаворка не ідзе пра тое, што Лукашэнка актыўна жадае паўдзельнічаць. Ён не выглядае як субʼект у гэтай сытуацыі, ён хутчэй выглядае як абʼект, як той, каго Расея ўцягвае ў гэтую вайну.

Яўген Крыжаноўскі:

— Француская прэса ня надта актыўна адрэагавала на гэты званок. Але ў тых паведамленьнях, дзе цытуюцца нейкія крыніцы, блізкія да прэзыдэнта Макрона, кажуць, што было дзьве мэты ў гэтым званку.

Першае, што гэта трэба разглядаць у кантэксьце эскаляцыі вайны паміж Расіяй і Украінай і магчымай ролі Беларусі ў гэтым канфлікце. То бок, папярэджаньне, каб Беларусь не была ўцягнута ў гэтую вайну яшчэ больш. І другое — гэта сапраўды даць нейкі сыгнал аб спробах з боку францускай і эўрапейскай дыпляматыі неяк адцягнуць Беларусь ад Расеі, неяк зрабіць так, каб Беларусь больш выкарыстоўвала ці паказвала сваю аўтаномію, хай сабе вельмі абмежаваную, у адносінах да Расеі...

Мне падаецца, што гэта ня зможа кардынальна зьмяніць падыход эўрапейскі ці францускі. Гэта больш такія спробы, якія час ад часу зьяўляюцца — чаму б не паспрабаваць, калі ўсё роўна ідзе размова ў кантэксьце эскаляцыі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG