Пра гэта піша Financial Times з спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з ходам перамоваў.
Цяпер амэрыканская ядзерная зброя месьціцца на авіябазах Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны і Турэччыны. Паводле выданьня, амэрыканскія афіцыйныя асобы далі зразумець, што гатовыя разьмясьціць яе і ў іншых краінах.
Поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну і неаднаразовыя ядзерныя пагрозы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна сталі прычынай таго, што некаторыя саюзьнікі ЗША па NATO захацелі разьмясьціць на сваёй тэрыторыі самалёты, здольныя несьці ядзерныя бомбы.
Найбольшы інтарэс праявілі краіны, блізкія да Расеі, у тым ліку Польшча і краіны Балтыі, сказаў суразмоўца Financial Times.
Паводле праграмы сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі NATO, калі саюзьнікі разьмесьцяць у сябе амэрыканскія ядзерныя бомбы, выключнае права на іх выкарыстаньне застанецца за Вашынгтонам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што азначаюць польска-францускія вучэньні з імітацыяй ядзерных удараў па Беларусі? Тлумачаць экспэртыРаней прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон ня выключыў магчымасьці разьмяшчэньня французскай ядзернай зброі пры пэўных абставінах у іншых краінах, падкрэсьліўшы пры гэтым, што загад на яе выкарыстаньне зможа аддаваць толькі французскі прэзыдэнт. Да гэтай ініцыятывы ўжо далучыліся Бэльгія, Вялікая Брытанія, Данія, Грэцыя, Літва, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча і Швэцыя. Цяпер, паводле афіцыйных зьвестак, Францыя мае крыху менш за 300 ядзерных боегаловак.
У красавіку былі анансаваныя вучэньні на ўсходнім флянгу NATO. У небе над Балтыкай і паўночнай Польшчай будуць адпрацоўваць ядзерныя ўдары па цэлях у Беларусі і Расеі.
З 18 па 21 траўня Беларусь і Расея правялі сумесныя вучэньні ў «баявым ужываньні ядзернай зброі і ядзерным забесьпячэньні». Ва Ўкраіне назвалі гэтыя вучэньні беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глябальнай бясьпекі. У Польшчы — «складнікам псыхалягічнай вайны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«У нас ёсьць адна цэль — вельмі сур’ёзная», — Лукашэнка адказаў на заявы КіеваЧаму гэта важна
Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.
Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».
У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.
У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.
У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.