Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай пачаў найбуйнейшае пашырэньне ядзернай інфраструктуры за ўсю гісторыю краіны

Кітайскія ядзерныя магутнасьці на спадарожнікавым здымку
Кітайскія ядзерныя магутнасьці на спадарожнікавым здымку

У пустэльных раёнах Сіньцзяну і ў правінцыі Гансу, недалёка ад межаў Расеі і Манголіі, Пэкін стварае маштабную сетку аб’ектаў для стратэгічных ядзерных сілаў.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы. Новая інфраструктура будуецца побач з раёнам шахтавых пускавых установак Хамі — адным з ключавых цэнтраў разьмяшчэньня кітайскіх міжкантынэнтальных балістычных ракет, здольных дасягаць тэрыторыі ЗША.

Паводле ацэнак аналітыкаў, праект зможа гарантаваць захаваньне кітайскага патэнцыялу ўдару ў адказ нават у выпадку першага ўдару з боку суперніка.

Паводле зьвестак Пэнтагону, Кітай сёньня нарошчвае ядзерны патэнцыял хутчэй за любую іншую краіну сьвету. У сьнежаньскім дакладзе Міністэрства абароны ЗША гаворыцца, што лік кітайскіх ядзерных боегаловак можа вырасьці да 1000 ужо да 2030 году. Амэрыканскія вайскоўцы таксама думаюць, што Пэкін ужо разьмясьціў каля 100 міжкантынэнтальных балістычных ракетаў у трох найбуйнейшых раёнах шахтавага базаваньня.

Адначасна з гэтым Кітай разьвівае сыстэму раньняга апавяшчэньня Huoyan-1. Як думаюць у ЗША, яна здольная выяўляць запуск міжкантынэнтальных ракет на працягу 90 сэкундаз і апэратыўна перадаваць інфармацыю камандаваньню.

Міністэрства абароны Кітаю публікацыю Reuters не камэнтуе.

Чаму гэта важна?

Міжнародны Стакгольмскі інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) летась адзначаў, што на плянэце зноў актывізавалася ядзерная гонка. Актыўна абнаўляюць свае арсэналы амаль усе дзевяць краін, якія валодаюць ядзернай зброяй. ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя і Ізраіль мадэрнізуюць старую зброю і ствараюць новую.

Таксама ў сваім спавешчаньні арганізацыя паведаміла, што раззбраеньне, якое сталася заўважнай тэндэнцыяй пасьля завяршэньня «Халоднай вайны», спынілася, і пачалася новая «гонка ўзбраеньняў».

Ужо тады адмыслоўцы заўважылі, што хоць Расея і ЗША валодаюць прыкладна 90% усёй ядзернай зброі ў сьвеце, кітайскі ядзерны арсэнал расьце хутчэй за ўсё. Ён павялічваецца прыкладна на 100 новых боегаловак штогод з 2023-га. На студзень 2025 году Кітай амаль скончыў будаўніцтва каля 350 новых шахтаў для міжкантынэнтальных балістычных ракетаў.

Таксама ў тым дакумэнце адзначалася, што да 2035 году Кітай патэнцыйна можа мець столькі ж міжкантынэнтальных ракет, колькі Расея ці ЗША, хоць і зь меншым запасам боегаловак.

Яшчэ ў 2023 годзе камісія Кангрэсу ЗША ў стратэгічнай пазыцыі Злучаных Штатаў прыйшла да высновы, што ЗША «больш ня змогуць разглядаць кітайскую ядзерную пагрозу як „меншы выпадак“ за расейскую ядзерную пагрозу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG